Чаго чакаць айчыннаму аўтабізнэсу?

Источник материала:  

Буйнейшы ў СНД міжнародны аўтахолдынг "Атлант-М", які прадае і абслугоўвае аўтамабілі не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі і ва Украіне, запрасіў на сустрэчу журналістаў, каб расказаць аб выніках працы за мінулы год і сёлетніх тэндэнцыях. Цікавымі падаюцца думкі кіраўніцтва холдынга аб сітуацыі на сённяшнім айчынным аўтамабільным рынку.

Плюсы і мінусы мінулага года

Плюсы — стабілізацыя эканомікі, павелічэнне аб'ёму продажаў, скарачэнне "шэрага" імпарту. Доля продажаў холдынга ў Беларусі дамінуючая і дасягнула ўжо 37 працэнтаў.

Мінусы — адмена льготы па падатку на дабаўленую вартасць, больш высокая падатковая нагрузка, чым у Расіі, высокія банкаўскія працэнты па аўтакрэдытах і як вынік — невялікая запатрабавальнасць да іх насельніцтва. Усё гэта ўплывае на тое, што продаж новых аўтамабіляў хоць і расце, але рэкорднага для Беларусі ўзроўню 2008 года ён пакуль не дасягнуў. Па краіне ўсімі аўтадылерамі за год было прададзена каля 20 тысяч новых аўтамабіляў. Продаж легкавушак змяншаўся, а камерцыйных аўтамашын — узрастаў. І пакупнікамі станавіліся пераважна прадпрыемствы і арганізацыі — у 2012 годзе яны ўпершыню куплялі часцей, чым фізічныя асобы.

Увядзенне высокіх мытных тарыфаў не прыпыніла тэндэнцыю ўвозу патрыманых машын. Іх завозяць шмат. Але ў тым патоку відавочная перавага аўтамабіляў з невялікімі аб'ёмамі рухавіка, бо іх "растаможка" абыходзіцца значна таней.

Чаго чакаць аўтапакупнікам у гэтым годзе?

Па-першае, надзеі на зніжэнне ставак па крэдытах, якія могуць даць дадатковую дынаміку аўтагандлю. Расшырэння продажу лінейкі вядомых еўрапейскіх марак, сабраных на расійскіх заводах, якія не патрэбна "растаможваць". Росту патрэб у абнаўленні аўтапарку. У апошнія гады з-за крызісу многія адкладвалі гэтае пытанне, але ад яго зусім не адмахнешся: машына ўсе роўна патрэбна.

Цікавым было пытанне аб перспектывах зборачнай вытворчасці ў Беларусі кітайскіх аўтамабіляў. Прадстаўнікі аўтахолдынга дыпламатычна зазначылі, што пакуль гэты працэс не пачаўся і гаварыць штосьці канкрэтнае рана. Але паўтарылі агульнавядомую ісціну, што мінімальная эфектыўнасць аўтазавода сёння пачынаецца пры продажы пад 50 тысяч аўтамабіляў у год. А наш рынак, па самых смелых падліках, у 2015 годзе можа запатрабаваць недзе пад 25 тысяч новых аўтамабіляў. Хіба толькі беларускі "кітаец" здолее прабіцца на ёмісты расійскі рынак. Але, апроч вытворчасці новай маркі, у Беларусі трэба наладжваць яшчэ магутную сетку яе продажу, сэрвісу пад запланаваныя аб'ёмы.

Што адбываецца на аўтарынку нашых бліжэйшых суседзяў

Цікава гэта і таму, як заўважыў гендырэктар холдынга "Атлант-М" у Беларусі Сяргей Самойла, іх сённяшнія тэндэнцыі звычайна праз пару гадоў становяцца актуальнымі і ў Беларусі.

У Расіі ў мінулым годзе ўстаноўлены рэкорд продажу новых аўто — 2 мільёны 215 тысяч машын. Цяпер гэта другі па велічыні аўтарынак Еўропы. Але ён набліжаецца да мяжы свайго насычэння. Такія тэмпы росту тут ужо наўрад ці магчымыя.

А ва Украіне рынак стагніруе. І хаця за год продажы машын павялічыліся на 6 працэнтаў, раслі яны толькі ў першым паўгоддзі. А вось пад канец года працэс запаволіўся. Пакупніцкі інтарэс імкліва скочваецца да танных мадэляў карэйскай і кітайскай вытворчасці.

Што канкрэтна да холдынга "Атлант-М", то, паводле слоў яго топ-менеджараў, яны сёння шмат працуюць, каб рухацца далей. Цяжкасці (з продажам новых машын), што ўзніклі з-за аб'ектыўных прычын у апошнія гады, стараліся перакрываць павелічэннем сэрвісных паслуг, продажам запчастак і дадатковага аўтаабсталявання, увядзеннем сістэмы "trаdе-іn" — продажу старых машын у залік новых. Аўтахолдынг развіваецца. Сярэдні ўзрост працуючых там — 34 гады. Хутка ён пачне ў Мінску афіцыйны продаж аўтамабіляў марак "Лендровер" і "Ягуар" — дагэтуль такія маркі ў нас завозіліся праз так званы "шэры" імпарт. Узначаліць гэты новы ўчастак спецыяліст з вельмі рэдкай адукацыяй для Беларусі — выпускнік універсітэта Сарбоны. Адкрыецца і новы аўтацэнтр холдынга ў Мінску ва Уруччы, а таксама ў Цюмені і Санкт-Пецярбургу. І потым у Маскве — самы буйны з тых, што існуюць цяпер.

Вікенцій Ключнік

←Сказка о халтуре

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика