Строі для "марачак" і цудадзейны абутак
Сланцы для пахудзення, ільняныя басаножкі, доўгія пальчаткі з трыкатажу, дзіцячае адзенне ў "марскім" стылі... На ХХХІІ міжнароднай выставе-кірмашы "БелТЭКСлегпрам. Вясна 2013" паказалі гэтыя і многія іншыя рэчы, якія ў хуткім часе беларусы змогуць знайсці ў крамах.
У рэпартажы карэспандэнтаў "Звязды" — самае цікавае і нечаканае, што ўдалося знайсці на форуме...
...Першае, на чым спыніўся позірк, калі зайшлі ў самую гушчу выставачнай залы, былі жаночыя льняныя басаножкі на танкетцы:
— Гэта адна з сёлетніх навінак, — патлумачыла нам вядучы спецыяліст па маркетынгу адкрытага акцыянернага таварыства "Лідская абутковая фабрыка" Вікторыя Астапенка. — Яркая льняная тканіна — вельмі практычны і прыгожы матэрыял, ідэальна падыходзіць для лета.
У краме такі абутак абыдзецца прыкладна ў 155 тысяч рублёў. Таксама гэтай вясной лідскія вытворцы абутку плануюць выпусціць гасцінічныя тапкі і спартыўны абутак з лагатыпам чэмпіянату свету па хакеі — 2014, ільняныя кеды для падлеткаў і дарослых.
— Мужчынскі абутак на "ліпучках" карыстаецца попытам, — адзначае Вікторыя Астапенка. — Многія мужчыны, як і дзеці, мабыць, не любяць завязваць шнуркі. Што ж датычыць дзіцячага абутку, то сёлета мы ў традыцыйнай серыі дзіцячых сандаляў зрабілі новую падэшву. Яна крыху іншая па якасці і супадае па колеры з самім абуткам.
Самай нечаканай навінкай ад Лідскай фабрыкі абутку сталі сланцы для пахудзення. На першы погляд гэта звычайны летні пляжны абутак, які ў народзе называюць "гумовым". Але па словах прадстаўнікоў фабрыкі, новыя сланцы не такія простыя, якімі здаюцца. Спецыяльная будова падэшвы гэтага абутку пры хадзьбе дае нагрузку на шматлікія мышцы. Яны пачынаюць дадаткова працаваць і "трэніравацца". Як сказана ў рэкламным праспекце прадпрыемства, сланцы для пахудзення "павялічваюць актыўнасць лытак і ягадзічных мышцаў і паляпшаюць мускульны тонус". Каштаваць гэты цудадзейны абутак будзе каля 100 тысяч рублёў.
Дарэчы, звычайныя сланцы для пляжу, акурат такія, як многія беларусы прызвычаіліся набываць на рынках, у Беларусі таксама выпускаюць. Як расказала Вікторыя Астапенка, розніца ў кошце з кітайскімі аналагамі ёсць:
— Звычайна стараемся прадаваць крыху танней, чым каштуюць прывазныя.
Разабраўшыся з сёлетнімі "тэндэнцыямі для ног", трапляем акурат да супрацьлеглага. Каб не мерзнуць на халаднаватым веснавым ветры, на рукі варта надзяваць пальчаткі. Пажадана прыгожыя і элегантныя, каб падтрымліваць веснавы настрой.
— Вельмі папулярныя зараз пальчаткі пясочнага колеру. Чорны, традыцыйны, таксама карыстаецца попытам, — расказала вядучы спецыяліст аддзела маркетынгу гродзенскай пальчатачнай фірмы "Акцэнт" Вольга Раманчык.
На стэндзе гэтага прадпрыемства адразу звярталі на сябе ўвагу аўтамабільныя пальчаткі яркіх колераў (чырвоныя, бэзавыя, бірузовыя), дэкарыраваныя заклёпкамі і дзірачкамі, пальчаткі з гузікамі, аплікацыяй і пляценнем. Што датычыцца цэн, то тут усё залежыць ад скуры, з якой пальчаткі пашыты. Пара з казлінай скуры абыдзецца прыкладна ў 200 тысяч рублёў, а з аленевай і авечай — 250-300 тысяч рублёў. Модніцам могуць спадабацца доўгія трыкатажныя пальчаткі, якія "Акцэнт" прапануе на гэтую вясну. Кошт адной пары складзе ад 50 да 70 тысяч рублёў.
Жаночае адзенне на выставе было прадстаўлена безліччу прадпрыемстваў — як беларускіх, так і замежных, усіх не пералічыш. Але каля аднаго стэнда нельга было не затрымацца. Пра стыльныя жаночыя рэчы, пашытыя з беларускіх ільняных тканін, захацелася даведацца больш. Прадстаўнікі прыватнага прадпрыемства "Еvlеnа" расказалі пра сваю прадукцыю:
— Нядаўна мы сталі выпускаць адзенне вялікіх памераў. Цяпер у нашых калекцыях лёгка можна знайсці рэчы з маркіроўкай 50-58. Шыем толькі з натуральнага матэрыялу. На сукенках і сарафанах робіцца прыгожая вышыўка: ручная, кам'ютарная, а часам спалучаем і першае, і другое. Таксама для аздараўлення выкарыстоўваем розныя колеры тканіны ў спалучэнні.
Вялікім попытам адзенне фірмы карыстаецца ў расіян. У суседняй краіне лён каштуе вельмі дорага. У Мінску льняную прыгажосць ад "Еvlеnа" можна набыць у фірменнай краме на "Ждановічах", а таксама ў ЦУМе. Прыкладны кошт рэчы з вышыўкай будзе ад 720 — 750 тысяч рублёў, ад 590 тысяч будуць каштаваць рэчы без складанага дэкору.
Папулярныя зараз у падлеткаў і моладзі байкі мы знайшлі на стэндзе віцебскага прадпрыемства "КІМ".
— У сёлетняй калекцыі пакупнікоў можа зацікавіць яшчэ і школьнае адзенне (блузкі для дзяўчынак-старшакласніц), мужчынскія кашулі-пола. Для хлопчыкаў выпусцілі серыю футболак "Вінтаж" з цікавымі прынтамі, якія абавязкова спадабаюцца маленькім моднікам. Можна яшчэ ўзгадаць летняе адзенне ў "марскім" стылі для дзяўчынак, — расказала мастак таварыства "КІМ" Ганна Пузікава.
Дзецям, дарэчы, у гэтым сезоне "пашанцуе" і са школьнай формай. На выставе давялося пабачыць дзявочае адзенне ў дзелавым стылі ад таварыства "Калінка". З цікавага — пінжак, які можа ператварыцца ў стыльнае балеро, калі адшпіліць ніжнюю частку, што трымаецца на "маланцы", а таксама блузкі з цікавымі элементамі. Акурат адзенне для стыльнай дарослай дзяўчыны, толькі ў паменшаным выглядзе.
Выстава ў НВЦ "БелЭКСПА" працуе да 4 красавіка. Уваход — вольны.
Ганна ГАРУСТОВІЧ