Ад сёння два месяцы забараняецца лавіць рыбу

Источник материала:  

Забарона на лоўлю рыбы ўводзіцца з 1 красавіка да 30 мая.

Намеснік начальніка Мядзельскай  міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Валянцін Галубовіч  адказаў на пытанні карэпандэнта “РГ”.

– Штогод з 1 красавіка ўводзіцца забарона на лоўлю рыбы. Чаму?

– Асноўныя віды прэснаводных рыб нерастуюць у асноўным вясной. Падчас адкладання ікры нават нязначны шум на нерасцілішчах можа прыпыніць гэты працэс. Таму і ўводзіцца забарона, якая стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця ікры і росту малька.

У вясенні перыяд, згодна з Правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, дазваляецца аматарскае рыбалоўства толькі адной вудай з адным кручком або адным спінінгам, аснашчаным штучнай прынадай, з адным адзінарным або двайным ці трайным кручком памерам не больш за №10 (па міжнароднай класіфікацыі №1) у светлы час сутак і толькі з берага.

 З любых збудаванняў, размешчаных у вадзе, над воднай роўняддзю на адлегласці ад берага, у гэты перыяд рыбачыць забаронена. Акрамя таго, грамадзянам нельга выкарыстоўваць маламерныя судны і судны з падвяснымі рухавікамі.

– Чаму шчупака нельга лавіць з 1 сакавіка?

– Нераст шчупака пачынаецца раней.

– Якія штрафы пагражаюць браканьерам  у перыяд забароны?

– Яны могуць быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці. Выкарыстанне недазволеных прылад рыбалоўства або спосабаў лоўлі (ч. 1 арт. 15.35 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях) пагражае штрафам ад 10 да 50 базавых велічынь.

 Таксама давядзецца пакрыць шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю: яна вылічаецца ў трайным памеры па кожнай канфіскаванай або знішчанай дзікай жывёліне або відзе рыбы. Калі ж памер страты складае больш за 40 базавых велічынь, то надыходзіць крымінальная адказнасць.

– На ваш погляд, ці больш браканьераў затрымліваюць падчас нерасту?

–  У 90-х гадах мінулага стагоддзя, калі яшчэ не было Нацыянальнага парку “Нарачанскі” з аддзелам аховы і штрафы былі невялікія, парушальнікі ў перыяд нерасту трапляліся часта. На возера лезлі ўсе, каму не лянота. А цяпер на Мядзельшчыне затрымліваюцца лічаныя асобы. Мяркую, гэта звязана з тым, што ўсе прыродаахоўныя органы працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. І адказнасць за парушэнні ўзмацнілася,  і народ становіцца больш свядомым.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота belregnews.ru.


Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика