Сцяг як сімвал

Источник материала:  

У Беларусі ёсць 5 дзяржаўных святаў і толькі адно з іх не мае фіксаванай даты — Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. У 2013 годзе гэтае свята, якое адзначаюць у другую нядзелю мая, прыйшлося на 12-ы дзень месяца. Пазней (плануецца — у Дзень Незалежнасці) у Мінску будзе адкрыта Плошча Сцяга — архітэктурны комплекс, які ўключае Палац Незалежнасці, абноўлены выставачны комплекс і галоўны элемент — Дзяржаўны сцяг Беларусі, які будзе ўзвышацца на 70-метровым флагштоку, размешчаным у цэнтры плошчы. Стварэнне і адкрыццё гэтага комплексу на праспекце Пераможцаў стане, на думку кіраўніка дзяржавы, "апошняй буйной кропкай у спрэчках аб нашай незалежнасці"

Стварэнне падобных сімвалічных архітэктурных ансамбляў з'яўляецца агульнапрынятай практыкай у жыцці незалежных краін як постсавецкай прасторы, так і далёкага замежжа. Вялікія Плошчы Сцягаў ёсць у Азербайджане, Таджыкістане і Туркменістане. А сярод яркіх прыкладаў размяшчэння нацыянальных сцягаў на дамінуючых узвышэннях можна назваць сцяг Рагадан у Іарданіі, сцяг на плошчы Дэвіда Барклі ў Тэхасе, ЗША, брытанскі "Юніён Джэк" на Вестмінстэрскім абацтве ў Лондане...

Для Беларусі пытанне аб дзяржаўным сцягу мае асаблівае значэнне. Так склалася, што гістарычны бел-чырвона-белы сцяг стаў сімвалам апазіцыйнага руху і адмаўлення тых палажэнняў ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці, якія былі ўвасоблены ў новай Канстытуцыі краіны, а таксама ў сцягу і гербе, прынятых 14 мая 1995 года па выніках рэферэндуму. Бел-чырвона-белы сцяг стаў не інструментам барацьбы за паляпшэнне дзяржаўнага і грамадскага ладу, а сімвалам і інструментам іх адмаўлення і праз тое — адмаўлення самой навейшай беларускай дзяржаўнасці з яе акцэнтам на правапераемнасць у дачыненні да Савецкай Беларусі і да Вялікай Перамогі 1945 года. Бел-чырвона-белы сцяг, такім чынам, стаў сродкам заявы пра іншы праект беларускай дзяржаўнасці, праект, які адсылаў у першую чаргу да больш старажытнай Беларусі — гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Кволасць такога альтэрнатыўнага праекта была відавочнай. Спроба адмаўляць савецкі вопыт дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі, вопыт Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і падпісання Устава ААН, вопыт навукова-прамысловага развіцця і стварэння першакласных вытворчых прадпрыемстваў, вопыт паспяховага пераўтварэння беларускай культуры ў культуру сусветнага ўзроўню ў ХХ стагоддзі была загадзя асуджана на няўдачу. Бо, як трапна абазначыў Прэзідэнт Беларусі, усё, што стаіць за сучаснымі дзяржаўнымі сімваламі, — гэта "душа народа".

Але з іншага боку, грэблівае стаўленне да гісторыі нацыянальнага руху часткі ідэолагаў не дазвалялі і чырвона-зялёнаму сцягу стаць сімвалам адзінства беларускага народа.

Дык чаму цяпер ёсць нагода казаць аб "апошняй буйной кропцы" ў спрэчках аб незалежнасці Беларусі?

Перш за ўсё, адбылося пашырэнне афіцыйнай дзяржаўнай ідэалогіі, якая яшчэ асцярожна, але ўсё больш актыўна пачынае абапірацца на ўсю гісторыю краіны, а не толькі на яе савецкую частку.

Па-другое, больш выразнай стала пазіцыя беларускіх палітыкаў. Тыя, хто пад бел-чырвона-белымі сцягамі адмаўляў існуючай палітычнай сістэме і грамадскаму ладу ў праве на існаванне, хто абвінавачваў Аляксандра Лукашэнку ў "здачы суверэнітэту" Расіі, зараз у большасці сваёй абслугоўваюць інтарэсы найбольш агрэсіўна настроеных да нашай краіны колаў у Расіі. Для апраўдання такой пазіцыі выкарыстоўваюцца самыя неверагодныя тлумачэнні. Напрыклад: паколькі Расія інтэгруецца з Захадам, то паражэнне "рэжыму" з боку Масквы прывядзе да хутчэйшага набліжэння краіны да "Еўрапейскай Беларусі". Такому тлумачэнню пазайздросцілі б і бальшавікі ў свае лепшыя гады!

Зараз у палітычнай і сімвалічнай прасторы Беларусі няма праекта беларускай дзяржаўнасці больш моцнага, чым той, які стварыў і рэалізаваў Аляксандр Лукашэнка. І гэта — асноўная і дастатковая падстава для заявы аб "апошняй буйной кропцы".

І калі ставіцца гэтая кропка, становіцца зразумелым і тое, што, каб выжыць у цяжэйшых умовах глабальнага крызісу і дэстабілізацыі стратэгічнай сітуацыі ў Еўразіі, Беларусь павінна прыкласці намаганні, большыя за тыя, якіх нам каштавала Вялікая Перамога 68 гадоў таму. Новыя праекты дзеяння беларускай дзяржавы ў новых абставінах будуць выпрацоўвацца пад тым сцягам, які хутка ўздымецца над Мінскам на Плошчы Сцяга.

Юрый Царык,

палітычны аналітык, кіраўнік Беларускай групы развіцця

←На погосте все равны

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика