“Прыгоды Несцеркі”

Источник материала:  

У першым анімацыйным поўнаметражным фільме пад такой назвай, што стварылі на нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, папулярны герой народных легенд і паданняў шукае скарб, які не мае дна, вучыцца адрозніваць Ліха ад Шчасця, стварае сям’ю і ладзіць уласную гаспадарку

Той, хто хоць трохі цікавіцца творчасцю беларускіх аніматараў, напэўна, чуў, а можа, і бачыў некаторыя выпускі мультфільма “Несцерка” рэжысёра Ігара Волчака. Серыі, што створаны дзесяцігоддзе таму, было вырашана далучыць да новых гісторый Несцеркі. Так склалася яскравая карціна жыцця сапраўды народнага героя. Ці прыйдзецца яна даспадобы сучаснаму гледачу? Пра гэта стане хутка вядома. Прэм’ера анімацыйнага фільма адбудзецца 25 сакавіка ў сталічным Доме кіно.

Карэспандэнт “НГ” пабывала на закрытым паказе “Прыгодаў Несцеркі” і даведалася аб перспектывах новаспечанага айчыннага анімацыйнага фільма. 

Стужка даўжынёй у 52 хвіліны атрымалася з мультсерыяла “Несцерка”. Яго першая серыя была створана ў 2003 годзе, а восьмая і апошняя  завершана толькі ў 2012-м. “Прыгоды Несцеркі” ўключаюць восем пацешных гісторый. У іх Несцерка, адзін з самых вядомых герояў беларускіх казак, спраўляецца з любымі, нават самымі няпростымі, сітуацыямі. Ва ўсім яму дапамагаюць верныя сябры — сабака і кот.

Пачуўшы наказ ад багіні рамёстваў часцей глядзець пад ногі, бо скарбы часта хаваюцца там, дзе менш за ўсё чакаеш іх убачыць, Несцерка атрымлівае ў дар талент ганчара і з энтузіязмам бярэцца за справу. Разам са сваім памочнікам і верным сябрам сабакам лепіць гаршчкі і сувеніры з гліны і мае намер прадаць іх на кірмашы. Шлях Несцеркі да вялікіх грошай перапоўнены рознымі перашкодамі. Аднак пацешны герой дастойна іх пераадольвае і робіць для сябе пэўныя жыццёвыя высновы, кожная з якіх увасабляецца ў прыказках. Напрыклад, “Не сунь носа ў чужое проса”, “Захочаш есці, навучышся і колы гнуць, і лапці плесці”, “Не пазнаўшы ліха, не пазнаеш і радасці”. Дыяменты народнай мудрасці чырвонай ніткай праходзяць праз усе гісторыі Несцеркі  і робяць фільм не толькі цікавым, але і пазнавальным.

Рэжысёр карціны Ігар Волчак адзначае, што фільм разлічаны для сямейнага прагляду. Адна з галоўных задач  — навучыць мудрасці, якая закладзена ў беларускіх казках. Да прыкладу, таму што ў свеце ёсць рэчы больш важныя, чым грошы. Фільм пра Несцерку зняты на беларускай мове. Каб яго можна было прадаць у Расіі, мае рускамоўны варыянт, а таксама англійскія субцітры — анімацыйны фільм пасля шырокага паказу ў Беларусі адправіцца ў “фестывальнае плаванне” па розных краінах свету. Цяпер ідзе актыўная стадыя рэкламы фільма. Ролі агучвалі Аляксандр Кашпераў, Дзмітрый Пусцільнік, Віктар Манаеў, Генадзь Аўсянікаў, Аляксандр Ткачонак і іншыя.

— На маю думку, фільм атрымаўся не горшы за анімацыйныя фільмы расійскай вытворчасці, — гаворыць рэжысёр Ігар Волчак. — Ды і, прызнацца, мы не мелі на мэце з кімсьці спаборнічаць. Проста хацелі ажыццявіць цікавы праект. Дыскі з фільмам ужо адвезлі патэнцыяльным пакупнікам, і мы ўпэўненыя ў перспектывах “Прыгод Несцеркі”. Прывабны праект яшчэ і музычным матэрыялам. Кампазітар, народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны напісаў цудоўную музыку, заснаваную на беларускім фальклоры. Выдатнаму гукарэжысёру Сяргею Чухрову прыйшлося “зводзіць ажно 65 трэкаў”.

Дарэчы, нацыянальная кінастудыя ўжо наладжвае супрацоўніцтва з айчыннымі кандытарамі, якім прапанавана выпусціць кандытарскія вырабы, цукеркі, шакаладкі з выявамі персанажаў “Прыгод Несцеркі”. Такім чынам, мяркуюць спецыялісты, папулярнасць фільма пра Несцерку можна будзе наблізіць да культавага расійскага анімацыйнага фільма “Маша і Мядзведзь”.

 Топ-5 беларускіх анімацыйных фільмаў

“Ліса і журавель”
Немудрагелістая гісторыя пра лісу і жураўля ў руках рэжысёра-аніматара Уладзіміра Пяткевіча і сцэнарыста Дзмітрыя Якутовіча вырастае ў сціплую легенду пра вечныя, як свет, узаемаадносіны мужчыны і жанчыны, непрымірымыя супярэчнасці характараў, вобразы жыцця. Тонкі гумар, глыбокі падтэкст, выдатная праца мастакоў-пастаноўшчыкаў Ганны Емяльянавай і Аляксандра Верашчагіна, сумны, але вельмі праўдзівы фінал — усё гэта можна ўбачыць у анімацыйным фільме “Ліса і журавель”. 

“Про девочку Женю”
Анімацыйны фільм рэжысёра Таццяны Жыткоўскай расказвае пра будні і святы маленькай дзяўчынкі, якая жыве ў вялікай, дружнай сям’і. Жэня трапляе ў розныя жыццёвыя сітуацыі і з кожнай выносіць для сябе ўрок. Напрыклад, адна з серый прысвечана дню нараджэння Жэні. Дзяўчынка чакала яго з нецярплівасцю. Але дзень выдаўся для яе сумны. Чаканні не спраўдзіліся, падарунка, аб якім яна марыла, ёй не падарылі. Але ў гэты дзень яна прыдбала сябра — чароўнага коніка, які выканаў усе яе жаданні.

“Аповесць мінулых гадоў”
Цыкл мікраметражных фільмаў, якія распавядаюць аб паходжанні і сімволіцы гербаў беларускіх гарадоў.

“Рыбка по имени Нельзя”
Шматсерыйны анімацыйны фільм рэжысёра Аляксандра Ленкіна адкрывае маленькім гледачам падводны свет. Напрыклад, трэці фільм серыяла расказвае пра сям’ю азёрных карасёў. У гэтай серыі карасік па імені Нельга знаёміць сваіх бацькоў са сваім новым сябрам — маленькім акуньком. Тата і мама ў збянтэжанасці: акуні — драпежныя рыбы, якое можа быць з імі сяброўства? Сітуацыя абвастраецца яшчэ і тым, што даводзіцца мець справу з дзядулем акуня, старым паляўнічым на траваедных рыб. Гісторыя заканчваецца цалкам шчасліва, але сям’і карасёў даводзіцца перажыць некалькі вельмі трывожных хвілін.

“Мышка”
Сюжэт анімацыйнага фільма Уладзіміра Пяткевіча просты. У хатцы ля сажалкі жыве разам з мамай Мышка. Жыццё здаецца ёй сумным і нецікавым. Аднойчы, калі мама пайшла з дому, Мышка адправілася ў сваё першае ў жыцці падарожжа — на свет паглядзець і сябе паказаць. Колькім жаніхам яна закружыла галаву! Але ні адзін з іх не прыйшоўся ёй па душы. Акрамя рудага Ката, які паланіў сэрца Мышкі сваімі вытанчанымі манерамі і аксамітным голасам...

←Спросите у “Семьи”

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика