Сапраўдная музыка жыве ў вяках

Источник материала:  

Заканчэнне. Пачатак у нумары за 28 сакавіка г. г.

Навуковае абгрунтаванне

Вось урывак з ліста старшыні СВК «Астрамечава» Аляксея Скакуна да кіраўніка апарата ўпраўлення Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пятра Віцязя:

«Доўгі час адзін з буйнейшых музычных помнікаў усходнееўрапейскага барока, знойдзены ў бібліятэцы Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве беларускім даследчыкам Адамам Мальдзісам, лічыўся «Полацкім сшыткам». Сёння ўжо вядома, чаму так сталася, і што на самай справе гэты дакумент паходзіць з вёскі Астрамечава Брэсцкага раёна. Назву «Полацкі» першымі прапанавалі музыканты з ансамбля «Кантабіле», што было зроблена дзеля брэндавай раскруткі. Маўляў, ніхто не ведае гэтае Астрамечава. А хацелася б, каб ведалі. Не ў кожнай вёсцы можна адшукаць гісторыка-культурныя каштоўнасці такой велічыні і значнасці, як «Полацкі (Астрамечаўскі) сшытак». Просім вас дапамагчы ў аднаўленні гістарычнай справядлівасці».

Такую перапіску кіраўніцтва СВК «Астрамечава» вяло і з многімі іншымі ўстановамі. Што цікава, ніхто не аспрэчвае той факт, што знойдзены ў Кракаве рукапіс сапраўды павінен называцца «Астрамечаўскім». Аднак вырашыць гэтае пытанне, аказваецца, не так проста.

З ДНУ «Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» адміністрацыі СВК «Астрамечава» паведамілі, што «як вынікае з праведзенай экспертызы, зафіксаваная ў Беларусі назва «Полацкі сшытак» з’явілася ў выніку першапачатковага азнаямлення з матэрыялам беларускіх музычных выканаўцаў і была выкарыстана калектывам «Кантабіле» з рэкламнымі мэтамі. Зараз назвы «Полацкі сшытак», «Астрамечаўскі рукапіс» выкарыстоўваюцца ў масавым друку, сетцы Інтэрнет і на эстрадзе бессістэмна». Праўда, навукоўцы Інстытута мовы і літаратуры палічылі гістарычна апраўданым ужыванне апошняй назвы. І дадалі: «Паколькі дадзены архіўны дакумент захоўваецца ў Рэспубліцы Польшча, пытанне аб яго перайменаванні выходзіць за межы кампетэнцыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».

— Атрымаўшы такі адказ, мы крыху разгубіліся, — расказвае Міхаіл Губараў. — Нам параілі звярнуцца ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і папрасіць, каб яны рэкамендавалі творчым музычным калектывам, прадзюсарам, рэкламным дзеячам пры складанні канцэртных праграм, арганізацыі культурных мерапрыемстваў выкарыстоўваць назву «Астрамечаўскі рукапіс» як найбольш дакладную. Але зразумела, што не кожны адразу прыслухаецца да такой парады.

Зрэшты, як вынікае з ліста, прыйшоўшага ў адказ на запытанне аб правамернасці ўжывання назвы «Астрамечаўскі рукапіс» з Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, пытанне аб перайменаванні дакумента ўвогуле не стаіць. Рукапіс нідзе афіцыйна не зарэгістраваны як «Полацкі сшытак». «Гэта была ўмоўная, увайшоўшая ў абіход назва, а не дакладнае, навукова абгрунтаванае вызначэнне. Такім чынам, з улікам аб’ектыўнай рэчаіснасці, лічым дакладным вызначэнне дадзенага помніка культуры як «Астрамечаўскі рукапіс», — паведамілі спецыялісты навуковай установы.

З заяўкай на фестываль

Такія пераканаўчыя аргументы дазволілі астрамечаўцам куды больш аптымістычна паглядзець на далейшы лёс старажытнага песеннага рукапісу. Кіраўнік аднаго з самых вядомых у краіне сельгаспрадпрыемстваў, член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксей Скакун лічыць, што гэты дакумент можа стаць сапраўдным брэндам мясцін, дзе ён з’явіўся на свет.

— Астрамечава хутка адзначыць 500-годдзе з часу заснавання, — гаворыць Аляксей Сцяпанавіч. — І было б няблага, каб гэтую значную, доўгачаканую падзею мы сустрэлі з уласным фестывалем, падрыхтаваным на аснове нашага славутага сшытка.

Падрыхтоўка да фестывалю ўжо ідзе. Разам з Міхаілам Губаравым працэс каардынуе дырэктар Брэсцкага раённага Дома рамёстваў Таццяна Лук’янюк. Ствараецца сцэнарый, прадумваецца ідэйны змест культурнай імпрэзы. Ажыццявіць маштабную прэзентацыю «Астрамечаўскага рукапісу» мяркуецца ўжо ў бягучым годзе. Гэта будзе першая спроба, у якую з часам арганізатары, верагодна, унясуць пэўныя карэктывы. Што да канкрэтнай даты правядзення фестывалю, пакуль яна не вызначана. Хутчэй за ўсё мерапрыемства адбудзецца напачатку восені, калі астрамечаўцы традыцыйна адзначаюць Дзень вёскі. Сёлета ён мае ўсе шанцы стаць сапраўды незвычайным і вельмі прадстаўнічым.

Праграма будучага свята цяпер узгадняецца з кіраўніцтвам Брэсцкага райвыканкама, упраўленнем культуры Брэсцкага аблвыканкама і іншымі зацікаўленымі арганізацыямі і ўстановамі. Прастора для дзейнасці, па словах Таццяны Лук’янюк, надзвычай шырокая. Фестываль можа стаць сапраўднай візітоўкай Брэсцкага раёна, многія ўраджэнцы якога пакінулі незабыўны след у сусветнай гісторыі. Варта ўзгадаць хаця б імёны грамадскіх дзеячаў, змагароў за незалежнасць Казіміра Лышчынскага, Юліяна Урсына Нямцэвіча, што выйшлі ў вялікі свет менавіта з прыбужскіх мясцін. На жаль, у гэты шэраг сёння немагчыма паставіць аўтара «Астрамечаўскага рукапісу». Для нашчадкаў яго імя засталося невядомым, што і зразумела. У той далёкі час важна было данесці да нашчадкаў не столькі дадзеныя аб укладальніку, колькі змест музычных твораў.

Рукапіс, які актуальны і сёння

Азнаёміўшыся са зместам нотнага рукапісу, можна зрабіць выснову, што ў асноўным яго складаюць шматлікія танцы заходнееўрапейскага і славянскага паходжання. З першых адразу вылучаюцца бергамаска, павана, сарабанда, з другіх — казачок і мазур. Зборнік налічвае 64 старонкі нотных тэкстаў і падзяляецца на чатыры часткі, сэнсава не звязаныя паміж сабою. Акрамя танцаў, у яго склад уваходзяць творы для інструментальных ансамбляў і сольных выканаўцаў. Імёны і прозвішчы аўтараў некаторых з іх дайшлі да нашых дзён. Напрыклад, фантазія для аргана кампазітара Пётры Жаляхоўскага, а таксама яго канцона для дзвюх скрыпак карыстаюцца папулярнасцю і ў сучасных музыкантаў.

Вакальныя творы складаюць у асноўным папулярныя ў свой час рэлігійныя і свецкія лірычныя песні і канты. Чатыры з іх маюць падтэкстоўкі, астатнія ўтрымліваюць толькі цытаты першых слоўных радкоў на лацінскай, польскай і царкоўнаславянскай мовах. Некаторыя тэксты даследчыкі цалкам рэканструявалі і нават вызначылі іх аўтараў. Сучаснаму чытачу гэтыя імёны мала аб чым гавораць, аднак калісьці яны былі на слыху. Так, змест «Астрамечаўскага рукапісу» складаюць творы Мікалая Шажынскага, Яна Морштына, Ежы Шлыхтынга і іншых беларускіх і польскіх паэтаў. Разам з рэлігійнымі вершамі «Божа прыйдзеш», «Езус Хрысце», «Слава Духу Святому» ў зборнік уваходзяць і лірычныя гарадскія песні, папулярныя ў той час: «Уражаны табой», «Служыў табе доўга», «Цудоўная і вясёлая ўцеха», «Дама», «Яшчэ сонца», «Каля вясёлага танца»… Хутчэй за ўсё рукапіс належаў клавіацымбалісту ці арганісту, які выкарыстоўваў яго ў сваёй выканальніцкай практыцы. На гэта, прынамсі, па ацэнках спецыялістаў, указвае тып выкладу большасці твораў.

«Астрамечаўскі рукапіс», на думку даследчыкаў, мае вялікую пазнавальную і мастацкую каштоўнасць як захавальнік узораў музыкі, што складала ў свой час цэлы пласт мясцовага ўжытковага мастацтва. Гэты помнік сведчыць аб шырокім бытаванні на Беларусі і творчым пераўтварэнні музыкі агульнаеўрапейскіх песенна-танцавальных жанраў, багацці і разнастайнасці рэпертуару мясцовых творцаў.

Пытаюся ў Таццяны Лук’янюк, ці зацікавіць такая музыка сучасных слухачоў.

— Ніколькі ў гэтым не сумняваюся, — адказвае мая субяседніца. — Творамі з гэтага сшытка ў свой час захапляўся сам Уладзімір Караткевіч, калі яму прапанавалі іх паслухаць. Ёсць нямала выканаўцаў, якія цудоўна адчуваюць рытміку такой музыкі. Падчас фестывалю мы маем намер пазнаёміць з імі нашых гасцей. Абавязкова прадставім мясцовыя таленты, якіх на астрамечаўскай зямлі хапае.

Што ж, было б някепска, калі б грандыёзныя планы астрамечаўцаў ажыццявіліся. Фестываль, безумоўна, стаў бы яскравай падзеяй, якая дапамагла б многім людзям адкрыць славуты прыбужскі куток з іншага, пакуль невядомага, боку. Цікавых імпрэз, што адбываюцца на базе сельгаспрадпрыемстваў, сёння ёсць нямала. У Брэсцкай вобласці гэта і «Мотальскія прысмакі» ў Іванаўскім раёне, і «Спораўскія сенакосы» на Бярозаўшчыне, і іншыя фестывалі, што карыстаюцца папулярнасцю ў гасцей. «Астрамечаўскі рукапіс» і ўсё, што будзе створана на яго аснове, мажліва, стане асаблівай культурнай падзеяй. Ва ўсялякім разе, усе перадумовы для гэтага ёсць.

Аляксандр КУРЭЦ, «БН»

←«Полешуки воды не боятся!»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика