Галоўнае песеннае шоу Еўропы фінішуе
Ужо сёння ўначы пытанне, хто стане новым трыумфатарам "Еўрабачання", страціць сваю актуальнасць. Магчыма, спраўдзяцца прагнозы букмекераў, якія прымаюць стаўкі на юную спявачку з Даніі Эмілі дэ Форэст з каэфіцыентам 4 к 6. Але таксама цалкам магчыма, што сімпатыі гледачоў перакінуцца на кагосьці з аўтсайдараў, аўтарытэт прафесійнага журы, у сваю чаргу, супрацьпаставіць гэтаму выбару яшчэ некалькі варыянтаў... На тое "Еўрабачанне" і шоу, каб не пераставаць здзіўляць.
Два тузіны і яшчэ двое
16 мая шчаслівыя білеты ў фінал здолелі атрымаць канкурсанты з Азербайджана, Арменіі, Венгрыі, Грузіі, Грэцыі, Ісландыі, Мальты, Нарвегіі, Румыніі і Фінляндыі. Кампанію ім складуць прадстаўнікі 5 краін-заснавальнікаў "Еўрабачання" (Вялікабрытаніі, Германіі, Іспаніі, Італіі і Францыі), а таксама і леташняй краіны-пераможцы Швецыі. Прычым, калі Швецыя зрабіла стаўку на хараство маладосці, абраўшы сваім прадстаўніком 22-гадовага ўдзельніка бойз-бэнда Робіна Шэрнберга, то Вялікабрытанія аддала перавагу вопыту сталасці, які акумулюе знакамітая 61-гадовая рок-спявачка Боні Тайлер (на яе рахунку ўжо больш за 20 сольных альбомаў). Германія спыніла выбар на трыа "Саsсаdа", які выступае ў стылі еўрадэнс, Іспанію прадставіць гурт з этнічным ухілам "Еl Suеnо dе Mоrfео", а гонар Італіі будзе абараняць пераможца славутага фестывалю Сан-Рэма 2013 Марка Менгоні.
Усяго ж у фінале "Еўрабачання-2013" выступяць прадстаўнікі 26 краін.
Геаграфія з матэматыкай
Такім чынам, у фінале "Еўрабачання" аказаліся 7 краін СНД, уключаючы былога члена садружнасці Грузію, і 17 краін Еўрасаюза. Інтрыга "Усходняя Еўропа супраць Скандынавіі" таксама захоўваецца. Праўда, на жаль, прадстаўнікоў ніводнай балканскай краіны ў фінальным шоу мы не ўбачым.
Паводле выбару арганізатараў конкурсу, Літва, Беларусь і Расія выступяць у першай палове фіналу. Нашай прадстаўніцы Алене Ланской з песняй "Sоlауоh" дастаўся нумар 8, канкурсанту з Літвы — нешчаслівая, па назіраннях экспертаў, 2 пазіцыя, спявачцы з Расіі Дзіне Гарыпавай — нумар 10. Прадстаўніца Украіны Злата Агневіч выступіць у другой палове шоу пад нумарам 22. Адкрые сённяшні канцэрт спявачка з Францыі Амандзін Буржуа, а закрые — прадстаўнік Ірландыі Раян Долан.
Простая мова
"Уся наша каманда вельмі ўдзячная за падтрымку сябрам і прыхільнікам, — падзяліўся напярэдадні фінальнага канцэрта прадзюсар Дзмітрый Баранаў. — Нават тут, далёка ад радзімы, мы яе добра адчуваем. І сёння ваша падтрымка Алене яшчэ вельмі спатрэбіцца. А мы, у сваю чаргу, зробім усё ад нас залежнае і нават крыху больш, каб не расчараваць гледачоў".
Без калькулятара не разбярэшся
Нагадаем, паводле новых правілаў конкурсу, сёлета і публіка, і суддзі ацэньваюць не 10 найбольш упадабаных кампазіцый, а выступленне кожнай краіны, за выключэннем свайго ўдзельніка. Такім чынам, як мяркуюць арганізатары, у іх, па-першае, атрымаецца перамагчы галасаванне суседзяў і дыяспар, а па-другое, "на выхадзе" атрымаецца максімальна аб'ектыўны рэйтынг усіх кампазіцый. У фінале ж галасаванне гледачоў і прафесіяналаў будзе аб'яднана ў звыклую схему: 12 балаў песні-лідару рэйтынгу, 10 — уладальніку 2 месца ў галасаванні і г.д. да 1 бала. Акрамя таго, назіральнікі Еўрапейскага вяшчальнага саюза будуць пільна адсочваць за спробамі фальсіфікацыі і накруткі галасоў, пры неабходнасці анулюючы іх.
Разабрацца адразу, якая краіна колькі балаў атрымае па новай сістэме, даволі складана. Але зразумела, што больш ці менш "сярэднія" кампазіцыі, якія не выклікаюць непрыняцця, могуць апынуцца ў рэйтынгу значна вышэй за песні, што выклікаюць палярныя эмоцыі, ад любові да нянавісці.
Вікторыя ЗАХАРАВА