ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Аляксей Янукевіч. Джордж Буш, Чак Норыс і крылы за спінай
На працоўным стале лідара Партыі БНФ зусім мала рэчаў: ноутбук, папера для запісаў, пёравыя асадкі, фотаздымак і сцяг. Ніякіх тэчак і папяровых завалаў. Такая практычна стырыльная чысціня — прынцыповая пазіцыя Аляксея.
“Я лічу, што як на стале, так і ў пакоі павінны быць мінімалізм і поўны парадак, асабліва калі за сталом праводзіш шмат часу. Што ў цябе на стале — тое і ў галаве. Калі ты хочаш, каб у галаве быў парадак, трэба, каб ён быў і на тваім працоўным месцы. Мабыць, гэта тычыцца не кожнага чалавека, але ж для мяне гэта менавіта так”, — распавядае Аляксей Янукевіч.
Офіс — для бягучай працы
Большую частку бягучай працы атрымліваецца рабіць у офісе. А калі трэба напісаць сур’ёзны тэкст, скласці тэзісы, папрацаваць з нейкімі дакументамі, то гэтым я займаюся дома, бо тут звычайна вельмі шмат бягучых спраў і складана засяродзіцца, а дома можна папрацаваць у цішыні, калі тваю ўвагу нішто і ніхто не адцягвае. Бывае, натуральна, што і бягучыя справы раблю дома: адказваю на емэйлы, напрыклад, але ж падзел на працу дома і ў офісе ёсць.
А дарога — для абдумвання
Паколькі я часта езджу, даводзіцца працаваць і ў дарозе. У самалётах і цягніках я чытаю вялікія аналітычныя артыкулы або кнігі, паколькі час дазваляе засяродзіцца. Таксама падчас паездак добра займацца планаваннем: як абдумваць нейкія канцэпцыі і стратэгіі, так і размяркоўваць, што трэба зрабіць у бліжэйшы час.
Аптымальны фармат
Камп’ютар я важу з сабой, на офісе не пакідаю. І дома я таксама працую на ім. У мяне ёсць нэтбук, які я бяру з сабой у больш далёкія паездкі. У асноўным я працую за адным камп’ютарам. Безумоўна, можна рабіць сінхранізацыю, але гэта вельмі нязручна. Бо давядзецца пераносіць з аднаго камп’ютара на іншы ўсе папкі, файлы і праграмы, з якімі працую. А паколькі праца плаўна перацякае з офіса ў хату і з хаты ў офіс, то гэта аптымальны фармат. Важна, каб у працоўнага ноўтбука быў не зусім малы манітор, бо на зусім малым нэтбуку працаваць нязручна.
Самы важны сімвал
Бел-чырвона-белы сцяг — вельмі важны для мяне сімвал, які не можа не быць на маім стале. Нават толькі для мяне самога — не важна, заходзіць сюды нехта ці не. Гэта мой сімвал, мой знак. Менавіта гэты настольны сцяг я набыў у 2009 годзе, калі стаў старшынём партыі. Ён стаіць стала ў гэтым пакоі, а калі адбываюцца нейкія паседжанні, нарады, тады ён стаіць переда мной у залі. Гэтага памяшкання ён не пакідае. Дома ў мяне таксама ёсць сцяг — вялікі на сцяне.
Белы дом
Гэта памятная рэч. З ёй звязаная цэлая гісторыя. Як вы бачыце, на ёй выява Белага дому. Калі перавярнуць, тут ёсць дата і нагода. Гэта было ў той час, калі я актыўна прадстаўляў Партыю БНФ у міжнародных арганізацыях, у прыватнасці, у Міжнародным дэмакратычным звязе.
Чарговае мерапрыемства адбывалася ў Вашынгтоне. Як прадстаўнік Партыі БНФ, быў запрошаныя ў Белы дом, сустрэўся там з прэзідэнтам Джорджам Бушам. Мне выпаў гонар выступіць з прамовай, бо тады беларуская тэма была вельмі на слыху і была адным з прыярытэтаў знешняй палітыкі адміністрацыі Буша. На жаль, новая адміністрацыя Барака Абамы не надае такой значнасці Беларусі. Гэта была вельмі памятная сустрэча, на якой я пазнаёміўся і паразмаўляў з амерыканскім прэзідэнтам. Пазней мне быў дасланы такі вось памятны прэзент.
З Уільямам Хэйгам
На гэты фотаздымку з Уільямам Хэйгам, брытанскім палітыкам. У прынцыпе, для мяне ён шмат у чым з’яўляецца прыкладам. Фотаздымак такі крываваты, бо тады яшчэ не было лічбавых здымачоў. У мяне ёсць і лепшыя фотаздымкі з Хэйгам — калі ён ужо быў прызначаны міністрам замежных справаў. Але гэты фотаздымак найбольш памятны, бо гэта была наша першая з ім сустрэча ў 2004 годзе, у Амерыцы. Гэта была досыць нефармальная сустрэча моладзевых лідараў Міжнароднага дэмакратычнага звязу і была магчымасць паразмаўляць з Хэйгам і пра брытанскую палітыку, і пра сусветную, і пра беларускія справы. У мяне ад той паездкі засталіся вельмі прыемныя ўспаміны. Гэты фотаздымак стаіць на стале, бо ён мяне натхняе. У прынцыпе, мяне натхняе ўсё, што звязана з брытанскай палітыкай. Тое, як робіцца палітыка ў Брытаніі, гэта недасяжны ўзор для ўсіх іншых краінаў. Палітыка ў сучасным яе разуменні і нарадзілася там.
Кодэкс
Выбарчы кодэкс стаіць на бачным месцы, бо дастаткова часта даводзіцца да яго звяртацца. Мы ўсе добра ведаем, што гэты кодэкс не працуе і што выбары ў Беларусі не з’яўляюцца механізмам змены ўлады. Тым не менш, сутнасць існавання палітычных партый у любой краіне і нават у нас, нягледзячы на гэтыя скажэнні — гэта выбарчая барацьба. Менавіта таму мы не байкатуем выбары, мы перакананыя, што трэба ўдзельнічаць, трэба быць гатовым у любы момант прад’явіць грамадству нашу альтэрнатыву і праграмную, і персанальную. Дзеля таго, каб мець гэтую магчымасць, трэба ведаць закон, якім чынам мы працэдурна можам гэта рабіць у сённяшніх умовах.
Пераходзячы прыз
Гэта статуэтка — пераходзячы міжпартыйны ганаровы кубак па пінпонгу. Так сталася, што Партыя БНФ і непасрэдна сябра нашага Сойму Андрэй Саротнік з’яўляюцца захавальнікамі гэтага пераходзячага прыза. Апошнім пераможцам турніра якраз і стала Партыя БНФ, таму статуэтка зараз знаходзінна на такім пачэсным месцы.
175 год з дня нараджэння Каліноўскага
Мы разам з рухам “За свабоду”, з кампаніяй “Гавары праўду!” узяліся як мага больш шырока, наколькі гэта магчыма ў нашай сітуацыі, адзначыць надзвычай важную ў беларускай гісторыі дату, бо Кастусь Каліноўскі насамрэч з’яўляецца адным з самых яркіх нацыянальных герояў. Паўстанне пад яго кіраўніцтвам з’яўляецца вельмі важным складнікам фарміравання беларускай нацыі. У гэтым годзе юбілей заснавання Беларускай Народнай Рэспублікі, і мы лічым, што без паўстання Каліноўскага, можа быць, не было б і абвяшчэння БНР, а без гэтага не было б і сучаснай Беларусі. Гэтыя паштоўкі — адзін з матэрыялаў, якія распаўсюджваюцца. Іх можна выкарыстоўваць як элемент аздаблення памяшкання, бо партрэт Кастуся Каліноўскага годны для любога патрыёта.
Звон
Гэты звон — унёсак Юрыя Хадыкі. У нас існуе шматгадовая партыйная традыцыя — вядучы Сойму выкарыстоўвае яго для вядзення мерапрыемства. І ў пэўнай ступені гэта ёсць знакам кіраўніка Сойму. Мабыць, гэты звон не выглядае бліскуча і шыкоўна, але мы паважаем традыцыі. Для мяне як для асобы таксама шанаванне традыцыі з’яўляецца вельмі важным.
Носбіт нацыянальнай ідэі
Для мяне Уладзімір Арлоў надзвычай знакавая асоба, бо менавіта ён для мяне жывы носбіт сучаснай беларускай нацынальнай ідэі. Ён для мяне з’яўляецца безумоўным аўтарытэтам. Менавіта ягоным голасам з намі гаворыць беларуская гісторыя. Апроч таго, што мне надзвычай падабаецца чытаць ягоныя кнігі і творы, і я атрымліваю вялікае задавальнне ад чытання Арлова, яшчэ заўсёды атрымліваю вельмі моцнае натхненне, шмат энэргіі. Асабістае знаёмства са спадаром Уладзімірам для мяне таксама мае вялікае значэнне. Я ганаруся тым, што знаёмы з ім. Кнігу “Пакуль ляціць страла” я набыў перад тым, як у мінулым годзе выпраўляўся ў адпачынак упершыню за шмат гадоў. Я браў яе з сабой і спадзяваўся расцягнуць на весь адпачынак, але прачытаў за адзін дзень. Яна ляжала ўвесь час на стале і да некаторых главаў я вяртаўся, перачытваў.
Аўтограф Арлова таксама для мяне вельмі важны — я стараюся падпісваць кнігі тых людзей, якіх сапраўды паважаю. Але я не калекцыяную подпісы. У выпадку са спадаром Уладзімірам ягоны подпіс на кнізе, адрасаваны для мяне, вельмі каштоўны.
Арсенальны кубак
Кубак, з якога я пью гарбату, зроблены ў колерах і з сімволікай футбольнага клуба “Арсенал”. Гэта клуб з поўначы Лондану, і я ўжо шмат гадоў ягоны прыхільнік. Кубак набыты мной у Лондане ў фірмовай краме на новым стадыёне клуба. Мне пашанцавала пабываць у свой час і на старым легендарным стадыёне “Арсенала” — Highbury. Я шмат пью гарбаты, калі працую, бо яна танізуе, ды я і проста яе люблю. Каву не люблю. Праўда, калі бываю ў краінах, дзе ёсць кавярні “Старбакс”, то набываю латэ — пью менавіта той, які робяць яны. А так я не аматар кавы.
Прыемныя дробязі
Я лічу, што дробязі ў побыце і тое, як яны выкарыстоўваюцца, і адрознівае чалавека цывілізаванага ад нецывілізаванага. Дробязі могуць надаць сэнс побыту. У адваротным выпадку ён ператвараецца ў руціну, што паглынае час, энэргію, сілы і марнуе жыццё. Калі ж у вас ёсць нейкія прыемныя дробязі, то побыт, бягучка набываюць дадатковы сэнс. Гэты ножык для адкрывання капэртаў вельмі зручны. Мне проста на фізічным узроўні не падабаецца пакамечаная папера, крыва разарваныя капэрты. Не атрымаецца яе адкрыць роўна і прыгожа, калі не карыстаешся такімі рэчамі. То бок, гэта практычна, зручна, але разам з тым гэта надае прыгажосці і ўрачыстаці такой побытавай рэчы, як адкрыванне капэрты. Я люблю лісты, я атрымліваю іх вельмі шмат, то бок даводзіцца карытацца дастаткова часта.
Кніга для рашэнняў
Я зараз адначасова чытаю некалькі кніг. Гэта зусім нескладана. Спачатку чытаю адну кнігу 15-20 хвілін, пасля другую і затым трэцюю. Праўда, я не чытаю адначасова больш за адну мастацкую кнігу, гэта мне падаецца немагчымым. Гэта тое самае, як глядзець адначасова некалькі фільмаў. Чытаю найчасцей увечары, вельмі рэдка зрання. Кніга Чака Норыса ў мяне вельмі даўно і я яе часта перачытваю. Яна сапраўды дапамагае пераключыцца, больш шырока і глыбока, больш проста паглядзець на жыццё, і часам можна знайсці добрыя рашэнні нейкіх пытанняў, якія займаюць галаву. Асоба Чака Норыса для мяне таксама знакавая, і гэта не звязана з субкультурай “факты пра Чака Норыса”. Ён не проста кіношны герой, але і рэальны баец, быў неаднаразова чэмпіёнам ЗША. Пры гэтым ён з’яўляецца адным з нешматлікіх сярод галівудскіх зорак прыхільнікаў Рэспубліканскай партыі, вельмі моцна стаіць за хрысціянскія каштоўнасці, актыўна іх прасоўвае, то бок займае актыўную грамадзянскую пазіцыю. Чак Норыс вельмі добры, пазітыўны чалавек, які нясе добры прыклад у свет. Ён мне вельмі імпануе, і кніга гэтая мне таксама вельмі падабаецца.
Кніга для Вялікага паста
Гэтая кніга, на мой погляд, вельмі добра пасуе да посту. Яна цікавая насамрэч. Я лічу, што каталікі павінны больш глыбока разумець сваю веру, чым на ўзроўні Катэхізіса. Гэта цікава, але такога кшталту кніг я не чытаю шмат. Аднак перад Вялікаднем я імкнуся чытаць адпаведную літаратуру.
Кніга для лідара
Рудольф Джуліані — знакамітая асоба. Быў мэрам Нью-Ёрка, зрабіў шмат важных пераўтварэнняў у гэты горадзе. Кніга гэтая была напісаная пасля 11 верасня, калі ён быў мэрам і яму даводзілася вырашаць праблему катастрофы, вяртаць горад да жыцця, па вялікім рахунку. Ён у цікавай форме выкладае свае прынцыпы лідарства. Я лічу, што для любога чалавека, які кіруе людзьмі і працэсамі, нясе адказнасць, прымае рашэнні і дамагаецца, каб яны рэалізоўваліся, вельмі карысны досвед спадара Джуліані.
Палёты як цуд
Я вельмі люблю лётаць і лічу, што палёты з’яўляюцца цудам. Калі я бачу, як самалёт, які так шмат важыць, адрываецца ад зямлі, я заўсёды бачу цуд. І гэта мяне вельмі моцна прыцягвае. Вучоныя, натуральна, добра разумеюць, чаму самалёты могуць лётаць, але я дастаткова шмат займаўся гэтым пытаннем, прачытаў шмат літаратуры і не знайшоў нейкага аднаго паўнавартаснага тлумачэння, якое б сапраўды адэкватна апісвала, за кошт чаго самалёт ляціць. Найбольш частае тлумачэнне — розніца ціску на паверхнях крыла з-за рознай хуткасці абцякання іх паветрам — не з’яўляецца поўным і унівэрсальным. Апроч таго, што палёты — гэта цуд, гэта яшчэ і вельмі прыгожа. Як не бывае непрыгожых птушак, так па вызначэнні не можа быць непрыгожых самалётаў.
Усё, што звязанае з палётамі, мяне вельмі натхняе. Я сам шмат фатаграфую самалёты і аэрапорты. Але гэта не мой фотаздымак, ён з інтэрнэту. Тут прадстаўлены Нацыянальны аэрапорт “Менск” (UMMS), дзе пачынаецца і заканчваецца большасць паветраных падарожжаў для мяне. Тут вельмі добра бачна ўзлётна-пасадачная паласа, рулёжныя дарожкі… Здымак быў зроблены падчас заходу на пасадку з кабіны пілота. І само гэта адчуванне знаходжання па-над зямлёй — незвычайны адрэналін і наркотык! Калі паглынае бягучка, навальваюцца праблемы, паглядзіш на гэты фотаздымак і адчуваеш сябе сапраўды па-над зямлёй. Адразу пачынаеш разумець, што нешта наогул не варта ўвагі, нешта не варта таго, каб аб гэтым клапаціцца. І пачынаеш адуваць крылы за спінай.
Ася ПАПЛАЎСКАЯ, фота аўтара