Сайт Беларускай чыгункі пераклалі на беларускую мову
У сайта Беларускай чыгункі 2 красавіка з'явілася версія на беларускай мове, паведамляе БелаПАН.
Раней пра навіны БЧ і расклад цягнікоў можна было даведацца на сайце толькі на рускай мове. Цяпер працуе і беларуская версія.
Ідэю перакладу сайта на беларускую мову прапанаваў прыхільнік ініцыятывы «Справаводства па-беларуску!» з Украіны Васіль Бабіч. Ён быў вельмі здзіўлены тым, што сайт БЧ функцыянуе толькі на рускай мове. Акрамя таго, каб паглядзець расклад цягнікоў, неабходна ўводзіць у пошукавыя звесткі толькі літары рускага алфавіта, а, напрыклад, на літары беларускага алфавіта «і» і «ў» сістэма наогул не рэагавала.
Да кіраўніцтва БЧ з прапановай больш шырокага выкарыстання беларускай мовы грамадзянская ініцыятыва «Справаводства па-беларуску!» звярнулася яшчэ ў 2010 годзе. Да таго ж грамадзяне, якія падтрымліваюць ініцыятыву, напісалі вялікую колькасць лістоў кіраўніцтву БЧ.
«Нарэшце нашы намаганні далі вынік, — адзначыў каардынатар ініцыятывы гамяльчанін Ігар Случак. — Сёння сайт Беларускай чыгункі мае беларускую версію, а ў пошукавіку цягнікі рэгіянальных ліній эканамкласа і гарадскіх ліній можна шукаць па-беларуску. Думаю, у хуткім часе па-беларуску можна будзе шукаць і цягнікі міжнародных і іншых ліній».