Вільня адзначае 95-годдзе абвяшчэння БНР. Прысутных віншаваў Станіслаў Шушкевіч (+відэа)
Святкаванне пачалося сёння апоўдні з укладання вянка на магілу Івана і Антона Луцкевічаў на могілках Росы ў Вільні.
- Сёння мёртвыя, але вечна жывыя ў нашых думках сабралі нас, - патлумачыў ідэю мерапрыемства арганізатар Кірыл Атаманчык. - Цягам наступных дзён у Вільні пройдзе тыдзень беларускай культуры. Ужо другі год запар мы адзначаем важную для беларусаў дату так маштабна.
Святкаванні працягнуцца сёння ў віленскай гарадской Ратушы. У наступныя дні ў літоўскай сталіцы пройдзе фестываль беларускага кіно, канцэрт беларускіх музычных гуртоў, а таксама канферэнцыя, прысвечаная стасункам Беларусі і краінаў Еўрапейскага Саюза.
Падчас мерапрыемства на могілках Росы ўдзельнікі запалілі свечкі на магілах знакамітых беларусаў.
Вянок на магілу братоў Луцкевічаў ускладае арганізатар урачыстасці Кірыл Атаманчык.
- Беларуская Народная Рэспубліка залажыла асновы сучаснай беларускай незалежнасці, - адзначыў Станіслаў Шушкевіч у звароце да прысутных. - Цяпер справу нашых землякоў мусяць працягваць сучаснікі. Менавіта таму мне прыемна адзначыць, што сёння сабралася шмат моладзі.
На ўскладанне кветак прыехала шмат журналістаў. Кірыл Атаманчык дае інтэрв'ю карэспандэнтцы ВВС.
Прысутныя ўшанавалі памяць і іншых слынных беларусаў, якія пахаваныя на віленскіх могілках. Свечкі запалілі на магілах святара і публіцыста з Астравеччыны Казіміра Сваяка, пісьменніка Ядвігіна Ш. і іншых.
Як адзначылі арганізатары, беларусы на Росах пахаваныя "на вышыні": магілы беларускіх дзеячоў сапраўды знаходзяцца на ўзвышшы.