ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса

Источник материала:  
06.05.2013 18:23 — Новости Общества

 

У праваабаронцы Таццяны Рэвякі няма дакладна зафіксаванага працоўнага часу: спецыфіка яе працы вымушае брацца за вырашэнне вялікай колькасці важных пытанняў у любы час і ў любым месцы. Што да працоўнага месца, то ў Тацяны іх два: яна працуе як на новым офісе праваабарончага цэнтра “Вясна”, сябрам Рады якога з’яўляецца, так і дома.

Атмасфера ў гэтых двух памяшканнях кардынальна розніцца: стырыльная чысціня і стрыманасць на працы, утульнасць і вялікая колькасць прыемных, “інтымных”, як кажа сама Тацяна, рэчаў — дома.

Мы зазірнулі і ў офіс, і ў кватэру Таццяны, якая распавяла, з чаго складаецца яе працоўны дзень, чаму яна не сядзіць у “Фэйсбуку” з тэлефона, а таксама, як цяжка даводзіцца, калі побач з працоўным сталом — халадзільнік.

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса



Тут каробачкі, там каробачкі…

Мы не так даўно пераехалі сюды з канфіскаванага офіса, таму тут каробачкі, там каробачкі… Усё ў працэсе — паступова перавозім рэчы. Калі пераязджалі, шмат чаго давялося проста выкінуць, пакінула толькі самыя істотныя, неабходныя рэчы. Напрыклад, траўрную стужачку з пахавання Васіля Быкава. Гэта тое, што немагчыма выкінуць. Захоўваю, як памяць. Такія рэчы я пакінула і пакуль яны не даехалі да новага месца. Таму ў мяне тут, як бачыш, усё пуста і цнатліва-чыста. (смяецца)

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса



Горкі вопыт

Мець свой стол — гэта вялікая справа. Пакуль у нас не было свайго памяшкання, мы ўсе працавалі дома, акрамя прыёмнай юрыстаў, бо, зразумела, што немагчыма дома прымаць людзей. І яны працавалі ў офісе камітэту “Салідарнасць”, які нас прытуліў. Падзеі 2010 і 2011 гадоў нас шмат чаму навучылі. Калі на наступны дзень пасля выбараў аказалася, што нам усім няма на чым працаваць, хутка вучышся — гэта лепш, чым любыя семінары па бяспецы і разумныя, правільныя кнігі ды артыкулы. Ты адразу разумееш, што цяпер у цябе на ўсё астатняе жыццё будуць іншыя дачыненні са сваёй тэхнікай і працоўным месцам. У нас існуе правіла: мы забіраем тэхніку з сабой дадому. Не для таго, каб працаваць з дома, а каб камп’ютары не заставаліся ў памяшканні, якое можа быць даступным.

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса



“…такая добрая рэч прападае ў маіх руках”

Шчыра сказаць, для мяне любы тэлефон — гэта толькі сродак камунікацыі. Калі мне падарылі гэты апарат, я нават крышку была растроеная, бо зразумела, што большасць выгодаў гэтага тэлефона застануцца нескарыстанымі. Вельмі нешматлікімі функцыямі я карыстаюся, хаця ў ім вельмі шмат чаго наварочана. Мне патрэбны найперш сам тэлефон для званкоў і паведамленняў, карыстаюся скайпам, але нячаста — стараюся не злоўжываць, калькулятар, камера, каляндар — такія вось простыя рэчы… Толькі пару разоў была ў “Фэйсбуку” з тэлефона, калі ездзіла ў аэрапорт, а так я не сяджу ў ім. Як я гляну, колькі там розных значкоў, мне так сумна становіцца, што такая добрая рэч прападае ў маіх руках! (смяецца)

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса



Паходны варыянт

У прынцыпе, я за стацыянарны камп’ютар. Я нават вельмі доўга прызвычайвалася да ноўтбука, нэтбука, планшэт дык і да гэтага часу проста ляжыць, так і не ўвайшоў у мой працоўны ўжытак. Але пасля таго, як у нас канфіскавалі ўсе стацыянарныя камп’ютары, паўстала неабходнасць таго, што ты павінен кожны дзень прыходзіць са сваім камп’ютарам і сыходзіць з ім. Ясна, пасля гэтага я неяк прызвычаілася працаваць на ноўтбуку. Але дома я захоўваю стацыянарны камп’ютар. Паколькі ён мае не ўсе патрэбныя мне праграмы, то побач стаіць і нэтбук. Такая вось атрымліваецца сітуацыя. Нягледзячы на наяўнасць працоўнага стала ў офісе, што тычыцца тэхнікі, захоўваецца такі вось паходны варыянт, калі можна ў адзін момант ўзяць, усё згарнуць, сабраць і знесці.

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса

Прыгожая чырвоная кветачка

На мінулым тыдні было 17-годдзе “Вясны”, і нашы калегі паціху сталі прыносіць падарункі. На мінулым офісе ў нас было шмат кветак, пераязджаюць і яны сюды. Калі быў пераезд, мы раздалі шмат кветак па людзях, а зараз вяртаем расліны. Як бы ні было, заўжды прыемна, калі ў офісе не толькі жывыя людзі, але і жывыя кветкі. (усміхаецца) Дома я таксама разводжу кветкі, але люблю расліны, у якіх шмат зеляніны.

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса



Алесь Бяляцкі

Тут Алесь у майцы, якую мы перадалі яму, калі ён знаходзіўся пад следствам. Было незразумела, ці дазволяць яму перадаць яе, але ўдалося, і на судзе ён быў у майцы “Вясны”. Гэты плакат зрабіла Міжнародная федэрацыя за правы чалавека. Выпусцілі такія плакаты па-руску і па-ангельску: гэтыя мовы найбольш распаўсюджаныя ў самой федэрацыі. Я таксама ўзяла сабе і на прысудзе ўжо была з ім… Мне Алесь напісаў пасля, што бачыў гэты плакат і яму была прыемная такая падтрымка.

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса



Усё сваё насіць з сабой

Я працую толькі на здымных носьбітах, на камп’ютары фактычна нічога не захоўваю, нягледзячы на тое, што ў нас добрая сістэма бяспекі — усё запаролена. Але ўсё адно я стараюся мінімальную колькасць інфармацыі пакідаць на ноўтбуку, бо жывы яшчэ досвед, калі ў нас канфіскавалі ўсю тэхніку, там засталася не толькі нейкая інфармацыя, але і фотаздымкі — наш вялікі архіў, “нажыты непасільным трудом”. Яно ўсё і ляснулася, таму стараюся ўсё сваё насіць з сабой.

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса



За свабодныя выбары

Гэта флэшка ў форме бранзалеціка была выпушчана да спецыяльнай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Іх атрымалі ўсе нашыя назіральнікі, юрысты і журналісты. Гэта хіба адзіны від нашай фірмовай прадукцыі, якая была давезеная да Беларусі, бо ўсё астатняе было канфіскавана. Прыемныя флэшачкі, якія добра выглядаюць. Да ўсяго, апрануў на руку, і хто падумае, што гэта флэшка?.. І дарыць іх вельмі прыемна.

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса



Тэрмакубкі

Вось такія тэрмакубкі таксама нядаўна мы выпусцілі. Мы іх і дорым нашым калегам і паплечнікам, і самі, канечне, карыстаемся. Многія ідэі насамрэч з’яўляюцца тады, калі з’яўляюцца магчымасці. Упершыню за сямнаццаць гадоў у “Вясны” надарылася магчымасць выпусціць іміджавую прадукцыю. Мы замовілі банэр праваабарончага цэнтра “Вясны” — нарэшце ён у нас ёсць...

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса



Банэр да прэміі

Гэты банэр быў падрыхтаваны да ўрачыстасці, якая ладзілася ў сувязі з тым, што Алесю ўручылі нямецкую прэмію. Ну а мы яго забралі і павесілі ў новым офісе.

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса



Працоўны стол Алеся Бяляцкага

Я нядаўна напісала Алесю, што працоўны стол у яго таксама ёсць. Вось ён тут стаіць. Пакуль што ён не абжыты, бо няма гаспадара — тут не ягоныя рэчы. Але крэсла і стол за ім ужо ёсць. Я напісала Алесю ў лісце, дзе стаіць стол, апісала яго. Алесь пацікавіўся, ці зручнае працоўнае месца. Я адказала, што мне цяжка сказаць, ці будзе вам зручна за ім. Тут стала больш цесна, чым раней. Хаця тут пакуль нішто не сведчыць пра асобу Алеся, але стол і крэсла чакаюць гаспадара…

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса



Самы запатрабаваны офіс

Усе нашыя ўзнагароды яшчэ не развешаныя. Хутка голыя сцены будуць у дыпломах і граматах. А гэтую статуэтку мы атрымалі за наш мінулы офіс. Розныя грамадскія арганізацыі ўзнагароджваліся за сваю дзейнасць і адна з намінацый — гэта офіс, які быў найбольш запатрабаваным аб’ектам у 2012 годзе. Аказалася, што ім стаў офіс “Вясны”. У нас ажыццяўлялася актыўная дзейнасць, ладзіліся нейкія супольныя мерапрыемствы, вырашаліся карысныя справы, таму мы і атрымалі гэтую ўзнагароду.

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса



Парадак на паліцах

Кнігі пакуль таксам далёка не ўсе даехалі. Мы паціху растаўляемся, хутка будзем ставіць кнігі ў парадку. Мы заўжды спрабуем захоўваць парадак на кніжных паліцах. Што да кніг, то большасць “вясноўскіх” я ці рэдагавала, ці была аўтарам, альбо адным з аўтараў. Найбольш знакавыя кнігі хутка разыходзяцца, не затрымліваюцца. Напрыклад, кніга Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя беларушчынай” ужо амаль разыйшлася — крыху экзэмпляраў засталося, і ўсе яны камусьці абяцаныя.

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса

Ад простых справаў да прыняцця сур’ёзных рашэнняў

Акрамя таго, што ў мяне ёсць паўсядзённая праца, якая заключаецца ў рэдагаванні тэкстаў, падрыхтоўцы кніжак, у мяне ёсць яшчэ дастаткова шмат абавязкаў, звязаных з тым, што я з’яўляюся сябрам Рады арганізацыі. Гэта і падтрыманне кантактаў з нашымі замежнымі партнёрамі, распрацоўка планаў па далейшай працы арганізацыі. Хапае адміністрацыйнай працы. Плюс з 2010 года я з’яўляюся прэзідэнтам Дома правоў чалавека ў Вільні. Гэта асобная арганізацыя, якая таксама патрабуе вельмі шмат увагі. Заснавальнікамі арганізацыі з’яўляюцца некалькі суб’ектаў, таму трэба ўзгадняць дзеянні з імі ўсімі, каб арганізацыя плённа выконвала свае функцыі.

Такім чынам, у мяне шмат абавязкаў, пачынаючы ад самых простых, да ўдзелу ў прыняцці рашэнняў, датычных дзейнасці Дома правоў чалавека і праваабарончага цэнтра “Вясна”. Я ўжо не кажу пра тое, што кожны дзень з’яўляюцца новыя справы, якія патрабуюць увагі і ўдзелу. Звычайныя функцыі разам з задачамі прадстаўнічага плану — гэта мой працоўны дзень, працоўны вечар, часам і ноч. Колькі трэба рабіць, столькі і робіш, незалежна ад таго, колькі часу, святочны ці выходны дзень.

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса



Інтымныя рэчы не для офіса

Я люблю абстаўляць сябе прыемнымі, дарагімі мне рэчамі. Але вернемся да таго, у якіх умовах мы працуем. Калі ўвесь час ты падсвядома думаеш, што сюды могуць прыйсці і сваімі грубымі нагамі ўсё растаптаць, раструшчыць, то не хочацца, каб сваё асабістае, значнае, інтымнае камусьці чужому трапіла ў рукі. Таму апошнія гады мой працоўны стол у офісе абмяжоўваецца працоўнай неабходнасцю.

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса

Прэмія імя Ганны Лінд

“Зараз я табе такажу, што значыць мой сапраўдны працоўны стол”, — гаворыць Тацяна, калі мы збіраемся да ее дадому. Гэта мая ўзнагарода. Я вырашыла, што яна павінна быць тут, а не ў офісе. У 2006 годзе я яе атрымала. Узнагарода імя Ганны Лінд, міністра замежных спраў Швецыі, якую забілі…

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса



Самая небяспечная штука

А гэта вось самая небяспечная рэч для маёй працы — лядоўня. (смяецца) Гэта самае страшнае, што можна прыдумаць каля працоўнага месца. Бо рука проста цягнецца да яе — немагчыма ж утрымацца, каб не адкрыць ды не ўзяць чаго-небудзь. Але я сябе пераадольваю. (смяецца)

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса


Ліставанне з Бяляцкім

Так, гэта лісты Алеся. Я спецыяльна для яго купляю такія вось пазітыўныя наборы: капэрты і лісты, каб яму там было весялей іх чытаць. Да таго ж, тут тэма вясны, “Вясны”… І налепачкі таксама абавязкова дадаю да кожнага ліста. Бачыш, вось матылькі, напрыклад. Гэта такая традыцыя — абавязкова ў лісце ў турму клеіць налепкі, бо так прыемней. Алесь таксама налепкі любіць — вось якога сабаку мне даслаў. І капэрты таксама пазітыўныя выбірае — з сонейкам, кветкамі. Мы яму перадаем туды каляровыя лісты і капэрты, налепкі, гэта можна.

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса



Карціна Пушкіна

Карціна Алеся Пушкіна. Я неяк сказала яму, што хачу набыць у яго карціну. Убачыла гэту першай і сказала: “Бяру!”. Ён мне кажа: “Ты ж астатнія паглядзі!”. А я вырашыла, што набуду менавіта гэтую. Гэта мая карціна, яна мне падабаецца, адпавядае майму ўнутранаму чаканню прыгажосці і маім эстытычным уяўленнем пра мастацтва і пейзаж.

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса



Карціны Адама Глобуса…

Як бачыш, у мяне шмат карцін Адама Глобуса. Штосці я набываю, а штосці атрымліваю ў падарунак. Гэтую (падпірае рукой галаву. — А.П.) ён напісаў яшчэ ў 2010 годзе. Так атрымалася, што тады ў мяне быў вельмі складаны перыяд — дачка трапіла ў аварыю, доўга ляжала ў бальніцы… І гэты партрэт, па-сутнасці, быў суцяшальным прызам. Глобус пазваніў і сказаў: “Хачу табе хоць што-небудзь прыемнае зрабіць”. Снежань яшчэ не настаў, а ў мяне ўжо пачаўся свой асабісты крызіс, і падзеі снежня толькі наклаліся на мае асабістыя праблемы. Вось гэты партрэт цікавы: тут як бы я, але разам з тым і мая дачка. То бок, можна глядзець як на адзін твар, а можна як два твары разам успрымаць.

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса



…і партрэт ад Міраслава Адамчыка

Так, гэта партрэт ад Міраслава Адамчыка. Ён мой аднакурснік, мы разам вучыліся, сябруем з тых часоў. Ён неяк мне сказаў: “Таня, у цябе ў інтэрнэце такія фотаздымкі няякасныя, давай я табе зраблю фотасесію”. Я сказала: “Мірык, у цябе такія вобразы заўжды рамантычныя…”. І адмовілася. Але потым перадумала. У верасні ён зладзіў першую фотасесію, а пасля сказаў, што хацеў бы сфатаграфаваць мяне з дачкой. Мы неяк выбраліся і атрымаліся такія здымкі.

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса




Кнігі для асэнсавання

Кнігі, якія я чытаю па працы. Тут важныя рэчы, неабходныя для асэнсавання дзейнасці, якой я займаюся. Многія рэчы становяцца больш зразумелымі, хаця і напісаныя гэтыя кнігі пра савецкія часы. Калі ты іх чытаеш, разумееш, што метады, на жаль, не змяняюцца…

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса



“Настальгія” ў падарунак

Карціна Сяргея Дзегцяронка. Я з ім ужо шмат гадоў не бачылася… Калі я яшчэ працавала ў музеі, ён там рабіў выставу. Бачыш, 1993 год. Мабыць, з таго часу я яго і не бачыла. Кажуць, што ён з’ехаў у Германію. Мы акурат нядаўна з Палінай Качатковай гаварылі пра тое, што трэба знайсці яго, бо ў яго цудоўныя творы.

ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Тацяна Рэвяка. Стол Алеся Бяляцкага і карціны Адама Глобуса
 



Ася ПАПЛАЎСКАЯ, фота аўтара

←Какие белорусские дороги станут платными?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика