Колькі каштуе сабрацца на выпускны баль? (+табліца коштаў)
Каб сабраць дзяўчыну альбо хлопца на выпускны, спатрэбіцца, як мінімум, 2 мільёны рублёў, а як максімум, – 5 мільёнаў 700 тысяч і 4 мільёны 300 тысяч рублёў адпаведна.
Карэспандэнтка “РГ” пашпацыравала па крамах, цырульнях і салонах прыгажосці і высветліла, колькі грошай трэба мець у кішэні, каб на балі быць сапраўднай прынцэсай альбо прынцам.Спачатку трэба высветліць, наколькі гэтая падзея для вас значная і важная. Ад гэтага залежыць, колькі пунктаў будзе ў вашым спісе таго, аб чым трэба паклапаціцца падчас падрыхтоўкі.
Збіраем хлопца
Хлопцам крыху прасцей: галоўнае, каб касцюмчык сядзеў. Ну і да яго пасавала сарочка ды гальштук. А за 530 тысяч рублёў можна набыць туфлі самых розных моладзевых мадэляў.
Калі ж у вас поўныя кішэні грошай і хочацца шыку, то не забудзьце пра запінкі і гадзіннік.
Збіраем дзяўчыну
Пачнём з сукенкі. У крамах можна знайсці (з пэўнымі намаганнямі) розныя стылевыя варыянты. Кошты на іх не большыя, чым на рынку. Ёсць трэці варыянт – узяць напракат. У апошнім выпадку за сукенку вам давядзецца аддаць 150 тысяч рублёў за суткі карыстання.
Варыянты туфель таксама ёсць. Прычым і скураных, і не. Апошніх, вядома, нашмат больш, бо за натуральнасць трэба плаціць і часам у некалькі разоў больш.
Упрыгожванні ў крамах на любы густ. Кошт залежыць ад матэрыялу. Біжутэрыя вас дакладна не абанкруціць. Больш дарагі, але ўсё роўна даволі бюджэтны варыянт, – набыць нейкія пасярэбраныя ці пазалочаныя ўпрыгожванні. Ну, і не толькі на адзін вечар, а на ўсё жыццё вы можаце набыць срэбра ці золата.
Кошт прычоскі, макіяжу, манікюру ды педыкюру залежыць ад прэстыжнасці салона. Тут ужо вырашайце самі, чыім рукам сябе даверыць.
Ад сёлетняй выпускніцы
Сваімі адчуваннямі напярэдадні выпускнога дзеліцца сёлетняя выпускніца гімназіі-каледжа мастацваў Маладзечна Маша Доўгер.
– Для мяне выпускны мае велізарнае значэнне, бо такое бывае толькі аднойчы. У пэўным сэнсе, гэта пачатак новага жыцця. І калі шчыра, то перад гэтым новым ёсць нават нейкі страх.
Падрыхтоўка да выпускнога цяпер ідзе вельмі бурна. Прадумваю свой убор, бо гэта адзін з найважнейных аспектаў выпускнога. Я дзяўчына, і мне хочацца выглядаць на ўсе 100. Манікюр, прычоска, туфлі, аксесуары… Асабліва складана выбраць сукенку.
Гэты год быў вельмі напружаны. Але, з іншага боку, было і вельмі весела. Мы асабліва пасябравалі нашым класам і пачалі праводзіць разам нашмат больш часу, чым гэта было раней.
“Праграма мінімум і максімум” | |||
З чаго складаецца | |||
вобраз выпускніцы: | вобраз выпускніка: | ||
кошт | кошт | ||
сукенка | 350 тысяч – 1 мільён рублёў | касцюм | Ад 1 мільёна 100 тысяч да 2 мільёнаў рублёў |
туфлі (трэба падумаць і пра больш камфортны варыянт абутку, напрыклад, балеткі) | Туфлі ад 270 да 700 тысяч рублёў Балеткі ад 180 да 600 тысяч рублёў | сарочка | Ад 200 да 700 тысяч рублёў |
калготы ці панчохі (і лепш мець некалькі пар) | Ад 20 да 80 тысяч рублёў | туфлі | 400 – 600 тысяч рублёў |
бялізна | Ад 150 да 500 тысяч рублёў | рэмень | 80 – 100 тысяч рублёў |
пінжак (ці нешта іншае, што можа выратаваць, калі стане холадна) | 500 – 600 тысяч рублёў | гальштук альбо бабачка | 80 – 100 тысяч рублёў |
прычоска | Ад 70 да 350 тысяч рублёў | шкарпэткі | 8 – 20 тысяч рублёў |
упрыгожванні (завушніцы, бранзалеты, пярсцёнкі) | Ад 150 тысяч да 1 мільёна рублёў | упрыгожванні (запанкі, заціск) | Ад 180 да 800 тысяч рублёў |
сумачка | Ад 180 да 480 тысяч рублёў | ||
макіяж | Ад 120 да 170 тысяч рублёў | ||
манікюр | Ад 60 да 70 тысяч рублёў | ||
педыкюр | Ад 130 да 150 тысяч рублёў | ||
Сума (сярэдні кошт): амаль 4 мільёны рублёў | Сума (сярэдні кошт): амаль 3 мільёны 200 тысяч рублёў |
Настасся РОЎДА.