Толькі сваёй дарогай
Неяк самі сабой з памяці выплылі радкі, якія некалі мы, маладыя, цытавалі не стамляючыся: "Не важно, есть ли у тебя исследователи,\ А важно, есть ли у тебя последователи!.." Цытую, як яно выплыла... Сёння ўжо не зусім пагаджаюся з колішнім кумірам. Думаю, не так важна і першае, і другое. Важна, каб у цябе была дарога, і толькі свая, са сваімі прыпынкамі, верставымі слупамі, сваімі сябрамі, сустрэчнымі і спадарожнікамі, а самае галоўнае — са сваёй хадой.
Усё гэта важнае якраз ёсць у паэта Генадзя Пашкова. На паэтычным айчынным шматдарожжы я лёгка пазнаю, нават пункцірна ці гравюрна (яго ж слова) магу акрэсліць творчую сцяжынку слыннага паэта. Можна было ў гэтай хадзе і паўтарыць кагосьці, бо пачыналі мы ўсе быццам аднолькава... Па жыццёвай прыкідцы быццам бы і так. А па творчай — кожнаму жадалася свайго. У 1971 годзе мы сутыкнуліся з ім у калідоры Беларускага радыё, куды ён прыйшоў працаваць пасля заканчэння факультэта журналістыкі БДУ. Рэдакцыі нашы былі побач, праз сцяну. Недзе праз год Генадзя запрасілі на працу ў часопіс "Полымя", дзе ён затрымаўся надоўга — ажно на сямнаццаць гадоў.
У 1975 годзе Генадзь Пашкоў шчыра і нязвыкла частаваў нас свежасцю свайго "Кляновіка" — так называлася першая паэтычная кніга. Вельмі ж цёплая, сімвалічна дакладная назва. Такія ж цёплыя, з добрым маладым настроем, з павевам вобразнага "свежаку", узнёсла-пяшчотныя вершы... Было ў каго вучыцца. Сам "адмірал паэзіі" Анатоль Вялюгін, пад чыім службовым падначаленнем працаваў малады паэт, практыкаваў сапраўдныя ўрокі паэтычнага майстэрства. Рабіў гэта ненадакучліва, пераводзячы ўсё акадэмічна-халоднае ў ранг шчырага сяброўства. Вучняў сваіх ён скіроўваў на пакутніцкае здабыванне магічнага агню "спосабам Праметэя", нязмушана вучыў "трапнасці зроку і думкі, маштабнасці і ашчаднасці ў слове адзіна патрэбным".
Усялякае вучнёўства, вядома ж, некалі заканчваецца. Тады паэт пачынае жыць сваімі адкрыццямі, у звычайным шукаць незвычайнае.
Лірыка пад канец дваццатага стагоддзя патрабавала адметнасці. Ёй ужо мала было спагаднай лагоды, ціхасці ды замілаванасці, яна жадала і публіцыстычнай засяроджанай падфарбоўкі: "Аж задымеў асфальт!/ І гэта ўсё народу — / працэнты СО 2 / ды рэшткі кіслароду".
Сухі радок з біяграфіі "Працаваў у "Полымі", магчыма, чытачу скажа мала, а для таго, хто і на самой справе там працаваў, яшчэ як многа значыць. Сімвалічнае полымя гартавала нас, маладзейшых, зусім адпаведнай мерай патрабавальнасці, добрым мастацкім густам, нават пільнасцю, ашчаднасцю і шчырасцю, якія таксама патрэбны творцу і творчасці. Патрабавальнасць, як зразумеў я, павінна вынікаць з самой заклапочанасці пра стан літаратуры, пра аўтарытэт выдання і ні ў якім разе — з нейкіх "павеваў" неўгуморства.
Не так і даўно, здаецца, прачытаў верш Генадзя Пашкова "Вогнішча на доце", прысвечаны вядомаму пісьменніку, былому партызану Алесю Савіцкаму. Добра ведаю той дот на Лысагорскім лецішчы, а таму і зразумеў адчуванне, што можа ўзнікнуць у чалавека ля гаманкога вечаровага вогнішча, якому дадае цяпла яшчэ сама памяць. Гэта, сапраўды, нават "не ахопіш словам", хіба толькі — душой ды вялікімі магчымасцямі памяці.
З адлегласці часу і само "Полымя" часам нагадвае своеасаблівае вогнішча, якое гуртавала вакол сябе найбольш прыкметныя таленты і імёны і добра высвечвала дарогу ўсёй нашай літаратуры. Вогнішчы здольныя далёкае рабіць блізкім, а блізкае паварочваць да памяці. Ужо не ў літаратурнай, а жыццёвай школе, дзе кожны да скону дзён сваіх мусіць заставацца вучнем, давялося паэту прайсці праз зусім нечаканыя выпрабаванні, дзе даводзілася дабрыню бараніць той жа самай дабрынёй, а праўду вырываць з цянётаў ілжэпраўды і хлусні. Відаць, тады ціхае лірычнае перарастала ў гнеўна-абуральнае. Тады вырвалася з душы і такое:
Халуі,
яны ў любой эпосе
і былі
і будуць
халуі!
Выходзілі кніга за кнігай: "Гравюры дарог", "Зямлю слухаю", "Маналог на кастрышчы", "Люблю, спадзяюся, жыву". Потым лепшае з напісанага сышлося ў томе выбранага "Крокі". Вось тут ужо была добра відаць тая самая адметнасць хады і ўласна свая дарога. Гэта ўсё прачытвалася па "кроках" паэта.
Нашаму паваеннаму пакаленню, да якога належыць і Генадзь Пашкоў, заўсёды добра сябравалася з былымі франтавікамі. Ён і сёння сябруе з Алесем Савіцкім. Адышлі з жыцця Анатоль Вялюгін, Георгій Шыловіч, маладзейшыя за іх Генадзь Кляўко, Рыгор Сакалоўскі. Ужо наўздагонку за імі ляцяць нашы ўспаміны, вершы і проста добрыя словы. Здаецца, мы ўсе рабілі адну справу, аберагалі і словам, і добрымі справамі зялёнае дрэва нашага жыцця. Важка сказаў пра гэта паэт у адным са сваіх вершаў:
Зялёнае дрэва —
найлепшы мой верш.
Як словы —
лісціначкі ў голлі.
Калі спагадаеш жывому —
жывеш!
А сееш жывое —
тым болей.
Сеяць жывое — напэўна, гэта і ёсць самая галоўная місія паэта. І ў асобе Генадзя Пашкова мы маем руплівага нашага сейбіта, што сее зярняты чалавечай дабрыні.
Была ў творчай біяграфіі Г. Пашкова яшчэ адна гартоўня: клопатная і плённая праца ў выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя" на пасадзе галоўнага рэдактара. Сваю юбілейную дату Генадзь Пашкоў сустракае ў добрым творчым пачуванні, з важкім набыткам у паэзіі. У друку з'яўляюцца новыя творы. У чарговым нумары "Полымя" чытачоў чакае вялікая нізка яго новых вершаў. Па іх добра відаць, як узмужнеў за апошнія гады і набраў важкасці паэтычны радок, як дабавілася маштабнасці ў слове, у думцы і светабачанні.
Пасада першага сакратара Саюза пісьменнікаў Беларусі, якую ён сёння займае, зусім не зычыць сумнай кабінетнай цішыні. Частыя дарогі, сустрэчы і сустрэчныя — гэта звыклае жыццё пісьменніцкага кіраўніка, якое імпануе і паэтычнаму прызванню, і той самай дарозе, якая лічыцца ў тваім жыцці галоўнай.
Казімір Камейша