Не быць ранцье, не пераймаць Захад

Источник материала:  

Не быць ранцье, не пераймаць ЗахадЦікавы артыкул з'явіўся ў рускамоўным інтэрнэце ў мінулым месяцы. Віталь Траццякоў у сваім артыкуле "Чаму ў нас нічога не атрымліваецца? І не атрымаецца, калі так будзем і далей дзейнічаць. Што ёсць Расія?" прапанаваў механізм па ўсталяванні рэальнай справядлівасці, які падштурхне расійскае грамадства да аб'яднання з уладай. Сутнасць яго простая: "аддаць кожнаму яго законную частку нацыянальных прыродных багаццяў". Аўтар прапануе перадаць кожнаму грамадзяніну Расіі права на частку нацыянальных багаццяў Расіі, г.зн. на пэўную колькасць зямлі, вады, драўніны, нафты, газу, золата і брыльянтаў.

Але тут адразу ж магчымыя наступныя праблемы.

Па-першае, робячы такую прапанову, аўтар бачыць перспектывы развіцця Расіі ў эксплуатацыі прыродных багаццяў краіны. Насамрэч гэта тупіковы шлях. Расія ўжо стала сыравінным прыдаткам Еўрасаюза, як раней сыравіннымі прыдаткамі Захаду сталі Кувейт і Саудаўская Аравія. Шлях з мноствам небяспек. Адну з іх наглядна прадэманстравалі нядаўнія праблемы з Грэцыяй у Еўрасаюзе. Фінансавыя непарадкі ў 11-мільённай краіне, якая ўваходзіць у Еўрасаюз, выклікалі з-за асцярогі падзення попыту на расійскую сыравіну па ўсім ЕС імклівы абвал каціровак расійскага рубля да долара і еўра — больш чым на 20% за некалькі месяцаў 2011 года. Нават на гэтым простым прыкладзе відаць уразлівасць 143-мільённай краіны з самай вялікай у свеце тэрыторыяй з-за арыентацыі на сыравінныя рэсурсы.

Другой праблемай з'яўляецца бурнае развіццё нанатэхналогій і біятэхналогій. Не так ужо і далёка той дзень, калі, каб зрабіць новую прадукцыю, больш не будзе неабходнасці закупляць нафту або метал у Расіі. Дастаткова будзе зачарпнуць рыдлёўкай зямлі на сваім заднім двары і кінуць яе ў апарат. І на аснове нана- і біятэхналогій апарат раскладзе гэтую зямлю на малекулы і атамы і зробіць з іх новую кашулю, шыну, цацку — і яшчэ дзясяткі тысяч іншых тавараў, якія цяпер вырабляюць, закупляючы сыравіну. Што тады будуць рабіць краіны, якія цалкам завязалі сваю эканоміку на экспарт сыравіны?

Па-трэцяе, такая рэформа зробіць з грамадзян Расіі ранцье. Яны будуць сядзець і спадзявацца на цуд, на тое, што на сусветным рынку падаражэюць альбо нафта, альбо золата, і яны стануць багатымі. Але людзі з псіхалогіяй ранцье не могуць зрабіць нічога добрага для сваёй краіны. Такія ранцье ў Расіі ўжо ёсць — сыравінныя алігархі, якія атрымалі ў 1990-х велізарныя прыродныя багацці пад свой кантроль і з тых часоў эксплуатуюць іх без крэатыўнасці, здымаючы штогадовую прыродную рэнту. Менавіта падобнага тыпу бізнэсменаў цяперашні прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў ахарактарызаваў наступным чынам у 2009 годзе ў сваёй прамове "Расія, наперад!", гаворачы пра "прадпрымальнікаў", якія нічога не прадпрымаюць". Яны добра ўладкаваліся. У іх "усё ёсць". Іх усё задавальняе. Яны збіраюцца да сканчэння веку выціскаць даходы з рэшткаў савецкай прамысловасці і разбазарваць прыродныя багацці, якія належаць усім нам". Каб дасягнуць поспеху ў глабальнай канкурэнцыі ХХІ стагоддзя, Расіі патрэбны не ранцье, а энергічныя, мэтанакіраваныя грамадзяне, якія добрасумленна працуюць на свае і агульнанародныя перспектывы.

Не быць ранцье, не пераймаць Захад

Цяжка пагадзіцца і з пазіцыяй аўтара аб тым, што галоўным пытаннем развіцця Расіі ў цяперашні момант з'яўляецца выбар паміж перайманнем Захаду і стварэннем "альтэрнатыўнага Захаду". Трагедыяй як СССР, так і цяперашняй Расіі з'яўляецца зацыкліванне на тым, што часта ўжо не з'яўляецца актуальным. І СССР можна было выратаваць, і цяперашнюю Расію трэба мадэрнізаваць, арыентуючыся зусім не на Захад або натхнёна ствараючы нейкую абстрактную альтэрнатыўную мадэль. І тады, і цяпер, быў арыенцір, на які не звярнулі ўвагі. І дарэмна. Пачаўшы першыя рэформы ў сферы сельскай гаспадаркі ў канцы 1970-х, Кітай з краіны галадаючых стаў за некалькі гадоў буйным экспарцёрам прадуктаў харчавання. Проста дазволіўшы сялянам браць зямлю, наймаць працаўнікоў і свабодна прадаваць вырабленую сельгаспрадукцыю ў гарадах. У далейшым пачаліся рынкавыя рэформы ў прамысловасці — замест прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў (шлях Расіі ў 1990-х, які прывёў да знішчэння і дэградацыі большасці з іх), Кітай вылучыў месца для паралельнага стварэння побач з дзяржаўным сектарам новых айчынных і замежных прыватных фабрык. У выніку стаў падвойваць прамысловы патэнцыял кожныя некалькі гадоў. Калі б Гарбачоў пачаў рэформы не з пераймання Захаду і знішчэння савецкай ідэалогіі, а проста крэатыўна ўкараніў перадавы кітайскі досвед у эканоміцы, то ў СССР да канца 1980-х былі б на прылаўках крам не запыленыя галёшы 46-га памеру, а па трыццаць гатункаў каўбасы і сыру. Тым самым здымаючы адзін з галоўных папрокаў да савецкай улады ў насельніцтва.

І цяпер яшчэ не позна вучыцца ў Кітая. Як гэта робіць ліхаманкава Захад, спрабуючы ўратавацца ад краху, паколькі заходні эканамічны крызіс у якасці галоўнай сваёй прычыны мае рэзка ўзрослую канкурэнцыю з боку кітайскай прадукцыі. Тое ж варта рабіць і Расіі. Шляхі досыць простыя — не дзяліць прыбытак ад экспарту сыравінных рэсурсаў паміж нешматлікімі або шматлікімі ранцье, а накіроўваць яго на стварэнне новых высокатэхналагічных прадпрыемстваў, што вырабляюць канкурэнтаздольную прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю. Што, уласна, сёння робіць і Кітай — на грошы, заробленыя ад экспарту тавараў прамысловай групы.

Сяргей КІЗІМА, загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар палітычных навук.

←Краткий курс риторики

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика