Дома сумна. Падарожжа дванаццатае. Вулкан
Што такое жыццё? Гэта манітор камп'ютара? Гэта праца-канапа-сям'я-хоббі-ноч-праца-дзень-ноч-праца-пятніца-цыцкі-бухло? Ці ёсць жыццё за Мінскай кальцавой? А мы — ёсць? Хто мы, дзе мы, навошта мы? А дзе астатнія? І хто тыя астатнія, тыя дзевяць мільёнаў чатырыста шасцьдзесят пяць тысяч і яшчэ два чалавекі? Дзе яны пахаваліся? Мы ідзём шукаць! |
♦ Падарожжа першае. Івакі
♦ Падарожжа другое. Кольна
♦ Падарожжа трэцяе. Жалезнікі
♦ Падарожжа чацвёртае. Дуравічы
♦ Падарожжа пятае. Неглюбка
♦ Падарожжа шостае. Зялёны Мох
♦ Падарожжа сёмае. Гарохаў (Чэхі)
♦ Падарожжа восьмае. Петрыкаў-Галубіца-Снядзін
♦ Падарожжа дзевятае. Губарэвічы♦ Падарожжа дзесятае. Любоў і Верны♦ Падарожжа адзінаццатае. Епіфань і Каралін
Вулкан (Лоеўскі раён) — вёсачка з адной вуліцы, якая называецца проста — Цэнтральная.
]
Заснаваная вёска была недзе ў 20-х гадах мінулага 20-га стагоддзя. І гісторыя назвы, калі верыць мясцовым (а чаму б не верыць?) таксама простая. Тэрыторыя гэтая да засялення была (і ёсць) узгоркам, які імкнуўся з раўнінных Малінаўкі і Удалёўкі да шырокай дарогі на Брагін. Таму паселішча і назвалі — Вулкан. Кшталту такая гара, узвышша. Вёска размешчана ў нейкім кіламетры ці менш ад Малінаўкі, дзе цэнтр — крама, клуб, школа. Можна сказаць, што Вулкан — такі «прыгарад» Малінаўкі, якая мае статус аграгарадку.
Варта заўважыць, што да жыхара Вулкана Арсеня Пратасава мы трапілі не выпадкова, бо да вандроўкі прачыталі цікавую кнігу «Лоеўшчына... Бэзавы край, песенны рай» (Сучасны стан традыцыйнай культуры Лоеўшчыны). З кнігі мы даведаліся шмат новага, напрыклад, пра стварэнне свету, пра Бога, пра з'яўленне чарапахі, буслоў, вядзьмарак і іх функцый, а таксама прачыталі замовы ад усялякіх нячысцікаў. Але пра гэта пазней. Менавіта Арсень Пратасаў шчодра падзяліўся з аўтарамі кнігі ведамі пра сівую даўніну, рознымі легендамі і замовамі ад гадаў і вядзьмарак.
Але нам пенсіянер параіў усё-такі не кідацца ва ўсякія замовы, завароты і адвароты, а верыць у Бога і яму маліцца. І розным святым.
Па меркаванню 81-гадовага селяніна, зараз усё гора ад таго, што «вялікую ролю і функцыю пачала адыгрываць гарэлка». Арсень Пратасаў працаваў у калгасе ўсё жыццё, быў перадавіком вытворчасці, пра што сведчаць шматлікія граматы, медалі, удзячнасці ад ўладаў. Але зараз, кажа пенсіянер, гэтыя паперкі ўжо нікога не цікавяць і нікому не патрэбныя.
Раней, кажа пенсіянер, была Партыя, куды можна было звярнуцца са ўсякай нагоды. Зараз жа, па яго меркаванню, няма куды і паскардзіцца, бо не ведаеш — куды, няма такой інстанцыі.
Цікавую гісторыю мы пачулі ад яго жонкі Марыі. Маўляў, калі Арсень з рання і да ночы працаваў у калгасе на пасяўной і ўборачнай, то жанчыне прыходзілі лісты з райвыканкаму ад начальнікаў з просьбамі забяспечыць за мужам належны дагляд, «узяць на сябе ўсе хатнія клопаты, і каб Ваш муж з радасцю ішоў на працу, і з радасцю вяртаўся дахаты, і не меў ніякіх трывог». Праўда, лісты тыя не захаваліся, на жаль.
Наведалі мы і апошняга ветэрана Малінаўскага сельскага Савету Аляксандра Дваракоўскага. Але размаўляць асабліва ён з намі не хацеў. Жонка яго сказала, што ён лянуецца размаўляць, ці не хоча, ці не лічыць нас вартымі суразмоўцамі, але вельмі нам была ўдзячная, што не забылі мы ветэрана, які з пятнаццаці гадоў ваяваў у партызанах, а потым служыў на флоце.
Жыве ў Вулкане, а працуе ў Малінаўскім доме культуры такі чалавек — Анатоль Серабракоў. Ён шчыра захапляецца роднымі мясцінамі, людзьмі, гісторыяй роднага краю, нават збірае матэрыял на кнігу пра Малінаўку і вакольныя вёскі.
Працуе ён і акампаніятарам, і мастаком-афарміцелем, і піша артыкулы для раённай газеты. Вёску Вулкан ён ласкава называе «вёскай дваццаці бяроз» — менавіта столькі дрэў расце каля вясковых хат.
Цэнтральным культурным мерапрыемствам для моладзі ў вёсцы пакуль застаецца дыскатэка ў клубе. Але ў будні прыходзяць на танцы, па словах Анатоля Іванавіча, тры-чатыры чалавекі. І каля дваццаці — у выходныя. Разам з тым, кіраўніцтва патрабуе выканання платных паслуг. Толькі цікава, як жа іх выконваць (план — каля мільёна ў месяц), за кошт чаго і каго? Можа, здаваць у арэнду шашкі-самаробкі з пластыкавых бутэлек?
На развітанне Анатоль Іванавіч выканаў для нас на баяне «Малінаўскі вальс». Неяк так самотна і сумна стала на сэрцы, слухаючы вальс у пустой актавай залі.
А каб вам не было сумна, прыводзім некаторыя ўрыўкі з кнігі пра традыцыйную культуру Лоешчыны.
Напрыклад, замовы. Ёсць замовы ад ведзьмаў, ад крывацёку, каб не балелі зубы, ад зляку, суроку, каб добра расла капуста, ад сабакі, на тое, каб памірыць мужа з жонкай, ад гадзюкі, ад суду, у дарогу, на добры сон. Ёсць нават такая замова «Каб не крычалі на цябе». «Я іду на суд, насустрэчу мне гроб нясуць. Уперадзе замок адкрыты, на 12 дзвярэй — 12 замкоў, дык закрый ім, Госпадзі, рукі і зубы».
Шмат ведаюць вясковыя людзі пра розных русалак, хлеўнікаў, хатнікаў, лесавікоў, чарцей, вадзянікоў. Куды не пойдзе селянін — тут чакае яго нейкая нечысць, ці ў лесе, ці ў хаце, ці ў хляве. Трэба шмат што ведаць, каб супрацьстаяць гэтаму чорнаму небяспечнаму свету. Ведзьмы — самыя страшныя, яны могуць і ў свінню ператварацца, і ў кола, і ў гарбуз, і ў чорную котку — абы толькі шкодзіць чалавеку.
З кнігі мы даведаліся, чаму ў асы кароткае жыццё. Было яно так. «Аса пайшла к Богу і кажа: Еслі я ўкушу чалавека, ён должан умерці». А Бог: «Еслі ты так кажаш, дык умірай сама». Рассудзіў па справядлівасці».
Таксама мы даведаліся, што раней чарапахі, на якіх і стаяў свет наш, людзей, аказваецца, елі.
«Калісь чарапаха ела людзей. Ну што, Бог ідзе, а яна чалавека есць. Дык Ён і кажа: «Не, мая дарагая, больш ты есць чалавека не будзеш». І здзелаў, што на чарапахі етый чэрап на че паклаў. Дык цяпер яна б рада каго-нібудзь укусіць, ды ўжо не павернецца. От так. Яна не павернецца, таму што Бог накінуў чэрапа. Такой, шо ты калі біў яго, бей яго — не разаб'еш. Можа толькі тапаром. Вось табе якая чарапаха».
Таксама мы абагаціліся ведамі, што насамрэч камні растуць, а бусел — гэта чалавек, які нёс па загаду Бога вужоў і жаб ў мяшку, усялякіх гадаў, ды выпусціў іх. І загадаў Бог тады іх збіраць па зямлі. Так чалавек стаў буслам. Натуральна, забіваць яго нельга.
Людзі, аказваецца, могуць і з чортам дагаварыцца. Вось адна жанчына распавядае ў кнізе, што збіралася яна пераязджаць на новае месца, склала рэчы, легла спаць. «Ноччу чую, што нехта цягне адзеяла. Адкрыла вочы і ўбачыла некалькі чарцянят. Яны паціх сцягвалі маё адзеяла. І тут я ім кажу: «Дайце мне паспаць, я заўтра ўязджаю». І яны зніклі».
Такі дзіўны неверагодны казачны свет! Нездарма ж адзін святар казаў, што Палессе заўсёды было складаным рэгіёнам для евангелізацыі, бо шмат тут было і ёсць чараўнікоў і варажбітак усялякіх.
Алена ГЕРМАНОВІЧ