Мядзельская дзесяціскласніца: "Тэлебачанне толькі нямецкае гляджу, кнігі ў арыгінале чытаю, у фэйсбуку, па скайпе па-нямецку кантактую"
![](http://www.21.by/pub/news/2013/04/1365929522809470.jpg)
Дзесяцікласніца гімназіі-інтэрната Мядзела Караліна Станчык тры гады запар становіцца прызёрам абласных алімпіяд па нямецкай мове.
А сёлета ёй пакарылася і рэспубліканская алімпіяда: напрыканцы сакавіка ў Мазыры яна заваявала Дыплом трэцяй ступені.
І гэта прытым, што нямецкую мову Караліна вывучае толькі на індывідуальных занятках, бо на ўроках у гімназіі авалодвае англійскай.
– Для паспяховага выступлення на алімпіядах неабходныя выдатныя веды. А што яшчэ трэба, на твой погляд?
– Не трэба хвалявацца. Летась на рэспубліканскай алімпіядзе моцна хвалявалася. А калі хвалюешся, забываеш усё, нават самае простае. Сёлета сябе настройвала: нічога страшнага, калі не атрымаецца нешта заваяваць, не толькі перамога важная. Ёсць і іншыя плюсы, напрыклад, знаёмства з новымі сябрамі, новым горадам, ацэнка сваіх ведаў. Паспрабавала не хвалявацца – удалося, нашмат лепшы вынік паказала. Яшчэ скажу, што калі ты не жыў ці не бываў у Германіі, на рэспубліцы шанцаў перамагчы няма. Там цэніцца размоўная мова, без акцэнту, усялякія выказванні, прыказкі, якія можна засвоіць у краіне мовы.
– Адкуль жа такая цікавасць да нямецкай мовы, цяпер усе англійскай захопленыя?
– Справа ў тым, што мая сям’я пэўны час жыла ў Германіі, я закончыла там пачатковую школу. Таму мне цікава вывучаць нямецкую мову, мне яна вельмі падабаецца.
Дапамагаюць Караліне ў вывучэнні прадмета настаўніцы Лідзія Анішкевіч, Вольга Нагела. У гэтым навучальным годзе гімназістка ездзіла на заняткі ў лінгвістычны ўніверсітэт. І сама стараецца мову ўдасканальваць:
– Тэлебачанне толькі нямецкае гляджу, кнігі ў арыгінале чытаю, у фэйсбуку, па скайпе з былымі аднакласнікамі па-нямецку кантактую.
Караліна пакрысе становіцца паліглотам: апроч вывучэння нямецкай і англійскай, яшчэ зацікавілася французскай мовай. Надта ж яна падабаецца, кажа.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота sakha.gov.ru, Алеся ВЫСОЦКАГА.