Праз буран і завею

Источник материала:  

Выпрабавана на сабе

  У той дзень, калі цыклон "Хаўер" бушаваў у Беларусі, я сабралася ехаць на сваю малую радзіму — гэта за 180 кіламетраў ад Мінска. Маці была супраць, казала, што падзея, дзеля якой я збіралася ў дарогу, таго не вартая. Але я ўжо не хацела мяняць планы. Выглянуўшы ў акно, падумала, што да вечара распагодзіцца, і пачала збіраць сумку.

Калі паехала ва ўніверсітэт на заняткі, буран не сціхаў. Да вечара надвор'е яшчэ пагоршылася. А маці зноў па тэлефоне папярэдзіла: лепш застацца ў Мінску!

Запэўніўшы, што ўсё будзе добра і нават крыху пакрыўдзіўшыся на тое, што мяне дома не хочуць бачыць, пайшла на аўтобусны прыпынак. Чакаю маршрутку. Навокал — калона тралейбусаў, што захраслі ў снезе, натоўп людзей, якія не ведаюць, чым дабрацца дамоў, і мяце-мяце...

А я, стоячы па калена ў снезе і не адчуваючы пальцаў рук, працягваю чакаць маршрутку, якая спазняецца. Нарэшце, спынілася, доўгачаканая. Замест патрэбных 17.05 выехалі ў 17.35. Плюхнуўшыся ў крэсла, з палёгкай уздыхнула: гадзінкі 3 — і я буду дома.

Праз некалькі хвілін усведамляю, што паспяшалася з гэтай надзеяй я відавочна: па Мінску маршрутка рухалася з хуткасцю пешахода. На гродзенскую трасу трапілі праз паўтары гадзіны (замест звычайных 15-20 хвілін).

Выехаўшы за межы горада, здавалася, што самае страшнае скончылася. "Зараз маршрутка набярэ хуткасць — і праз гадзіны дзве максімум мы дома", — спяшаліся падзяліцца навіной пасажыры па тэлефоне з роднымі.

Не кажы гоп... Ад'ехаўшы 30 кіламетраў ад Мінска, маршрутка спынілася. Думалі, вадзіцель зніжае хуткасць з-за ўмоў надвор'я. Але дзе там. Наперадзе чакала сапраўдная стыхія — 10-кіламетровы затор, які рос як у даўжыню, так і ў шырыню. Абганяючы адзін аднаго, кіроўцы стварылі затор у 6 радоў, пакінуўшы невялікі праезд для сустрэчных машын. У некаторых нават пачалася паніка: наперад рух прыпынены і вярнуцца ў Мінск ужо немагчыма... Нічога не заставалася рабіць, як сядзець і чакаць, пакуль сітуацыя не высветліцца.

Праз некаторы час стала вядома, што стаім мы, бо наперадзе адбылася аварыя, у выніку якой дзве фуры перагарадзілі дарогу.

Пакуль вызвалялі праезную частку, прайшло 3 гадзіны. І толькі тады машына кранулася. Аднак не надоўга. Праехала некалькі метраў — і зноў спынілася. На гэты раз транспартны паток стаў з-за намеценых гурбаў. Машыны буксавалі. Людзі не стрымлівалі эмоцый: колькі яшчэ будзем стаяць? Многіх хваляваў ужо не столькі сам працэс чакання, а тое, што не было магчымасці нават выйсці на двор: замятала і збівала з ног. Тое, што ў той дзень у мяне быў час толькі паснедаць і, зразумела, я была галодная, мяне хвалявала менш за ўсё. З'явілася надзея на выратаванне, калі праз акно ўбачылі вялікія расчышчальныя машыны.

Толькі крануліся і зноў сталі... Ужо 7 гадзін у маршрутцы! Гадзіна ночы. Тэлефон разрываецца: сябры пытаюцца, як даехала, бацькі — дзе прапала? Нарэшце, машыны патроху пачалі праязджаць наперад. Выехалі і мы на расчышчаную бульдозерамі каляіну. Паехалі! Тэлефаную родным: "Не хвалюйцеся, хутка буду!" Аказалася, за мной ужо едуць насустрач. Давялося прасіць здзіўленага вадзіцеля спыніцца на паўдарозе. Перасела да сваіх у машыну. А там — гарачая гарбата, цёплы плед... Няўжо ўсё скончылася?

... Тры гадзіны ночы. Нарэшце, прыехала. Я — дома. Кладуся спаць з рознымі думкамі, адна з якіх прыемная — заўтра прачнуся на сваёй падушцы, паснедаю маімі любімымі блінчыкамі, якіх напячэ маці. Буран заціхне. І цэлыя выхадныя буду з роднымі і блізкімі. Дык чаму ж не ехаць дахаты, нават у такое надвор'е...

Вераніка КАНЮТА

←Одноэтажный Минск уходит в небытие

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика