Ва ўдзельнікаў дарожнага руху штосьці з... самаацэнкай

Источник материала:  

***

— Мінск, Андрэй. Зімой каля нашага дома атрымліваецца такая сітуацыя, што на зялёнай зоне, побач з пад'ездамі, ляжаць гурбы снегу, і адразу да іх прылягаюць прыпаркаваныя аўтамабілі. Дзеці, ідучы ў школу, якая знаходзіцца за домам, вымушаны абыходзіць гэтыя машыны па праезнай частцы. Гэта досыць рызыкоўна, але іншага выйсця няма. Ці ёсць тут якое-небудзь выйсце, калі ўлічыць, што вадзіцеляў таксама трэба разумець? З другога боку, нагадайце, калі ласка, гэтым вадзіцелям аб той адказнасці, якая іх чакае...

— У падобных сітуацыях я параіў бы звярнуцца да жыллёва-камунальных службаў, каб яны расчышчалі снег так, каб не даводзілася выходзіць на праезную частку... З другога боку, нішто не перашкаджае нешта зрабіць і самому для вырашэння сітуацыі. У прыватнасці, выйсці і раскідаць снег каля самага дома... Я і сам часам бяру лапату і расчышчаю месца, дзе стаўлю сваю машыну. Карысную справу можа зрабіць кожны з нас, але мы чамусьці аддаём перавагу пісаніне ў розныя інстанцыі. Звяртацца некуды, патрабаваць, вядома, можна. У тым ліку ў раённае аддзяленне ДАІ, якое дапаможа вырашыць гэтае пытанне. У тым ліку выдасць прадпісанне камунальнай службе аб выкананні сваіх абавязкаў... Дарэчы, адразу магу дадаць, што такія пытанні заўсёды трэба вырашаць цывілізавана. Наносіць пашкоджанні машыне — супрацьзаконна. Нават можа быць заведзена крымінальная справа, і па выніках яе расследавання можна нават атрымаць "тэрмін".

***

— Віцебск, Кірыл. Што вы можаце параіць вадзіцелям, якія адчуваюць, што іх, як кажуць, падставілі? Дапусцім, я акуратна даваў задні ход, але абсалютна ніадкуль вырас "Жыгулёнак", якога я, вядома ж, зачапіў, і вадзіцель мірна выцыганіў у мяне 200 тысяч...

Ва ўдзельнікаў дарожнага руху штосьці з... самаацэнкай

— Гэта той выпадак, калі я параіў бы абсталяваць аўтамабіль відэарэгістратарам... Наогул за сваю шматгадовую практыку я не сустракаў у нашай краіне ніводнага выпадку аўтападставы. У нас шырокага распаўсюджання гэта не атрымала. Мне невядомыя выпадкі, калі нехта шкодзіў сваю машыну дзеля таго, каб пашкодзіць іншую... Калі вам так падалося, то наяўнасць відэарэгістратара многае вам патлумачыла б...

***

— Брэсцкая вобласць, Валянцін Кірылавіч. У главе 3-й "Правілаў дарожнага руху", у 4-й частцы пункта 9.1 сказана: "У цёмны час сутак па-за населеным пунктам побач з указанымі асобамі павінен знаходзіцца транспартны сродак аператыўнага прызначэння з уключаным маячком". Пад "указанымі асобамі" маюцца на ўвазе таксама і супрацоўнікі ДАІ? Або гэта адносіцца толькі да пералічаных у 3-й частцы пункта 9.1? Не надта зразумела...

— Указаных асоб — цэлы пералік. Гэта службовыя асобы органаў унутраных спраў, органаў дзяржаўнай аховы, Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёл і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, органаў фінансавых расследаванняў, унутраных войскаў, транспартнай інспекцыі. Пры гэтым яны павінны быць у форменным адзенні (акрамя службовых асоб транспартнай інспекцыі), у камізэльцы павышанай бачнасці з элементамі святлоадбівальнага матэрыялу і выкарыстоўваць для падачы сігналу дыск з чырвоным сігналам або святлоадбівальнікам. Усе гэтыя ўказаныя асобы знаходзяцца на асветленых месцах, у зоне пункта дарожных збораў, пункце ўзважвання аўтамабіляў, дзе забяспечана нармальнае асвятленне. Калі ў чалавека няма жадання спыняцца, значыць, давядзецца несці пэўную адказнасць. Я не стаў бы сцвярджаць, што пералічаныя супрацоўнікі хаваюцца недзе ў цёмным лесе...

***

— Мінск, Міхаіл Іванавіч. У Мінску даволі часта можна бачыць на вуліцы легкавыя машыны, з выхлапу якіх выкідваецца чорна-сіні дым. Стаіць сабе і газуе, як вось днямі каля першай гарадской лазні. Або едзе па праспекце... Яны травяць вялікі горад — і нічога. Чаму няма ніякай рэакцыі з боку нашай у цэлым пільнай і няблага працуючай ДАІ?

— Кожны аўтамабіль праходзіць тэхнічны агляд. Значыць, пытанне трэба адрасаваць канкрэтнай станцыі дыягностыкі, а ў цэлым — Міністэрству транспарту і камунікацый. Я не вялікі спецыяліст па якасці выхлапаў, але калі вас гэта хвалюе, вы можаце звярнуцца ў Дзяржаўтаінспекцыю або ў Міністэрства транспарту і камунікацый. З такімі вадзіцелямі трэба разбірацца. Хоць, па вялікім рахунку, нашы ўнутрыведамасныя інструкцыі забараняюць нам праводзіць пэўныя праверкі аўтамабіляў на дарозе. Аднак вышэйназванае міністэрства поўнасцю за гэта адказвае. Тут трэба, праўда, разумець, што вадзіцель такога транспартнага сродку можа нас запэўніваць, што акурат у той дзень ехаў рамантавацца... І ўсё ж такі, калі вас крыўдзяць тыя ці іншыя дзеянні, мая парада — шукайце тую арганізацыю, якая за гэта адказвае.

***

— Мінскі раён, Валерый Леанідавіч. Я даўно за рулём. І вось ужо некалькі разоў ледзь не трапіў у ДТЗ з-за таго, што вадзіцель размаўляў за рулём... Апошнім часам ДАІ, здаецца, перастала рэагаваць на вадзіцеляў з мабільнымі ў руках. Гэта проста эпідэмія, прычым як сярод мужчын, так і сярод жанчын.

— Я не сказаў бы, што спакойна... Калі вы хочаце, каб мы аштрафавалі ўсіх у той жа сталіцы, то, як вы разумееце, гэта проста фізічна немагчыма. Зноў жа, мы на працягу гэтай "прамой лініі" неаднойчы гаварылі, што самае важнае — не прыставіць да кожнага з нас па інспектару, а наша асабістая свядомасць. Што да колькасці пакараных менавіта па гэтай прычыне, то іх колькасць, запэўніваю вас, вельмі істотная. Вы памыляецеся, калі ўказваеце на наш "спакой" у гэтым сэнсе...

***

— Старыя Дарогі, Руслан Алегавіч. Яшчэ не так даўно рэдакцыя "Звязды" сумесна з ДАІ выпускала старонку "Радар". Ці можна аднавіць такі выпуск? Там часам было што пачытаць...

— Гэтае пытанне мэтазгодна задаваць непасрэдна рэдакцыі газеты. Калі ў яе будзе такое жаданне, значыць, выпуск зноў будзе выходзіць.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Дарогу — вясне!

Міжсезонне — час для аўтамабілістаў неспакойны. Асноўныя праблемы, якія паўстаюць перад чалавекам за рулём, — яркае сонца, лужы, вадкая гразь, слізкая дарога і раскіслыя ўзбочыны.

Сонца дастаўляе шэраг цяжкасцяў у любы сезон, але вясной яно адбіваецца ў шматлікіх лужах, проста ў мокрым асфальце, і гэта здольна асляпіць вадзіцеля, прымусіць яго жмурыцца, закрывацца ад святла рукой... Не дадае камфорту і своечасова не адмытае пасля зімы шкло.

¨ Метады барацьбы з асляпленнем вельмі простыя. Перш за ўсё, неабходна дасканала адмыць ветравое шкло. Прычым не забудзьцеся зрабіць гэта і знутры. Калі ў аўтамабілі кураць, то мыць шкло лепш за ўсё спецыяльнымі вадкасцямі або аэразольнымі сродкамі.

¨ Вясной неабходна паставіць на аўтамабіль новыя шчоткі шклоачышчальніка. І эканоміць на іх не варта. Шчоткі не павінны пакідаць на шкле ніякіх слядоў літаральна пасля другога-трэцяга ўзмаху. І не спяшайцеся зліваць з бачка амывальніка нязмерзлую вадкасць. Пасля начных замаразкаў яна вам яшчэ спатрэбіцца.

¨ Чыстае шкло — умова неабходная, але недастатковая. У машыне трэба абавязкова мець таксама зацемненыя акуляры з цёмна-шэрым або карычневым шклом.

¨ Сонца з'яўляецца прычынай яшчэ адной небяспекі: нечакана з'яўляюцца абледзянелыя ўчасткі. З сакавіка і амаль да канца красавіка амаль штодня падмарожвае, і дзённыя лужыны падмярзаюць бліжэй да раніцы. Часцей лёд утвараецца па краях дарогі, каля святлафораў, у нізінах, на лясных участках і паблізу вадаёмаў. Да гэтых месцаў неабходна ставіцца асабліва ўважліва.

¨ На загарадных участках трэба берагчыся ўзбочын. З выгляду досыць шчыльныя, яны амаль заўсёды ўяўляюць сабой сумесь гразі з лёдам. Калі неакуратна з'ехаць на такую ўзбочыну, у лепшым выпадку можна загразнуць, у горшым — зваліцца з дарогі.

¨ Калі вас непакоіць пастаянны бруд на ветравым шкле, трымайцеся за машынамі, па магчымасці, крыху далей, чым звычайна. Тады дробныя пырскі гразі не будуць пакрываць дробным налётам усю паверхню ветравога шкла.

¨ Вазьміце за правіла вазіць пад крэслам пластыкавую бутэльку з вадой. Чыстыя фары, ліхтары, а таксама нумары нават на бруднай машыне выклікаюць павагу да яе вадзіцеля — за тое, што ён паважае іншых.

¨ Пасля зімняй стаянкі, і асабліва эксплуатацыі аўтамабіля ў гэты час свой транспартны сродак варта абавязкова вельмі добра памыць. Неабходна вымыць адкладанні солі і іншых хімікатаў, якія назапасіліся пад аркамі колаў, крыламі, днішчам і ў поласцях кузава. Калі вышэйназваныя рэчывы адтайваюць, яны становяцца агрэсіўнымі да металу.

¨ З надыходам цеплыні на дарогах становіцца цеснавата. У такі час усім цяжка, а таму трэба быць спакойнымі і пільнымі.

←Главный медиахолдинг страны планирует запустить два новых телеканала.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика