Кулінарны шэдэўр без назвы...
«Не магу не здзіўляцца кулінарнай кемлівасці нашых вясковых жанчын. З самых простых прадуктаў, якія знойдуцца ў хаце, яны ўмеюць прыгатаваць такую смакату, што гарадскім і не снілася! — чытаем у пісьме Зоі Аркадзеўны Гарбачовай з гарадскога пасёлка Карма Гомельскай вобласці. — Вясновы ранак, распалена печ. І думае сялянка, чым накарміць гаспадара і малечу? Iдзе Вялікі пост, у хаце мяса няма... Не бяда! Нашы вясковыя Ганулі ды Марусі ставяць чыгунок на загнет і закідваюць у пасудзіну некалькі парэзаных буйнымі скрылькамі бульбін, жменю-другую фасолі, сушаныя грыбы, цыбулінку, моркву, а яшчэ дробку солі, крышку перцу, каляндры, лаўровы ліст, заліваюць калодзежнай вадой, накрываюць важкай чыгуннай патэльняй (каб страва не выпарылася), ставяць чыгунок у добра прапаленую печ. І гадзіны праз дзве з няхітрых сялянскіх прадуктаў атрымліваецца не проста гарачая страва, а кулінарны шэдэўр. Засталося толькі прыдумаць яму назву...»
Мяркуем, што цудоўным дадаткам да такога паэтычнага рэцэпту стравы ад Зоі Аркадзеўны можа быць «Грэцкая каша с цыбуляй і морквай» ад Наталлі Супрун з Воранаўскага раёна:
«Спатрэбіцца каля дзвюх шклянак грэцкіх круп, дзве цыбуліны, дзве моркаўкі, некалькі лыжак алею.
Прамытыя крупы заліваем кіпенем, зверху кладзём накрыўку і ставім варыцца на маленькім агні. А тым часам засмажваем на патэльні спачатку нарэзаную цыбулю, пасля — нацёртую моркву. Па чарзе дадаём іх у гатовую кашу. Каштуем і пераконваемся: вельмі смачна!»
Падмацаваліся? Тады падумаем, што ў наступны раз прыгатуем... Прызнаемся, арыгінальных рэцэптаў салаты ў рэдакцыйнай пошце мы пакуль не сустрэлі, але спадзяёмся атрымаць іх да выхаду ў свет наступнага выпуску нашай кулінарнай рубрыкі.
А яшчэ, мілыя гаспадыні і шаноўныя гаспадары, не забывайцеся ў сваіх лістах і пра сябе трошкі расказваць. Чым захапляецеся? Як свой дабрабыт наладжваеце? Што больш любіце: у госці хадзіць ці гасцей сустракаць? Пішыце для рубрыкі «Гатуем і частуем!».