Фестываль СМІ пад адкрытым небам

Источник материала:  

9 мая а 13-й гадзіне не забудзьцеся завітаць у парк імя М. Горкага на фестываль сталічных сродкаў масавай інфармацыі. Яшчэ не паспела адшумець нядаўняя выстава "СМІ ў Беларусі", а шэраг рэдакцый ужо спяшаецца запрасіць чытача на новыя сустрэчы. І гэта можна зразумець. Цёплых, святочных мерапрыемстваў не бывае зашмат. Як пройдзе гэтае, першае, пакуль не вядома. Аднак ужо загадзя хочацца спадзявацца, што фестываль не стане першым і апошнім.

Фестываль СМІ пад адкрытым небамПершае падобнага кшталту мерапрыемства арганізуе — пры падтрымцы Мінгарвыканкама і Міністэрства інфармацыі Беларусі — Агенцтва "Мінск-Навіны". Акрамя самога агенцтва, куды ўваходзяць газеты "Минский курьер" і "Вечерний Минск", радыё "Минск" і часопіс "Качели", на свята запрошаны мінскія шматтыражкі (напрыклад, "Транспортник столицы", "Интеграл", "Экономист", "Студвестник"), а таксама Выдавецкі дом "Звязда" і Выдавецкі дом "Толока", газеты "Знамя юности" і "Переходный возраст", "7 Дней", Ваеннае інфармацыйнае агенцтва "Ваяр". Дарэчы, сёлета газеце "Минский курьер" спаўняецца 105 гадоў, так што яна яшчэ заявіць аб сабе новымі праектамі на працягу года!

— Сама па сабе ідэя правядзення падобнага фестывалю не новая, — расказвае генеральны дырэктар Агенцтва "Мінск-Навіны" Кацярына ДУБІНСКАЯ. — Шмат раней у тым жа парку М. Горкага праходзіла мерапрыемства, якое насіла назву "Алея сталічных СМІ". Гэта было сціпла і стрымана па цяперашніх мерках, але з абавязковай раздачай перыёдыкі і частаваннем салдацкай кашай. Мерапрыемства падобнага кшталту праходзіць, дарэчы, і ў Маскве, іншых гарадах... Пэўную спробу наша агенцтва ажыццявіла летась, калі мы такім чынам вырашылі адзначыць 45-годдзе "Вечернего Минска". Супрацоўнікі раздавалі ў парку свежы нумар газеты, было і канцэртнае выступленне, і, вядома, салдацкая каша... Чаму б не паўтарыць сустрэчу з чытачом у больш шырокім маштабе? — падумалі мы на гэты раз..

Наведвальнікаў парку чакае своеасаблівы марафон забаўляльна-пазнавальных мерапрыемстваў. На галоўнай сцэне выступяць Пётр Ялфімаў, Іван Буслай, Вольга Плотнікава, група "Бай-сіці" і Аляксей Грос, Яўген Славіч і група "Дразды". Вядучымі будуць Юлія Аляксандрава і Дзмітрый Карась. Спартыўныя спаборніцтвы на прызы Агенцтва "Мінск-Навіны" адбудуцца каля лядовай арэны "Мінск-Юнацтва". Для дзяцей па ўсім парку плануецца арганізаваць пляцоўкі, на якіх можна будзе паўдзельнічаць у конкурсах і выйграць падарункі. На адной з пляцовак пройдзе сустрэча ў спеўнай гасцінай "Франтавы прывал", дзе можна будзе пачуць песні ваенных гадоў і, вядома, пачаставацца салдацкай кашай. Байцы спецназу прадэманструюць майстэрства вядзення бою. Кіналагічны атрад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях пакажа, як нясуць службу чатырохногія выратавальнікі. Ваеннае інфармацыйнае агенцтва "Ваяр" азнаёміць з самымі апошнімі дасягненнямі навукі ў ваеннай справе.

— На стэндзе Агенцтва "Мінск-Навіны" нашы журналісты будуць раздаваць свежы нумар газеты "Вечерний Минск", — дадае Кацярына Дубінская. — Плануем узнагародзіць і пераможцаў нядаўняга літаратурнага конкурсу "Горад, дзе твой дом". Паводле яго ўмоў, неабходна было напісаць казку-прызнанне ў любові свайму любімаму Мінску. Пяць работ былі вызначаны як лепшыя. Усе яны будуць апублікаваны ў "Вечорке"...

Кожнае з вышэйназваных выданняў прапануе свае прызы, конкурсы і забаўляльную праграму. Калі ласка, прыходзьце на сустрэчу!

Святлана БАРЫСЕНКА

←Обзор основных событий 7 мая 2013 года

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика