Ці хочуць урачы, каб мы былі здаровымі?

Источник материала:  
19.03.2013 15:06 — Новости Общества


Як карысна размаўляць са спецыялістам сваёй справы… Ад зубоў адскоквае. Мы знаходзіліся ў кабінеце галоўнага ўрача Мінскага анкалагічнага дыспансера. “Мы” — гэта група грамадзян, што падпісала калектыўны зварот у гарадскі Камітэт аховы здароўя. Камітэт і збагрыў нас — разам з нашымі нязручнымі пытаннямі — Караніку Уладзіміру Сцяпанавічу.

Гаворка атрымалася няпростая. Усе праблемныя мясціны мы абыходзілі, як міны. Але, дзякуючы папярэдняй кансультацыі ў практыкуючых анколагаў, мы ўсё ж з большага скіравалі гаворку ў патрэбнае рэчышча і пачулі шмат новага.

Ці хочуць урачы, каб мы былі здаровымі?


Уражвае сама лічба: 610 праведзеных аперацый за люты ў адной толькі ўстанове! За мінулы год — 8,5 тысячы выяўленых захворванняў у Мінску (з іх 13,4% — запушчаныя выпадкі). Ёсць прагнозы, што к 2030 году гэты лік падвоіцца. Што ж робіцца па лініі гарадской аховы здароўя, каб нашы хваробы дыягнаставаліся своечасова, гэта значыць — не на 3-й, 4-й стадыі?

У працэсе гаворкі стала ясна, што праблемы анкалогіі — толькі частка агульнаграмадскіх. Ранняя дыягностыка — вось слабое месца нашай медыцыны. Насамрэч рак (язвачку, пухліну, змененую радзімую пляму і іншае) можа выявіць любы медык: хірург, стаматолаг, уролаг, спецыяліст па захворваннях скуры… І найперш, вядома, тэрапеўт, у якога мы бываем часцей за ўсё. Яго задача — быць уважлівым. Аднак падчас прыёму ён бясконца піша, не паднімаючы вачэй ад карткі, і рэдка задае дадатковыя пытанні.

Вы, можа, не ведаеце, што ў канцы вашай медкарткі па месцы жыхарства ёсць спецыяльны ўкладыш, дзе штогод павінны запісвацца вынікі анкаагляду. Звярніце ўвагу: першасны рэгулярны агляд на рак робіць участковы тэрапеўт! Вам картку не пакажуць. Верагодна, рукой урача ўсё неабходнае запісана і нават пастаўлены спецыяльны штамп. Гэтак жа фіктыўна там могуць адзначыць правядзенне абавязковага за тры гады поўнага абследавання, якога вы таксама не праходзілі, бо грып вылежвалі дома, а іншых напасцяў з вамі не здаралася.

Ну, калі згаданы ўкладыш — непатрэбшчына і фармалізм, то чаму не адмяніць яго міністэрскім загадам?

З апытання на сайце БХД адносна медыцынскага абследавання вынікае, што з 94 прагаласаваўшых 34 не памятае, калі яго праходзіла, а 28 не праходзіла ніколі.

У дактароў няма часу быць уважлівымі. Усе яны працуюць на паўтары стаўкі. Яны набіраюць дзяжурстваў, каб уначы аформіць гісторыі хвароб. Не чытаюць і тым больш не выпісваюць навуковай літаратуры па спецыяльнасці. (Каб трапіць на стажыроўку за мяжу, патрэбна мець трошкі іншыя таленты.) Вы думаеце, я зараз звяду гаворку да аплаты іх працы? А вось і не. Працытую аднаго класнага доктара: “Калегі, майце сумленне! Пацыенты не вінаватыя, што вам мала плоцяць. Вы што — не ведалі, паступаючы ў медыцынскі, якая ў вас будзе зарплата па сканчэнні вучобы?”.

Навіной для ўдзельнікаў сустрэчы стала наяўнасць 8 ставак анколагаў у раённых паліклініках. Два гады гэтыя вакансіі пуставалі, бо “маладога і нявопытнага туды не пашлеш”. Пра старэйшых прамаўчалі. Бо вопытнага медыка ў паліклініку не загоніш. У стацыянары на ім прыкладна 20 ложкаў, а ў паліклініцы — 60 наведвальнікаў за 5 гадзін прыёму! Хто захоча лезці ў такі калаўрот? Вось чаму штат раённых паліклінік у горадзе ўкамплектаваны тэрапеўтамі толькі на 30%.

Я пацікавілася па месцы жыхарства наконт анколага. Адказалі, што ёсць такі, прыходзіць раз на месяц. Інфармацыю пра яго не вывешваюць на стэндзе вузкіх спецыялістаў. Як, дарэчы, і пра валеолага. Пра тых сама даведка не ў курсе, што яны такое, за што адказваюць і дзе сядзяць.

Дынаміка па лячэнні раку, як паведаміў У.С. Каранік, абнадзейвае. Хоць за апошнія 2-3 гады ў Мінску лік захворванняў расце, затое змяншаецца смяротнасць ад іх. Абдумаўшы пачутае, многія з нас успомнілі выпадкі, калі чалавек праходзіў “хімію” і паміраў, але прычынай смерці было запісана што заўгодна, толькі не рак. Афіцыйная статыстыка сведчыць: 40% анкалагічных хворых паміраюць ад захворванняў, не звязаных з ракам. Ад пнеўманіі, напрыклад. Гэты працэнт уяўляецца падазрона вялікім.

Знаёмы ўрач шырокага профілю прызнаваўся: калі ты пішаш праўду ў картцы, ты будзеш горшым спецыялістам у аддзяленні. Гэта як у міліцыі: чым лепшыя фармальныя паказчыкі па злачыннасці, тым вышэй ацэньваюць тваю працу. Не важна, якой цаной тыя паказчыкі дасягаюцца. Дык каму ахвота быць казлом адпушчэння ў роднай установе? Так што статыстыку падтасоўваюць не зверху, а ў самым нізе — каб начальства не біла ў каршэнь. І так па ўсёй ведамаснай вертыкалі. Пытанне ў тым, у якой ступені можна давяраць айчыннай статыстыцы.

Адказваючы на нашы пісьмовыя і вусныя пытанні, Уладзімір Сцяпанавіч дыпламатычна пазбягаў параўнанняў з сусветным вопытам. Ён стрымана ацаніў сістэму анкалагічнай дапамогі ў Францыі і Германіі. Праўда, пахваліў Швейцарыю, Канаду, Бельгію. Маўляў, на Захадзе ў насельніцтва ёсць матывацыя абследавацца штогод, гэтага патрабуе сістэма медыцынскага страхавання. Не абследуешся, а потым захварэеш — сам будзеш плаціць за лячэнне.

Як сочаць за сваім здароўем у нас — распавядаць не трэба. У Першамайскім раёне два гады дзейнічаў пілотны праект абследавання мужчын на ПСА (антыгены). Дык самае складанае было — іх да доктара зазваць. І ў жыроўках пісалі, і лісткі ў скрыні кідалі, і плакаты ў паліклініках вешалі, і перадавалі праз жанчын у адззяленнях гінекалогіі, каб дужая палова праверылася… Зараз нібыта вопыт распаўсюджваецца на іншыя раёны. Але методыку ўдасканалілі: прадпрыемствы заключаюць дамовы з медустановамі і аплочваюць працэдуру праверкі. Справа пайшла весялей. Там, дзе не загоніць жонка, лёгка справіцца начальнік аддзела або цэха. Заадно медустановы выконваюць план па платных паслугах.

Жанчыны, здавалася б, часцей замаўляюць талоны і цярпліва сядзяць у чэргах на прыём. Тут іншая праблема: не хапае абсталявання па праверцы малочных залоз. Акрамя таго, на ўвесь горад толькі тры стацыянарныя аддзяленні мамаграфіі. Але там ужо выдаленне запушчаных пухлін, ратаванне жыцця шляхам хірургіі. Між тым абавязковае абследаванне на рак грудзей пасля 50-ці павінна быць агульнарэспубліканскім праектам, а не пілотным у адным горадзе. 

Сярод праблем галіны адзначым яшчэ недахоп сястрынскага і санітарнага персаналу, спецыялістаў па тамаграфіі. Даўно састарэла тэхніка прамянёвай тэрапіі, і таму запланавана будаўніцтва на тэрыторыі дыспансера 9-павярховага радыялагічнага корпуса.

Агульнапрызнана, што Мінск не дацягвае да заходніх нарматываў па колькасці хоспісаў. Якая чарга ў двух гарадскіх хоспісах, мы так і не даведаліся. А яна дакладна ёсць. Асабліва з улікам таго, што па дзесяць ложкаў выдзелелі іншым катэгорыям невылечна хворых і з іх дапамогай папаўняюць бюджэт немалой “капеечкай”. Дык будуйце дадатковыя спецыялізаваныя прытулкі часовага ўтрымання. Не зарабляйце на нашых няшчасцях!

Што ўзровень клопату пра сваё здароўе ў нас “крайне нізкі”, нельга не пагадзіцца. Цяжэй прыняць тэзу, быццам для прафілактыкі здаровага ладу жыцця дастаткова стэндаў у паліклініках, так званых дзён здароўя і лекцый на прадпрыемствах. Не стае сацыяльнай рэкламы на БТ, шырокага розгаласу ў прэсе. Дзве праграмы на ўсе дзяржканалы — мізер! Ды і не параўнаеш іх з папулярнымі тэлепраектамі маскоўскай або кіеўскай тэлевізіі, дзе ўрачы даюць рэкамендацыі, паведамляюць сімптомы, вучаць самадыягностыцы і г.д. У Беларусі, на жаль, дзяржаўнай праграмы прафілактыкі не існуе, пра што не раз пісаў прафесар Э. Збароўскі.

Вось некалькі парад ад кандыдата навук У.С. Караніка:

Абавязкова адзін раз на год праходзіць флюраграфію, раз на 10 год — коланаскапію (для ўсіх);

Адзін раз на два гады — мамаграфію (для жанчын);

І не забыцца пра аналіз на ПСА (для мужчын).

І нарэшце — апошняе. Высокі медыцынскі чын лічыць, што грошай з гарадскога бюджэту на ахову нашага здароўя выдзяляецца дастаткова.Чаму ж тады не ўведзена дасюль абавязковая вакцынацыя дзяўчынак ад раку шыйкі маткі? Аказваецца (дзіва дзіўнае!), яна запланавана на наступны год. Як быццам хтось наперад бачыў, што грамадскасць захвалюецца і прад’явіць прэтэнзіі. Чаму тады ў адным Савецкім раёне праводзіцца мамаграфія жанчын пажылога ўзросту, а не ва ўсёй сталіцы? Толькі і чуем звыклае: не хапае таго, не хапае гэтага… Аднак жа на платнай аснове можна атрымаць усё: і вакцынацыю, і ультрагукавое абследаванне, і праверку на антыгены, і кансультацыю генетыка… Выходзіць, прычына не ў абмежаванасці сродкаў, а ў нечым іншым? Скажам, у стаўленні дзяржавы да сваіх грамадзян?

На сустрэчы прагучала шмат прыкладаў, лічбаў і працэнтаў у доказ таго, што беларуская медыцына — не горшая ў свеце. Не ясным засталося адно: на якіх лейцах зацягваць на анкалагічнае абследаванне шараговых, не ахопленых дыспанзерызацыяй па месцы працы грамадзян, калі ў такім абследаванні не зацікаўлены самі ўрачы?



Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

←Белорусский рынок пока не готов к продажам iPhone - МТС

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика