«Тут мае карані. З гэтай вёскі – нікуды!..»
— Гэта яшчэ не ўсе, — усміхнуўся дырэктар гаспадаркі Альберт Махмудаў.— Сёлета ён стаў першым у раёне на падрыхтоўцы глебы. Агрэгатамі чызель і АКШ выдаваў за дзень да 40 гектараў, фактычна два заданні. Летась на камбайне КЗС-10 намалаціў 1471 тону зерня і таксама ў сваім класе стаў лепшым. Цяпер вось пачалася касавіца, і за ім самы адказны ўчастак — трамбоўка зялёнай масы. Шмат людзей добрых, працавітых, але такія, як Мікалай Забагонскі, — рэдкасць.
Пакуль Мікалай Забагонскі парадкаваў чарговую порцыю зялёнай масы, мы даведаліся пра ўнікальныя факты з яго біяграфіі. Аказваецца, ён яшчэ ў маладосці вывучыўся на агранома, прычым атрымаў чырвоны дыплом і ажно 12 год быў галоўным тэхнолагам у гаспадарцы. Потым яго выбралі старшынёй мясцовага Коханавіцкага сельскага Савета. Плюс яшчэ 10 год — у начальніках. Здаецца, усё было належным чынам: і заўважалі яго, і хвалілі, і граматы давалі. Толькі вось, як наступала пасяўная ці жніво, не мог знайсці Забагонскі месца ў кабінеце. Цягнула яго ў поле. Садзіўся тады за стол і пісаў заяву на імя старшыні райвыканкама з просьбай адпусціць на пасяўную або ўборку для работы на трактары ці камбайне. Спачатку здзіўляліся, а потым — прывыклі, бо ў полі старшыня Коханавіцкага Савета паказваў майстар-клас, абыходзіў самых знакамітых механізатараў раёна. А дзесяць год таму ён канчаткова пакінуў пасаду чыноўніка і перасеў на трактар.
…Калі надарылася невялікае зацішша, Забагонскі вылез з кабіны, і мы змаглі трохі пагаварыць:
— Мікалай Мікалаевіч, далёка не ўсе разумеюць вашы крокі. Ну, добра, адно папрацаваць месяц-другі на трактары ці камбайне летам. Але пакінуць цёплы кабінет і перасесці на трактар… Як можна было адважыцца?!.
— Тут не адвага. Так душа запрасілася… Я ж да тэхнікі гэтай з маленства прывязаны. У гаспадарцы пасля школы і арміі працаваў вадзіцелем і трактарыстам. Люблю пакапацца ў механізмах. Трактару вось гэтаму, — паказвае на «К-701», — 30 год. Прыцягнулі яго на трох колах з Валынцаўскага ПМК трынаццаць год назад. Перабраў яго поўнасцю, па вінціку, давялося папоркацца, але затое цяпер, можна сказаць, гэта самая ўдарная сіла ў раёне. Не падвёў ніводнага разу. Тое ж і з «Донам» было. Спісалі яго яшчэ «жывым» пасля дваццаці год маёй работы на ім… Але справа не толькі ў тэхніцы. Бачу, што гаспадарцы, асабліва цяпер, патрэбны мае рукі, мой вопыт.
— Даводзіцца цяжкавата, маю на ўвазе ненарміраваны рабочы дзень?
— Пачынаю трамбоўку ў 5 гадзін раніцы і заканчваю ў 8—9 вечара. На гадзіну пазней, чым тыя, хто на падвозцы. Вядома ж, няпроста. Але не скарджуся. Калі работа па душы, то і дзень становіцца карацейшым. На ўзроўні ў нас і зарплата. Сярэднемесячная за мінулы год ў мяне каля шасці з паловай мільёнаў рублёў.
— Ездзілі куды адпачываць?
— Ніводнага разу. Толькі сёлета ўзяў адпачынак, каб прыглядзець гаспадарку: зрабіць такі-сякі рамонт дома і гаспадарчых прыбудоў, назапасіць дроў.
— У вас свой дом?
— Бацькоўскі. І родам адсюль — з Коханавічаў. Прапаноўвалі мне, і не адзін раз, прывабныя пасады ў іншых гаспадарках і месцах, але я наадрэз адмаўляўся. Тут мае карані. З гэтай вёскі я — нікуды!
Уладзімір САУЛІЧ, «БН»
Фота аўтара