"Вынайсці" для сябе веласіпед
Сёлетняе спазненне вясны найбольш засмучае, напэўна, аматараў актыўнага адпачынку, у прыватнасці, веласіпедных прагулак. "Адвесці душу" яны могуць пакуль у Нацыянальным гістарычным музеі, дзе зараз праводзіцца выстава "Два колы", прысвечаная гісторыі вела- і мотатэхнікі ў Беларусі. Не засумуюць, знаёмячыся з экспазіцыяй, і тыя, хто веласіпедам і матацыклам ніколі не захапляўся, — цікавага хопіць для ўсіх.
Ці ведалі вы, што менавіта веласіпед быў "стваральнікам" моды на жаночыя нагавіцы? А што першы матацыкл — гэта ўсяго толькі звычайны веласіпед з маторчыкам? Кажуць: "не трэба нанова вынаходзіць веласіпед". А ці ведаеце вы, што гэтае вынаходства адбылося не так даўно, як падаецца, — у 1817 годзе? Менавіта гісторыі гэтага транспартнага сродку прысвечана фатаграфічная частка экспазіцыі. Тут і выявы дзетак на "трохколавіках", і беларускія сяляне ў пачатку ХХ стагоддзя, вядома, са сваімі "жалезнымі памагатымі".
У Беларусі веласіпеды з'явіліся толькі напрыканцы ХІХ стагодзя, але папулярнасць набіралі вельмі хуткімі тэмпамі. Менавіта тады ў Мінску пад патранажам графа Караля Чапскага з'явіліся велатрэк і велапракат. Знаходзіліся яны на месцы сучаснага парку імя Горкага. У той жа час беларусы пачалі ладзіць спаборніцтвы па веласпорце. У 1913 годзе мінчане зарэгістравалі амаль паўтысячы веласіпедаў. У той час іх сапраўды трэба было рэгістраваць, адпаведныя дакументы можна пабачыць на стэндах.
Першыя матацыклы, што не дзіўна, з'явіліся ў "сінявокай" трохі пазней. Вынаходнікам гэтага транспарту стаў немец Готліб Даймлер (заснаваная ім кампанія зараз сусветна вядома пад назвай "Mеrсеdеs-Bеnz"), менавіта ён у 1885 годзе презентаваў публіцы ўжо згаданы вышэй "веласіпед з маторам".
Гісторыя веласіпедаў і матацыклаў у Беларусі становіцца фактычна адным цэлым пасля Вялікай Айчыннай вайны. Справа ў тым, што ў разбураным яшчэ Мінску ў 1945 годзе запрацаваў веласіпедны завод. Дарэчы, амаль усё абсталяванне прадпрыемства было трафейным — нямецкім. Таму першыя беларускія веласіпеды як дзве кроплі вады былі падобныя да сваіх "братоў" з Германіі. А праз шэсць гадоў у Маскве вырашылі, што ў сталіцу БССР мэтазгодна будзе перанесці яшчэ і вытворчасць матацыклаў. Пачалася гісторыя ММВЗ — Мінскага матацыклетнага і веласіпеднага завода.
— Адна палова экспанатаў знаходзіцца ў нашых уласных фондах, — расказвае Таццяна ШКЛЯР, загадчыца экспазіцыйна-выставачнага аддзела Нацыянальнага гістарычнага музея, — другую мы атрымалі з музея ММВЗ. Як толькі выстава скончыцца ў Мінску, гэтыя экспанаты паедуць вандраваць па іншых гарадах Беларусі. А 12 ліпеня, на дзень нараджэння беларускага матацыкла, мы плануем зладзіць вялікае шоу ў сталіцы. Увогуле, адкрываючы выставу, мы не ставілі сабе за мэту паказаць усю гісторыю гэтых відаў транспарту, а толькі частку, якая ў першую чаргу датычыцца Беларусі.
Паводле слоў Таццяны Шкляр, людзей прыходзіць шмат. Некаторыя праводзяць у зале шмат часу, асабліва тыя, хто цікавіцца тэхнікай. Яны разглядаюць "начынку" машын, шукаюць нешта знаёмае. Гэта нескладана, бо тут прадстаўлены не толькі рэдкія, але і вельмі папулярныя ў свой час у народзе мадэлі.
Аднак заўзятых аматараў матацыклаў адразу хочацца папярэдзіць, што адчуць сябе матацыклістам у поўнай меры не атрымаецца — на ўсю тэхніку распаўсюджваюцца звычайныя музейныя забароны. А таму пасядзець за стырном ці замяніць масла не ўдасца.
Затое будзе цікава даведацца, чаму на корпусе самага першага беларускага матацыкла было напісана не звыклае "Мінск", а, здавалася б, неабгрунтаванае "Масква". Магчыма, сюрпрызам для многіх стане мадэль ММВЗ-3.227, створаная у 1988 годзе спецыяльна для мотагонак. Ці гэтая ж мадэль, пераробленая рукамі мінскага кастамайзера (майстра, які займаецца мадэрнізацыяй) Юрыя Шыфа, што з'яўляецца самай хуткай сярод усіх матацыклаў "Мінск". Яна разганяецца да 160 км/г. Або, напрыклад, матацыкл, які распрацоўвалі на ММВЗ для беларускай міліцыі ў сярэдзіне 90-х. А камусьці проста будзе прыемна панастальгіраваць па сваёй маладосці — атмасфера тут ствараецца спрыяльная. Карацей кажучы, сюрпрызаў хопіць.
Дарэчы, асабліва актуальнай такая выстава выглядае сёння — у час, калі Беларусь сутыкнулася з сапраўдным "бумам" папулярнасці веласіпедаў. Таму любому заўсёдніку мінскай веладарожкі, што цягнецца праз горад уздоўж Свіслачы, сумаваць не прыйдзецца: у гісторыі айчыннага веласіпеда і матацыкла — шмат цікавага.
Выстава "Два колы" будзе працаваць у гістарычным музеі да 14 красавіка.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.