Што лепш: самастойна спланаванае падарожжа ці адпачынак праз турагенцтва?

Источник материала:  
Што лепш: самастойна спланаванае падарожжа ці адпачынак праз турагенцтва?Ганна Пузікава, мастак ААТ "КІМ", г. Віцебск:

— Безумоўна, набыць пуцёўку і пасля асабліва не турбавацца ні пра жыллё, ні пра харчаванне, ні пра тое, як будзе арганізаваны твой вольны час, — гэта цудоўна. Але ж мне больш сімпатычны першы варыянт — самастойна арганізаванае падарожжа. Можа, гэта і не так камфортна, але затое вам удасца пабачыць тое, чаго не заўважыць звычайны турыст, якога возяць выключна па адных і тых жа месцах, амаль не даючы магчымасці адысці ад спланаванага маршрута. На маю думку, так можна атрымаць нашмат больш прыемных уражанняў. На жаль, я пакуль што не маю вопыту самастойных падарожжаў, але вельмі мару пра іх. Ідэальна было б паехаць з некалькімі сябрамі. Хутчэй за ўсё, для падарожжа выбрала б Індыю.

  Андрэй Цыва, дызайнер, г. Мінск:

— Мой выбар віду падарожжа залежыць ад стану: калі я стомлены рознымі справамі і хачу проста паляжаць не пляжы, выберу пуцёўку ў турагенцтве. Тады можна цешыцца сонцам і морам без лішніх думак. Варыянт з самастойна арганізаваным падарожжам — гэта ідэальны план, калі маю сілы на ўсе звязаныя з гэтым клопаты. Што б выбраў для падарожжа па пуцёўцы? Думаю, гэта была б еўрапейская краіна, але з морам і прыемным кліматам. Напрыклад, Манака. Яшчэ з задавальненнем пабываў бы на Блакітным Беразе ў Францыі. А вось для самастойнай паездкі, па-мойму, цудоўна падыходзіць Крым, а яшчэ — Грузія. Цікава таксама паехаць у Тыбет. Я пастараўся б знайсці сабе правадніка з мясцовых жыхароў і папрасіў паказваць мне месцы, якія знаходзяцца як мага далей ад турыстычных сцежак.

  Ганна Ракоць, студэнтка Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта:

— Я люблю падарожнічаць без пуцёўкі. Падчас адпачынку мне цікава наведаць некалькі месцаў, а не заставацца ў нейкім адным. Галоўная ўмова — каб побач было мора і галечны пляж, тады ўсё ідэальна. Гэтага крытэрыю пры выбары мэты будучай вандроўкі прытрымліваюся заўжды. Яшчэ адна рэч, здольная захапіць маю ўвагу ў падарожжы — горы. Вельмі люблю хадзіць туды. Здаецца, яшчэ не згадала пра людзей... Пасля ўсяго сказанага вышэй можа ўзнікнуць уражанне, што я аддаю перавагу месцам, дзе вакол як мага менш турыстаў, але гэта не так. Мне падабаецца весяліцца і танчыць, таму звычайна спыняюся ў гарадах, дзе шмат моладзі і дыскатэк. А вось да ўмоў пражывання я не надта патрабавальная: ёсць душ, ложак і кандыцыянер — што яшчэ трэба? Ну, яшчэ, вядома, патрэбны грошы, тады "феерычнасць" якой заўгодна паездкі, самастойнай ці праз турагенцтва, неверагодна ўзрастае.

Падрыхтавала Ганна ГАРУСТОВІЧ.

←Два города в одной газете

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика