Астана: зверка гадзіннікаў
29 мая 2013 года доўга чакалі палітыкі і эксперты па ўсім зямным шары. Менавіта ў гэты дзень прэзідэнты трох ключавых краін па стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза — Расіі, Беларусі і Казахстана — сустрэліся ў Астане, каб узгадніць асноўныя параметры гэтага будучага ўтварэння.
Расія — найбуйнейшая па тэрыторыі краіна свету, уладальніца велізарнага ядзернага арсенала, член Савета бяспекі ААН, краіна, у якой ажыццяўляецца прамысловая здабыча ледзь ці не ўсіх магчымых відаў сыравіны. Казахстан вядомы як дзявятая па памеры тэрыторыі краіна свету і ўладальнік вялізных запасаў урану, нафты, газу, золата і іншых карысных выкапняў. Беларусь, хоць і валодае параўнальна невялікай тэрыторыяй і найменшым насельніцтвам у тройцы, тым не менш мае сур'ёзны навукова-тэхнічны і прамысловы патэнцыял і выгадна размешчана з пункту гледжання геапалітыкі.
Пры гэтым усе тры дзяржавы з'яўляюцца былымі рэспублікамі СССР, што з'яўляецца дадатковым фактарам, які распальвае інтарэс у свеце да новага інтэграцыйнага ўтварэння. Ці будзе яно імкнуцца да вяртання таго вялізнага ўплыву ў свеце, які меў Савецкі Саюз, і як яго з'яўленне адаб'ецца на цяперашнім сусветным балансе буйных дзяржаў і інтэграцыйных утварэнняў? Ці далучацца да яго іншыя былыя рэспублікі СССР, і якія менавіта?
Дадатковую інтрыгу сустрэчы надавала запрашэнне паўдзельнічаць у пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета прэзідэнтаў Кыргызстана і Украіны. Пры гэтым, калі ў дачыненні да Кыргызстана ўсё ўжо было, у прынцыпе, зразумела — яго кіраўніцтвам было прынята прынцыповае рашэнне аб далучэнні да працэсаў еўразійскай інтэграцыі яшчэ ў 2011 годзе, то пытанне з удзелам Украіны так і заставалася загадкай. Украіна, другая па колькасці насельніцтва славянская краіна ў свеце, размешчаная паміж Еўрасаюзам і Расіяй, ужо больш як дзесяцігоддзе з'яўляецца полем для супрацьстаяння абодвух цэнтраў сілы. У Расіі цудоўна разумеюць, што еўразійская інтэграцыя без Украіны паўнавартаснай быць не можа, а Еўрасаюзу важна, каб Украіна заставалася на яго боку, не далучаючыся да сур'ёзных інтэграцыйных праектаў з Масквой.
Пасяджэнне Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета як апраўдала, так і не апраўдала ўсіх чаканняў. Шэраг пытанняў на ім былі вырашаны, а шэраг адкладзены на будучыню. З найбольш важных рашэнняў варта адзначыць пацвярджэнне, што Еўразійскі эканамічны саюз, як і дамаўляліся раней, уступае ў сілу з 1 студзеня 2015 года. Таксама было адзначана, што адначасова спыніць існаванне ЕўрАзЭС, як больш нізкая форма інтэграцыі. Украіна дамовілася, што далучыцца да Мытнага саюза ў якасці назіральніка. У дачыненні да Кыргызстана было пацверджана, што ён будзе ўдзельнікам еўразійскіх інтэграцыйных аб'яднанняў, як і было дамоўлена раней. Была дасягнута дамоўленасць аб унясенні змяненняў у рэгламент па пытанні дзейнасці Еўразійскай камісіі па правядзенні міжнародных перагавораў у сферы гандлю, падпісана пагадненне аб інфармацыйным узаемадзеянні ў сферы статыстыкі. Таксама прынята рашэнне аб асноўных арыенцірах макраэканамічнай палітыкі ўдзельнікаў аб'яднання на 2013—2014 гады і дасягнута дамоўленасць аб канцэпцыі ўзгодненай аграпрамысловай палітыкі дзяржаў — членаў Мытнага саюза і ЕЭП. Будуць таксама прыкладзены сур'ёзныя намаганні па стварэнні інтэграванай інфармацыйнай сістэмы знешняга і ўзаемнага гандлю Мытнага саюза. Яна дапаможа мець больш дакладную інфармацыю аб аб'ёмах гандлю і відах тавараў, што важна пры распрацоўцы агульных стратэгій і канцэпцый.
Да тых пытанняў, па якіх пакуль не ўдалося ўзгадніць асноўныя пазіцыі, прэзідэнты прынялі рашэнне вярнуцца падчас двух наступных пасяджэнняў Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета — у кастрычніку ў Мінску і ў снежні ў Маскве. Тое, што рашэнне іх было адкладзена, не з'яўляецца падставай для песімізму. Еўразійскі эканамічны саюз ствараецца надоўга, і гарантыяй яго трываласці з'яўляецца старанны ўлік усіх спрэчных пазіцый і дасягненне разумных кампрамісаў па кожнай з іх. Залішняя паспешлівасць на цяперашнім этапе немэтазгодная.
Акрамя сустрэчы ў рамках Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета, Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у двухбаковай сустрэчы з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым. Ні для каго не сакрэт, што як асабістыя ўзаемаадносіны прэзідэнтаў, так і беларуска-казахстанскія адносіны ўяўляюць сабой прыклад сапраўднай дружбы. Нягледзячы на тысячы кіламетраў, што раздзяляюць краіны, заўсёды ідзе абмеркаванне дзясяткаў перспектыўных праектаў, у дачыненні да некаторых з іх краіны ўжо распачалі супрацоўніцтва. Адна з галоўных задач Казахстана — выбудаваць сучасную індустрыяльную базу для паступальнага развіцця сваёй эканомікі — знаходзіць поўнае разуменне і падтрымку ў Беларусі. У яе рэалізацыі актыўна ўдзельнічаюць буйныя беларускія прадпрыемствы, якія ўзводзяць зборачныя прадпрыемствы на казахстанскай зямлі. Прэзідэнт Беларусі ў гэтай сувязі адзначыў: "У нас нямала праектаў і амаль няма ніякіх праблем у іх рэалізацыі. Гэта сведчыць пра ўзровень нашага супрацоўніцтва". Добры патэнцыял ёсць і ў развіцці таваразвароту. Толькі за 2012 год Беларусі ўдалося ажыццявіць пастаўкі па 116 новых відах экспарту, а ўсяго іх колькасць дасягнула 544. Таваразварот па выніках 2012 года склаў 942,8 млн долараў, а з улікам паслуг (99,8 млн долараў) аб'ём знешняга гандлю перасягнуў знакавую мяжу ў мільярд долараў. Важным для Беларусі з'яўляецца тое, што на працягу апошніх пяці гадоў дадатнае сальда таваразвароту пастаянна расце, што карысна для нашай краіны па прычыне неабходнасці прытоку замежнай валюты.
Адной з галоўных перспектыў будучыні з'яўляецца прыцягненне казахстанскіх партнёраў да рэалізацыі інвестыцыйных праектаў на тэрыторыі Беларусі. Казахстан, у сілу нарастальнага экспарту прыродных рэсурсаў, валодае сур'ёзнымі валютнымі рэзервамі, частка з якіх можа паслужыць для мадэрнізацыі беларускіх прамысловых прадпрыемстваў. Гэта дазволіць больш цесна звязаць эканомікі дзвюх краін, што будзе пазітыўна ўплываць і на эканамічнае супрацоўніцтва ў рамках еўразійскіх інтэграцыйных працэсаў. Важным фактарам для далейшага развіцця таваразвароту з'яўляецца і перапрацоўка казахстанскай нафты на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах, якая плануецца ў будучыні. Акрамя гэтага, ёсць сур'ёзныя перспектывы і ў планаў па стварэнні сумесных беларуска-казахстанскіх карпарацый, якія будуць рэалізоўваць маштабныя праекты на сусветнай арэне.
Сяргей КІЗІМА,