Беларусь — Украіна:стратэгія добрасуседства
Унікальнае даследаванне беларуска-ўкраінскіх стасункаў зрабіў гісторык Дзяніс Юрчак
Украіна — самая вялікая ўнутрыкантынентальная краіна Еўропы з насельніцтвам больш за 45 мільёнаў чалавек. Менавіта яна першай у свеце прызнала суверэнітэт Беларусі і ўстанавіла з нашай рэспублікай дыпламатычныя адносіны. Украіна першай сярод краін СНД адкрыла і сваё пасольства ў Беларусі. І, па сутнасці, Беларусь і Украіна сталі першымі дзяржавамі былога СССР, якія падпісалі паміж сабою дагавор аб дзяржаўнай мяжы — у 1997 годзе. Значэнне даследавання намесніка дэкана гістарычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава Дзяніса Юрчака падкрэслівае і той факт, што яно выклікала цікавасць за межамі Беларусі.
Карэспандэнт "Звязды" пагутарыў з аўтарам і падчас размовы пачуў шмат цікавых фактаў.
— Манаграфія, аўтарам якой я з'яўляюся, мае назву "Беларусь — Украіна: 20 гадоў міждзяржаўных адносін". Мне прыемна, што ўступнае слова напісаў Віталь Уладзіміравіч Курашык, першы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь ва Украіне ў 1993—2001 гадах, які быў адным з першых чытачоў гэтай працы. Дарэчы, цікава, што ён стаў паслом Беларусі, хаця быў грамадзянінам Украіны. Пры гэтым яму было ад чаго адмаўляцца, бо да моманту свайго прызначэння на пасаду пасла Віталь Курашык узначальваў Савет Міністраў Крыма — а гэта вельмі "хлебнае месца". У дадатак ён быў яшчэ і дэпутатам Вярхоўнай Рады. Нягледзячы на гэта, прыняў прапанову Беларусі і ўзначаліў беларускае дыппрадстаўніцтва, бо быў ураджэнцам беларускай зямлі, а галоўнае — патрыётам. Ён адзіны з паслоў ва Украіне меў прамую сувязь з прэзідэнтам гэтай краіны, ведаў асабіста ўсю палітычную і эканамічную эліту нашай паўднёвай суседкі, што вельмі дапамагала ў працы.
— "Манаграфія Дзяніса Юрчака пра беларуска-ўкраінскія адносіны — гэта сур'ёзная навуковая праца, заснаваная на дакументах, фактах і шматлікіх публікацыях у СМІ. Аўтар аб'ектыўна і крытычна прааналізаваў вопыт супрацоўніцтва дзвюх суседніх суверэнных дзяржаў, што важна і каштоўна як для гісторыі, так і для будучыні", — так былы пасол напісаў пра вашу працу. А чаму вы асабіста зацікавіліся адносінамі Беларусі менавіта з Украінай?
— Мой бацька — украінец, нарадзіўся на Вінніншчыне. Таму гэтая тэма блізкая мне не толькі ў сувязі з работай над кнігай. І хаця сам я грамадзянін Беларусі, нарадзіўся непадалёк ад Расіі — на Лёзненшчыне, тым не менш ніякіх праблем з украінскай мовай і разуменнем рэалій Украіны ў мяне не ўзнікала.
— Пытанне дзяржаўнай мяжы — адно з ключавых у адносінах нашых краін. 1084 кіламетры — працягласць мяжы Беларусі з Украінай, яна другая па працягласці — пасля мяжы з Расіяй. Чытачам, напэўна, будзе цікава даведацца пра яе больш падрабязна, у тым ліку прачытаць аб тым, як Прэзідэнт Беларусі дазволіў украінцам збіраць ягады на нашай тэрыторыі.
— Гэта насамрэч унікальны выпадак у гісторыі міждзяржаўных адносін. Размова ідзе пра буйнейшы ў Еўропе Мэрлінскі палігон (ці як часта яго называюць — Мэрлін), дзе раней актыўна трэніраваліся савецкія лётчыкі і ракетчыкі. Падчас будаўніцтва палігона — у 1960-х гадах — нашых суграмадзян перасялілі ва Украіну з Беларусі. Адна з пераселеных вёсак называлася Мэрлінскія хутары — адсюль і пайшла такая незвычайная назва. Фармальна гэтыя людзі зараз маглі быць нашымі грамадзянамі. Але ўсё змянілася. На закінуты палігон з Беларусі патрапіць вельмі складана. Гэта забалочанае месца (у тым ліку вялікія балоты Гало і Чырвонае) і амаль поўная адсутнасць дарог.
І калі трапіць туды з Беларусі праблема, то з тэрыторыі Украіны — лёгка. Там шмат дзікарослых ягад — у сезон іх можна збіраць тонамі. Гэтым і займаюцца актыўна жыхары памежных сёл (колькасць жыхароў некаторых перавышае некалькі тысяч). Нашы памежнікі шмат разоў затрымлівалі ўкраінцаў, якія быццам бы выпадкова парушалі недэмаркіраваную на мясцовасці мяжу ў пошуках ягад. Былі прыклады, калі за дзень вярталі ва Украіну па 300 чалавек. Але гэта не стрымлівала зборшчыкаў ягад, бо мясцовым жыхарам часта такім чынам прыходзіцца зарабляць на жыццё ў небагатым прыгранічным раёне. У сувязі з тым, што з беларускага боку ягады там не збіраюць (з-за забалочанасці), жыхары памежных украінскіх вёсак у 2011 г. звярнуліся да нашага Прэзідэнта з просьбай неяк дапамагчы. І адбыўся ўнікальны факт: Аляксандр Лукашэнка дазволіў грамадзянам Украіны перасякаць мяжу — праз часовыя пункты пропуску, якія арганізуюцца падчас збору ягад. У тым жа годзе пагранічнікі дзвюх дзяржаў урэгулявалі сітуацыю праз падпісанне сумеснага пратакола, які вызначыў асаблівасці перамяшчэння мяжы для нашых былых суайчыннікаў падчас збору ягад.
— Гэта не адзінкавыя факты "выпадковага" пераходу мяжы жыхароў памежжа?
— Граніца заўсёды прыцягвае тых, хто жадае зарабіць грошы на розніцы цэнаў у дзвюх дзяржавах і займаецца кантрабандай. Есць шмат прыкладаў незаконнай вырубкі лесу на беларускай тэрыторыі, рыбалоўства ў прыгранічных водах. Пэўны час кантрабандысты практыкавалі перагон свойскай жывёлы (як гаворыцца "сваім ходам"), бо ва Украіне можна было здаць мяса даражэй. Такі спосаб дазваляў прайсці ў месцах, дзе няма дарог, і ў выпадку затрымання пазбегнуць канфіскацыі аўтамабіля. Быў увогуле кур'ёзны выпадак, калі цэлы статак кароў з Беларусі "перайшоў мяжу" быццам бы з-за нецвярозага пастуха. Апошняе, праўда, выклікае сумненне. У выніку ўкраінскім пагранічнікам прыйшлося гнаць кароў некалькі дзясяткаў кіламетраў да бліжэйшага пункту пропуску і афармляць іх вяртання дакументальна ў прысутнасці беларускіх прадстаўнікоў.
У пытанні законнага тавараабароту таксама бываюць праблемы, часам незразумелыя...
— Так, напрыклад, перыядычна ўводзіліся абмежаванні на ўвоз той ці іншай беларускай прадукцыі. У прыватнасці, сёлета ў чарговы раз вялася размова аб абмежаванні ўвозу ва Украіну нафтапрадуктаў з Беларусі. Для нас гэта вельмі балюча, бо фактычна кожны 5-ы долар, атрыманы Беларуссю ад перапрацоўкі нафты, — украінскі. Гэта значыць, што мы занялі вельмі значную частку рынку Украіны і кантралюем яго за кошт недарагога (на фоне ўкраінскага), але ў той жа час вельмі якаснага паліва, што ацаніў украінскі спажывец.
А ўкраінскія заводы, зразумела, спрабавалі лабіраваць свае інтарэсы. Але яны ў сваёй большасці не правялі мадэрнізацыю — працуюць на старых тэхналогіях. Мы ў гэтым пытанні на ўзровень вышэй. Атрымалася так, што лабісты тых украінскіх нафтаперапрацоўшчыкаў спрабавалі праз урад правесці санкцыі, але катэгарычна супраць эканамічных абмежаванняў на беларускія нафтапрадукты выступіў прэ'мер Украіны Мікола Азараў. Ён разумее, што любое абмежаванне ў дачыненні да Беларусі — гэта адразу рост цэн на паліва ва Украіне. Гэта, безумоўна, ні ўраду, ні прэзідэнту Украіны не выгадна, бо цэны ў краіне і так на ўзроўні еўрапейскіх, а заробкі менш, чым у нас. Таму напрыканцы красавіка ў СМІ з'явілася аптымістычнае для нас паведамленне пра тое, што Украіна адмовілася ад сваіх прэтэнзій. Думаю, спрацаваў прагматычны падыход кіраўніцтва Украіны.
Калі пра тавараабарот у цэлым, то Украіна стабільна знаходзіцца ў тройцы нашых галоўных эканамічных партнёраў. У 2010 г. агульны тавараабарот паміж дзяржавамі складаў амаль 4,5 млрд долараў. І гэта было вялікае дасягненне для таго часу. Але пазітыўныя змены прасочваліся і надалей. У 2012 годзе мы ўжо мелі амаль 7,9 млрд долараў, прычым экспарт больш чым у два разы перавышаў імпарт. Акрамя таго, Украіна — член Сусветнай гандлёвай арганізацыі. І на гэтым рынку мы вымушаны канкурыраваць з усімі членамі арганізацыі. І тое, што мы там ёсць — добры паказчык.
З Беларусі адпраўляюцца ва Украіну прадукты харчавання, шыны, угнаенні, трактары, аўтамабілі, сельскагаспадарчая тэхніка. Есць прыклады паспяховых праектаў па арганізацыі зборачных прадпрыемстваў пад айчыннымі брэндамі на тэрыторыі Украіны. Створана развітая тавараправодная сетка і прадпрыемствы па тэхнічным абслугоўванні беларускай тэхнікі. Цікавы момант: у апошнія гады мы занялі свой сегмент на ўкраінскім рынку металаперапрацоўкі, хаця наша паўднёвая суседка сама з'яўляецца буйнейшым экспарцёрам металапрадукцыі. І масла, і малако, і каўбасы пастаўляем. Цукру ў 2010 годзе ажно на 66 мільёнаў долараў прадалі, а раней жа Украіна лічылася амаль што не манапалістам у пастаўцы цукру. Тым самым, Беларусь за апошнія гады здолела заняць сваю нішу на ўкраінскім рынку і пашырыць прысутнасць.
— Цікава, а як ва Украіне адносяцца да таго, што ў Беларусі будуецца АЭС?
— Я б сказаў, што спакойна. Украінцы нават дапамагаюць яе будаваць. Ва Украіне 5 уласных АЭС (з улікам Чарнобыльскай). Сярод іх — і Ровенская, размешчаная літаральна каля мяжы. Дарэчы, мала хто, напэўна, памятае, што ў 1990-х ва Украіне каля мяжы з Беларуссю планавалі будаваць магільнік для пахавання адпрацаванага ядзернага паліва. Але рэзкая пазіцыя Беларусі, у тым ліку актыўная дзейнасць нашых дыпламатаў на чале з Віталем Курашыкам, прывяла да адмовы ўкраінцаў ад сваіх планаў.
— У апошні час у СМІ і інтэрнэце з'явілася шмат супярэчлівых публікацый наконт магчымасці ўступлення Украіны ў Адзіную эканамічную прастору і Еўрапейскі саюз. Што можна сказаць па гэтым пытанні?
— Украіна, на мой погляд, палітычна зарыентавана на захад, але пры гэтым эканамічныя яе інтарэсы знаходзяцца ў першую чаргу на постсавецкай прасторы. Таму ад Адзінай эканамічнай прасторы Украіна хоча атрымаць эканамічныя прэферэнцыі (у першую чаргу ад Расіі), але не жадае падпісваць дакументы, якія быццам бы пагражаюць яе суверэнітэту. Калі паўстае пытанне аб палітычнай прывязцы да Расіі, украінская эліта адразу спрабуе ўтрымацца ад падпісання неабходных дакументаў. Таму ідзе размова толькі аб магчымай частковай ратыфікацыі Украінай дакументаў Мытнага саюза, супраць чаго катэгарычна выступае кіраўніцтва Расіі і іншыя удзельнікі Адзінай эканамічнай прасторы.
Цікава, што Украіна — адзіны член Саюза незалежных дзяржаў, якая не падпісала Статут СНД. Атрымліваецца, што краінай — заснавальніцай СНД, якая падпісала пагадненне аб стварэнні садружнасці, Статут так і не падпісаны.
Стратэгія ўступлення ў Еўрапейскі Саюз ва Украіне распрацавана (яна падтрымана нават мясцовымі камуністамі), але Еўропа зараз не гатова прыняць Украіну, хаця і зацікаўлена прывязаць яе да сябе палітычна. Пры гэтым з Еўрасаюза ідзе ва Украіну немалое фінансаванне для рэалізацыі розных праектаў. У тым ліку грошы могуць быць патрачаны на дэмаркацыю беларуска-ўкраінскай мяжы. Еўропа хоча палітычна прыцягнуць Украіну, але баіцца эканамічных наступстваў, якія могуць балюча ўдарыць па еўрапейскіх падаткаплацельшчыках.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.