Масленіцу адсвяткуюць у суботу і нядзелю
Фота belarus.by.
МЯДЗЕЛ. Раённае свята “Масленіцу сустракаем, дастатку ўсім жадаем” пройдзе ў суботу, 16 сакавіка, у вёсцы Нарач (Кабыльнік). Пачнецца яно ў 11 гадзін.Выступяць мастацкія калектывы з Нарачы, Занарачы, Чараўкоў, Свіры, Камарова, Старлыг, расказала метадыст раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Аксана Вязевіч. Карабейнікі будуць гандляваць сувенірамі, запрацуюць гульнявыя пляцоўкі для дарослых і дзяцей. Будуць наладжаныя народныя забавы: бітва мяшкамі, лажанне па слупе, спальванне пудзіла. І бліноў можна будзе адведаць.
У нядзелю, 17 сакавіка, у Мядзеле на плошчы Шаранговіча пройдзе гарадское свята “А на Масленай нядзелі да нас жаўраночкі прыляцелі”. Выступяць артысты з райцэнтра, вёсак Выгалавічы, Сваткі, Восава, адбудуцца народныя гульні і забавы, майстар-клас па вырабе сімвалаў вясны, спартыўныя мерапрыемствы. Пачатак – у 12 гадзін.
ВІЛЕЙКА. Раённае свята “Масленічныя найгрышы” пройдзе 16 сакавіка ў вёсцы Куранец. У праграме свята – тэатралізаванае прадстаўленне, разнастайныя гульні і конкурсы, канцэртная праграма сельскіх клубных устаноў раёна.
Свае вырабы прадставяць майстры раённага Дома рамёстваў, Каловіцкага Дома майстроў ды іншых устаноў. Напрыканцы свята традыцыйна спаляць пудзіла Зімы. Пачатак свята – у 12.00.
У Вілейцы 17 сакавіка ў Ніжнім парку у 12 гадзін пачнецца народнае гулянне “Зіма, бывай, душа, спявай!”. Наведнікі ўбачаць тэатралізаваны абрад “Гуканне вясны”, выступленне калектываў мастацкай самадзейнасці Палаца культуры, прымуць удзел у гульнявой праграме.
Аддзел інфармацыі.