Ці верыце вы ў гараскопы і прадказанні?
— Я лічу, што ўсё ў жыцці не проста так. Тайна імені, зоркі, лічбы — гэтыя рэчы здольныя ўплываць на наш лёс. У мяне заўсёды так атрымліваецца, што прадказанні збываюцца. Напісана, што пасварышся з блізкімі — так і будзе. Калі ў жыццёвых сітуацыях аказваюся на раздарожжы, то, прымаючы рашэнне, прыслухоўваюся не толькі да розуму, але і да гараскопаў і прадказанняў. Неяк з Партугаліі мне прывезлі цукеркі ў падарунак. Маленькая каробачка была перавязана стужачкамі. Лічыцца, што калі такую стужачку завязаць на руку, пры гэтым загадаць жаданне і з'есці цукерку, а потым дачакацца, пакуль стужка сама парвецца, то ўсё здзейсніцца. Гэта было якраз падчас майго ўдзелу ў адным конкурсе — і я перамагла.
Ганна ГРЫБІНІК, дыспетчар службы таксі, г. Брэст:— Цікавіцца гараскопамі пачала ў юнацтве. Цікава было чытаць пра свой знак і сумяшчальнасць у пары. З гадамі ў пытанні "верыць ці не верыць" стала ўсё больш схіляцца да станоўчага адказу. Па даце нараджэння на сайтах, што трапляліся, пабудавала натальную карту для сябе і сваіх блізкіх. Гэтая інфармацыя дапамагала мне зразумець сябе, пераадолець унутраныя канфлікты і нават павысіць самаацэнку. Таму да астралогіі стаўлюся сур'ёзна. А што датычыцца прадказанняў, то тут таксама ёсць пэўны вопыт. Наведвала неяк варажбітку. Прадказанні збыліся 50 на 50, але варта аддаць ёй належнае — псіхалагічны партрэт па фота быў дакладным.
Юлія РЫПІНСКАЯ, спартсмен-інструктар нацыянальнай зборнай па цяжкай атлетыцы, г. Мінск:— Я чалавек па прыродзе сваёй уражлівы. Мяне цікавяць гараскопы і прадказанні. Мяркуючы па ўласным вопыце, адназначна не магу сцвярджаць, што гараскопы заўсёды збываюцца. Але здаралася і так. Напрыклад, неяк перад адказнымі спаборніцтвамі я прачытала: "Запас энергіі памножыўся ўдвая! Сёння толькі гучныя ўчынкі! З вашым запасам энергіі вы маеце ўсе шанцы заявіць свету пра сябе". І збылося — я выйграла чэмпіянат Еўропы... У прадказанні таксама веру. І веру ў людзей, якія здольны прыадкрыць будучы лёс.
Падрыхтавала Алена ДРАПКО.