Завяршыўся конкурс лагатыпаў і зялёных міні-маршрутаў Вілейшчыны

Источник материала:  

 лагатып Тамары Раўдановіч

25 красавіка падвялі вынікі конкурсу "Вілейшчына ўстойлівая". Ён быў абвешчаны грамадскай арганізацыяй “ЗОВіК” і праводзіўся па трох намінацыях: ідэі выкарыстання Вілейскага вадасховішча, “Зялёныя міні-маршруты Вілейшчыны”, лагатыпы Вілейшчыны.

У прэзентацыі прац удзельнічалі члены грамадскай арганізацыі па садзейнічанні ўстойліваму развіццю Вілейскага рэгіёну “ЗОВіК”, прадстаўнікі ўлады на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Наталляй Радзевіч і грамадскіх арганізацый, краязнаўцы і супрацоўнікі музея, гаспадары аграсядзіб.

– Удзельнікаў конкурсу было больш за дваццаць. На імпрэзе прадставілі праекты, прайшло іх абмеркаванне, а таксама аб’яўлена рашэнне  журы, – паведаміла прэс-сакратар грамадскай арганізацыі Наталія Валынец. – Прызы атрымалі ўсе ўдзельнікі, бо пераможцаў было вызначыць цяжка: вартых увагі работ было нямала.

У конкурсе ўдзельнічалі як жыхары Вілейскага раёна, так і ўраджэнцы краю, якія жывуць у іншых мясцінах. Найбольшую актыўнасць удзельнікі праявілі ў намінацыях “Лагатыпы Вілейшчыны” і “Зялёныя міні-маршруты Вілейшчыны”. Разам з лагатыпам прапаноўвалі такія слоганы як “Вілейшчына. Край, слаўны і прыродай, і людзьмі”, “Вілейшчына. Лепш бачыць, чым чуць” і іншыя.

Лагатып Дзмітрыя Каркоткі


Па словах Наталіі Валынец, дасланымі на конкурс лагатыпамі зацікавіліся ўладальнікі аграсядзіб і плануюць іх выкарыстоўваць для прыцягнення турыстаў. У будучым магчыма выкарыстанне лагатыпаў на бігбордах, а міні-маршрутаў – для работы турысцкіх устаноў.

Алесь ВЫСОЦКІ.

←Стартовала Международная неделя солидарности с гражданским обществом России

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика