Пабудуем удоду ўтульную хатку

Источник материала:  

Нарэшце пацяплела, а гэта значыць, што многія пералётныя птушкі ўжо праз тыдзень-другі пачнуць вяртацца ў родныя мясціны і радаваць нас сваімі спевамі. Сярод іх на радзіму вернецца і сёлетняя птушка года Беларусі — удод.

Пабудуем удоду ўтульную хатку

Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" прапануе не проста яго чакаць, але і сустракаць. У прыродзе ўдоды гняздуюць у дуплах і іншых шчылінах, таму спецыялісты АПБ запрашаюць усіх добрых людзей пабудаваць дамкі для іх, каб гэтаму экзатычнаму летуну на радзіме камфортна жылося.

Удод вяртаецца ў Беларусь недзе ў сярэдзіне красавіка, аднак першыя птушкі часам адзначаюцца ўжо і на пачатку месяца. Пакуль у нас яшчэ ёсць час павесіць на дрэвы невялікія "катэджы" для гэтых прыгожых і цікавых птушак.

Звычайна ўдоды гняздуюцца невысока — прыкладна ў 1—2,5 метра ад зямлі. Засяляюць птушкі разнастайныя дуплы, адтуліны і норы, прычым неабавязкова на дрэвах. Таму нашы чытачы могуць паспяхова прывабіць іх і ў свае гняздоўі. Часцей удод селіцца на лясных, паркавых і садовых ускрайках недалёка ад жылля чалавека, часта — у месцах, дзе летам пасвяцца статкі жывёл. Абавязкова ўдод пасяляецца ў месцах, дзе яго звычайна ніхто не турбуе, — на невысокіх слупах, у дуплістых дрэвах сярод шчыльнага бур'яну, калючага хмызняку, у пустуючых дамах ці гаспадарчых пабудовах.

Пабудаваць домік для ўдода можна рознымі спосабамі і сродкамі — перапрацаванымі да патрэбных памераў дуплянкамі, дуплавымі слупамі і пнямі, гнездавымі скрынямі і г.д. Але для ўсіх іх трэба ведаць наступныя асаблівасці.

Аптымальны ўнутраны дыяметр поласці дупла для ўдода прыкладна 15—20 см, вышыня ад лятка да латка — 30—40 см (ляток — адтуліна, праз якую птушка залятае ў дупло, а латок — месца самога гнязда ў дупле, дзе птушка адкладвае яйкі). Дыяметр лятка 6—8 см. Пасяляецца ўдод і ў глыбейшых дуплах, прычым адтуліна дупла ў сярэдняй частцы можа быць 5—7 см, але гнездавы латок заўсёды павінен быць дастаткова вялікім, 15—20 см у дыяметры. Асноўныя патрабаванні да гняздоўяў удода — на латок не павінна трапляць святло: і птушка, што наседжвае яйкі, і птушаняты ў гняздзе павінны быць нябачныя звонку. Гэта служыць ім элементам абароны: калі драпежнік (кошка, куніца, тхор) падыходзіць да дупла, з поўнай цемры даносіцца гучнае шыпенне і струменяць пырскі смярдзючых экскрэментаў. Пасля такога і самы смелы драпежнік адступіць. Па гэтай прычыне ў вялікіх дуплах усярэдзіне, насупраць лятка, трэба прыбіваць адмысловую шторку, каб яна зацяняла латок. Такую шторку варта рабіць і ў іншых канструкцыях, калі сонечнае святло з лятка можа трапіць на гняздо птушкі.

Развешваць пабудаваныя дамкі трэба не бліжэй чым за 300 метраў адзін ад аднаго.

Сяргей КУРКАЧ.

←Краткий курс риторики

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика