Гаспадарскі падыход
У нас. Палітычны год мае законы, не горшыя за год каляндарны. І гэтак, як усе ведалі, што калі не ў сакавіку, дык у красавіку прыйдзе вясна, дакладна было вядома, што прыкладна ў той жа тэрмін Прэзідэнт выступіць з Пасланнем да парламента і народа. Іншая справа, што ніхто не мог прадбачыць, якім яно атрымаецца.
На маёй асабістай памяці такога паслання не было. Мінімум палітыкі, як унутранай, так і знешняй, асноўная ўвага — развіццю гаспадаркі ва ўсіх галінах. Найбольш папулярныя словы: мадэрнізацыя, інфарматызацыя, абнаўленне, моладзь. Уважлівы назіральнік не мог не заўважыць, што мова Аляксандра Лукашэнкі значна "інфарматызавалася". Ён актыўна ўжываў такія словы, як "ІТ-сфера", "анлайн", "электронны ўрад". Гэта значыць, ментальна кіраўнік дзяржавы гатовы да таго тэхналагічнага прарыву, да якога ён заклікаў і прысутных у Авальнай зале, і ўсіх суграмадзян.
Чаму Прэзідэнт надаў такую ўвагу пытанням развіцця гаспадаркі, сацыяльнай сферы, удасканаленню дзяржаўнага кіравання, менеджменту прадпрыемстваў і толькі абазначыў абрысы палітычных пытанняў? Для адказу зноў звернемся да календара. 2013 год — па-свойму ўнікальны. Няма ніякіх буйных палітычных кампаній, выбараў. Гэта дае магчымасць засяродзіцца менавіта на развіцці эканомікі, стварыць умовы для прарыву наперад і выканання мэтаў, вызначаных на ІV Усебеларускім сходзе.
Важна і тое, што Аляксандр Лукашэнка даў падрабязнае тлумачэнне, што такое мадэрнізацыя і як яна будзе ажыццяўляцца ў Беларусі. Цяпер стала абсалютна зразумела, што ніякай "перабудовы" ўзору 80-х гадоў у нашай краіне не прадбачыцца. Мадэрнізацыя — гэта найперш тэхналагічнае абнаўленне вытворчасці і метадаў кіравання гаспадаркай.
Увогуле, калі падсумоўваць агульнае ўражанне ад Паслання Прэзідэнта, то мы пабачылі сапраўднага гаспадара ў самым добрым і шырокім змесце гэтага слова. Аляксандр Лукашэнка быў лаканічным, упэўненым, выпраменьваў энергію і гатоўнасць да тых змен у грамадстве, якія патрабуе жыццё, а не навязваюць "дарадцы" з-за мяжы.
Вакол нас. Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Кэры ў час сустрэчы са сваім турэцкім калегам абвясціў пра павялічэнне фінансавай дапамогі сірыйскай узброенай апазіцыі ўдвая — да 250 мільёнаў долараў. Амаль у той жа час у саміх Злучаных Штатах быў здзейснены тэрарыстычны акт у горадзе Бостан.
Якая сувязь паміж гэтымі падзеямі? Найбольш баяздольныя і добра падрыхтаваныя атрады сірыйскай апазіцыі прадстаўлены ісламскімі радыкаламі, найперш з "Фронта аль-Нусра". А гэтая арганізацыя прызнана тэрарыстычнай у саміх ЗША. Ні для каго не сакрэт, што актыўную дапамогу сірыйскім паўстанцам аказваюць "Аль-Каіда", "Фатх аль-Іслам", "Ансар аль-Іслам", з якімі вядуць зацятую барацьбу амерыканцы і іх саюзнікі.
Многія ўсходазнаўцы, эксперты ў галіне бяспекі прадказваюць, што ў выпадку крушэння рэжыму Асада Сірыя стане моцнай пляцоўкай для рознага кшталту ісламскіх экстрэмістаў. Улічваючы далёкую ад стабільнасці сітуацыю ў суседнім Іраку, такое развіццё падзей можа выклікаць ваенна-палітычны выбух ва ўсім рэгіёне вялікага Блізкага Усходу.
Вось толькі навошта гэта Вашынгтону, Парыжу і Лондану? Прызнаюся шчыра: не ведаю. Я не прыхільнік тэорыі змовы, розных канспіралагічных складаных пабудоў. Так, можна пагадзіцца, што тыя ж ЗША імкнуцца падарваць уплыў Ірана, які цесна звязаны з афіцыйным Дамаскам. Але хіба гэта тая мэта, дзеля якой можна весці да ўлады людзей, што ненавідзяць тваю ж краіну? Тое, што ісламісцкія баевікі не маюць добрых пачуццяў да ЗША і Захаду ўвогуле — аксіёма. І як тут не ўзгадаць пазіцыю Англіі і Францыі ў 30-я гады мінулага стагоддзя, якія літаральна выпястоўвалі Гітлера толькі з адным памкненнем — накіраваць яго агрэсію супраць СССР. Чым гэта скончылася, добра вядома. Можна прывесці і больш свежыя прыклады. Таго ж бен Ладэна, узрошчанага ЦРУ...
Адным словам, чым больш вывучаеш гісторыю міжнародных адносін, тым больш умацоўваешся ў перакананні, што яна нікога нічому не вучыць. Засталося толькі пачакаць, калі яна зноў ударыць ЗША за чарговыя нявывучаныя ўрокі.
З гісторыі. 19 красавіка 1563 года, гэта значыць 450 гадоў таму, Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец пачалі працу над сваёй першай друкаванай кнігай — "Апостал". Яна стала і першай датаванай кнігай у гісторыі Расіі.
Менавіта так — датаванай, бо друкаваныя выданні ў Маскве выходзілі і раней, пачынаючы з 1553 года, калі быў заснаваны Друкарскі двор. Але яны былі ананімныя і без усялякіх выдавецкіх звестак. Таму Фёдарава і Мсціслаўца прынята лічыць маскоўскімі першадрукарамі. А да нашай гісторыі тая падзея мае непасрэднае дачыненне, бо як мінімум адзін з гэтага тандэма (Пётр Мсціславец) быў беларусам.
Праўда, існуе версія і пра беларускае паходжанне Фёдарава. Яна заснавана толькі на наступным аргуменце: знак першадрукара вельмі падобны на герб беларускага шляхецкага роду Рагоза. Сам жа Фёдараў неаднаразова падпісваўся і называў сябе "масквіцянінам", альбо "маскавітам". Таму яго паходжанне ўстанавіць дакладна досыць складана.
Беларускія карані Пятра Мсціслаўца бясспрэчныя. Лічыцца, што нарадзіўся ён у Мсціславе ў купецкай сям'і. Бацьку звалі Цімафей, маці — Еўдакія, і было ў іх трое дзяцей. У раннім узросце, пасля смерці бацькі, хлопчыка забраў да сябе дзядзька Васіль, майстар-дойлід. Потым Пётр нейкім чынам трапіў у Маскву.
Пры маладым Іване ІV, якога яшчэ не называлі Грозным, майстроў у Маскве віталі. Аднак менавіта 1563-1565 гады сталі пераломнымі. У Маскоўскай дзяржаве пачыналася апрычніна — змрочныя, крывавыя часы. Мсціславец і Фёдараў вымушаны былі пакінуць расійскую сталіцу, пераехаўшы ў ВКЛ. Тут яны працавалі ў розных друкарнях, якіх тады даволі шмат паўстала на нашых землях. І тут не ўсё было гладка ды добра. І друкарні закрывалі, і ў суд даводзілася звяртацца, і ўлада не заўжды прыязна ставілася да друкароў. Нягледзячы на ўсе перашкоды, Мсціславец і Фёдараў працягвалі сваю працу. Пра сваю апантанасць вельмі трапна напісаў сам мсціслаўскі ўраджэнец: "Не жадаю пакарання за марнагубства дадзенага Богам таленту".
Мсціславец і Фёдараў выдалі шмат кніг, але тая першая, маскоўская — "Апостал" — бадай што самая вядомая. Яна ж з'яўляецца і выдатным сімвалам еднасці культур Беларусі, Расіі і Украіны, якія, хоць і былі падзелены межамі, але заставаліся вельмі блізкімі.
gіgіn@bеltа.bу