Без чаго вы не ўяўляеце сваё жыццё?
— Не змагу жыць без Радзімы, у гэтым слове для мяне закладзена сапраўды шмат. Я — патрыёт сваёй краіны, і менавіта тут адчуваю сябе асобай. Тут усё дарагое і роднае сэрцу: мая сям'я, сябры і праца. Усё, без чаго няма сэнсу існавання.
Я таксама не ўяўляю сабе жыццё без музыкі, таму што я — чалавек мастацтва, сама пішу вершы і музыку. Музыка для мяне — гэта стан душы і маё жыццё, якое можна распісаць нотамі на паперы. І яшчэ — вера, у шырокім сэнсе. Я веру ў лепшае, у шчасце і ўдачу, у каханне і, вядома, у Бога.
Алег Хлыстоў, дыктар тэлерадыёкампаніі "Магілёў":— Можна назваць сотні рэчаў, без якіх жыць немагчыма. Напрыклад, без сонца, паветра і вады. Але я маю на ўвазе іншае. На першым месцы ў маім жыцці стаіць сям'я. Мая маці — чалавек, на якога трэба раўняцца. Мая жонка — маё апірышча і карміцелька, мая дачка — працяг майго жыцця і маіх мар. Марыя стала журналісткай, і я ганаруся сваім дзіцем.
Для мяне любімая праца стала другім жыццём. На радыё ў мяне ёсць магчымасць рэалізаваць прыродны талент, і гэта шчасце, што мой голас падабаецца людзям.
А трэцяе — гэта хобі, рыбалка. Прычым я займаюся гэтым у любы сезон і вітаю толькі аматарскую лоўлю рыбы, а не яе здабычу. Мне хочацца застацца сам-насам з прыродай, удалечыні ад урбанізацыі, грукату і пылу.
Вераніка Мунцян, прадавец кветак:— Я абсалютна не ўяўляю сваё жыццё без кветак. Не магу існаваць без гэтай прыгажосці. Я таму вельмі люблю сваю працу, якая стала працягам майго захаплення. Гэта не проста занятасць і заробак, гэта самае найвялікшае задавальненне — прадаваць людзям кветкі. У нашай будзённай шэрасці кветкі дораць радасць. Я цяпер захварэла, але іду на папраўку і толькі і думаю пра тое, што трэба прывезці архідэі і якія цудоўныя яны будуць.
І вядома ж, я не магу жыць без сваёй сям'і — гэта маці, муж, сын і дачка. Што датычыцца нейкіх звычайных рэчаў, накшталт зубной шчоткі, то я здолею жыць без іх вельмі лёгка. А вось сям'я, кветкі і праца — гэта самае дарагое.
Падрыхтавала Ілона Іванова.