ЛЯЧЭННЕ ФОТАздымкамі, або "Раней я таксама вельмі мала разумела пра сябе"

Источник материала:  

ЛЯЧЭННЕ ФОТАздымкамі, або "Раней я таксама вельмі мала разумела пра сябе"Фатограф і гештальт-тэрапеўт, кіраўнік фотапраекта "Жанчына, якая адчувае: знайдзі... даведайся... захавай..." Дзіна Ярмоленка (працуе ў камандзе са стылістам-візажыстам Аленай Кахновіч) прапануе беларускам пашукаць шлях да саміх сябе пры дапамозе фотатэрапіі.

Пра страхі, гармонію з сабой і адносіны з мамай

Фатаграфія і псіхалогія — мае моцныя інтарэсы. Калі я зразумела, што шмат чаго ведаю ў псіхалогіі і шмат чаго магу ў фатаграфіі, падумала: чаму б мне не пачаць займацца фотатэрапіяй? Гэты напрамак папулярны, але не ў нашай краіне. Для беларусаў ён пакуль малазнаёмы.

Праект "Жанчына, якая адчувае..." нарадзіўся нечакана. Да нас з Аленай сталі прыходзіць жанчыны, якія хацелі знайсці ўнутраную гармонію, свой схаваны патэнцыял, нешта зразумець пра сябе. Яны так і казалі: "Я заблыталася, дапамажыце мне ў сабе разабрацца".

Некалі я і сама вельмі мала разумела пра сябе. Растрачвала сваю энергію на страхі накшталт: "Што пра мяне падумаюць людзі?", "Ці дастаткова добра я выглядаю?"... Тады я не была ў гармоніі з сабой... Гадоў 7 таму сустрэла псіхолага Сяргея Мартыненку, які і прыадчыніў дзверы ўглыб.

Я рэальна паглядзела на сябе. Цяпер ведаю свае моцныя і слабыя бакі, вартасці і недахопы. Ніхто не кажа, што сустракацца са сваімі страхамі, злосцю, рэўнасцю, зайздрасцю проста. Але гэта таго варта.

У мяне сталі больш глыбокімі адносіны з сабой, з мамай. Усё часцей маё цела расслабляецца. Я адчуваю сябе цэльнай, глыбока перажываю самыя разнастайныя пачуцці. Кожнае імгненне я адчуваю, што жыву... Жыву не мінулым ці будучыняй, жыву тут і цяпер.

Пра адкрыцці, свайго мужчыну і маніпуляцыі

Кожная жанчына павінна знайсці ў сабе смеласць, каб сустрэцца з сабой. Рознай... Цэлай... Бо вельмі часта мы бачым сябе толькі з аднаго боку...

Большасць маіх кліентак нават і не падазравала аб тым, якая жанчына насамрэч жыве ўнутры іх. Першыя адкрыцці адбываюцца ўжо на этапе абмеркавання вобразаў. Пасля фотасесіі я прапаноўваю мадэлі выбраць з кожнага вобраза па два фотаздымкі — тыя, што найбольш падабаюцца, і тыя, што не падабаюцца. Такім чынам разам выяўляем схаваны патэнцыял, тое, што яна не бачыла ці не жадала прыняць у сабе.

Жаночае шчасце ў маім разуменні ў тым, каб пазнаёміцца з сабой. Даведацца пра сваю ўнутраную і знешнюю прыгажосць. Дасягнуць гармоніі. І тады ёсць магчымасць сустрэць і свайго мужчыну, з якім ты можаш быць сапраўднай, шчырай. Правільна выхаваць дзіця. Тады не будзе жадання выкарыстоўваць маніпуляцыі ў зносінах.

Такі скарб я адкапала, калі гэтаму навучылася. Сваімі ведамі, якія назапасліся ўва мне за гады пошукаў і прыняцця сябе, я гатова дзяліцца з жанчынамі, якія прыходзяць на тэрапеўтычную фотасесію. Я гатова дапамагаць ім прымяраць новыя вобразы і пражываць новыя, невядомыя ці некалі страчаныя пачуцці.

Пра пазітыўны рух, здаровых дзяцей і стэрэатыпы

Шмат што пра сябе і іншых я зразумела падчас працы ў грамадскай арганізацыі "Пазітыўны рух". Там пазнаёмілася з людзьмі, якія жывуць з ВІЧ. Даведалася іх гісторыі. І, паверце, яны абсалютна не такія, як нам даводзілі. Гэта мяне абурыла. І я вырашыла расказаць, як ёсць насамрэч. Так нарадзіўся мой першы сацыяльны фотапраект "Веды аб ВІЧ".

Былі людзі, якія адмаўляліся фатаграфавацца, бо не гатовы. Але знайшліся і тыя, хто згадзіўся. Пераважна жанчыны, якія пасля далучылі да праекта мужоў, а адна маці нават прывяла сваю дачку.

Больш за ўсё мяне ўразіла гісторыя бізнес-лэдзі Алены. 14 гадоў таму ў яе выявілі ВІЧ... Неўзабаве лёс звёў яе з будучым мужам, таксама ВІЧ-дадатным. Удваіх было лягчэй перажыць стыгмы і дыскрымінацыю. Асабліва ў перыяды цяжарнасцяў і родаў... Алена атрымала антырэтравірусную тэрапію. Таму адважылася на тое, каб нарадзіць першае, другое, а потым і трэцяе ЗДАРОВАЕ дзіця.

Алена расказвала, што ў бальніцы ёй адводзілі асобныя палаты з-за наяўнасці ВІЧ-статусу... Чацвёртае ж дзіця адправілі нараджаць у іншы горад, бо тую радзільню, дзе звычайна нараджала, зачынілі на рамонт. Прыехала туды з мужам і мамай. Там, калі ўбачылі на карце адзнаку аб ВІЧ, сказалі, што ў іх няма месцаў. У выніку дзіця нарадзілася ў крытычным стане і... памерла.

У нашым грамадстве шмат страхаў, заснаваных на стэрэатыпах. На жаль, многія да гэтага часу бачаць перад сабой толькі слоган: "ВІЧ  = СНІД = смерць", які панаваў гадоў дваццаць таму. А ВІЧ і СНІД — гэта не адно і тое ж. Віч-дадатны чалавек, які атрымлівае тэрапію, не з'яўляецца небяспечным для грамадства. Ён можа жыць паўнавартасна, нараджаць здаровых дзяцей.

  ЛЯЧЭННЕ ФОТАздымкамі, або "Раней я таксама вельмі мала разумела пра сябе"Алена Кахновіч, візажыст-стыліст, псіхолаг:

"Я ведаю жанчыну, у якой змянілася жыццё пасля фотатэрапіі"

<І>— Гэтая жанчына — я. Для фотасесіі мы з мужам выбралі сонечны кастрычніцкі дзень. І раптам пачалася мяцеліца.... Снегу выпала — па калена! Тады пераканалася: усё, што адбываецца, заўсёды пра нас. Я ўбачыла, дзе я, дзе не я, зразумела, што маё, што не маё. Гэта вялікі прарыў у маім асабістым развіцці і нават у сямейным. Мне вельмі дапамаглі фотаздымкі і Дзініна зваротная сувязь.

Калі задумвала гэты праект, то ведала, што будуць неадназначныя рэакцыі. Хтосьці лічыць, што людзей, якія жывуць з ВІЧ, неабходна ледзь не пасяліць у рэзервацыю. Большасць жа наведнікаў выставы казалі, што абавязкова пагавораць са сваімі дзецьмі пра ВІЧ, пра кантрацэпцыю. Гэтыя словы для мяне вельмі каштоўныя, бо сведчаць аб тым, што мы ўсё зрабілі правільна.

Часам мне здаецца, што хворыя людзі цэняць тое, што з імі адбываецца, значна больш, чым здаровыя. Пагадзіцеся: мала хто з нас задумваецца, навошта мы жывём, чаго хочам дасягнуць, што нас па-сапраўднаму цікавіць. Словам, плывём па плыні, адкладаючы ўсё сапраўды важнае на потым. І я часам задумваюся, як жа дзіўна заведзена ў людзей: няўжо нам сапраўды трэба перажыць што-небудзь такое стрэсавае, каб пачаць нешта мяняць?

Пра чужыя пачуцці, развод і сямейнае фота

У будучыні хачу звярнуць увагу на праблему ўзаемаадносін у сям'і. Часта ў адносінах паміж бацькамі і дзецьмі шмат напружання. У нас чамусьці прынята раззлавацца, накрычаць, сказаць: "Ідзі ў свой пакой"... Замест таго, каб паспрабаваць зразумець, а што насамрэч непакоіць дзіця, чаму яно плача, маўчыць... Як правіла, бацькоў гэта не хвалюе. Мне ж здаецца, што сям'я — гэта іншае. Калі ты цікавы сваім сямейнікам, а яны цікавыя табе. Калі ў сям'і ведаюць, што для цябе важна сёння, а ты — што важна для іх...

Не трэба баяцца паказваць свае пачуцці іншым: бацькам, мужу, дзецям, сябрам. У нас не прынята гаварыць: "я на цябе пакрыўдзілася", "мне непрыемна", "калі ты не прыйдзеш, я засмучуся". Куды прасцей абясцэніць свае ды і чужыя пачуцці. Адмахнуцца і сказаць нешта накшталт: "Не перажывай, усё будзе добра".

ЛЯЧЭННЕ ФОТАздымкамі, або &quot;Раней я таксама вельмі мала разумела пра сябе&quot;

Нельга ўсе праблемы трымаць у сабе. Агучвайце іх блізкім людзям, псіхолагу... Бо калі вы гаворыце і вас нехта чуе і разумее, тады праблемы выходзяць вонкі і вызваляецца энергія для нечага новага.

Развод я ўспрымаю спакойна. Гэта жыццё. Сама другі раз замужам. Развялася, бо пачала развівацца, расці, а мой былы партнёр не захацеў гэтага рабіць. Я прыняла вельмі складанае рашэнне. Але ні аб чым не шкадую. Калі б я гэтага не зрабіла б, магла б не сустрэць свайго цяперашняга мужа — гэта чалавек, які гатовы сам расці. Гатовы даваць мне свабоду, каб развівацца. Ён гатовы слухаць і чуць. Гэта вельмі каштоўна ў адносінах.

Прага фатаграфаваць у мяне ад дзядулі. Ён быў фатографам, таму, вядома, у нас дома шмат альбомаў з дзіцячымі фотаздымкамі. Люблю разглядаць дзядулевы фота, дзе мы маленькія з братам. Гляджу на іх і бачу, як дзед нас любіў. Калі фатограф цёпла ставіцца да мадэляў, гэта відаць няўзброеным вокам...

У нашай культуры знік інтарэс да сямейнай фатаграфіі. Трэба яе развіваць. Каб пасля дзеці маглі даведацца, як тата з мамай чакалі іх, як мама глядзела на іх у нейкі канкрэтны момант. Нам сёння не хапае гэтай добрай традыцыі: сямейных фота, якія можна было б пакінуць нашчадкам.

Надзея ДРЫЛА. фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.  

ЛЯЧЭННЕ ФОТАздымкамі, або &quot;Раней я таксама вельмі мала разумела пра сябе&quot;

←Ни в селе, ни в городе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика