Гаворыць і паказвае Стакгольм...
Медыяпрастора
"Беларусь-1", "Беларусь-2", "Беларусь-24"; "Svеrіgеs Tеlеvіsіоn (SVT)-1", "SVT-2", "SVT-24" — вонкава сістэма тэлебачання Швецыі вельмі падобная да беларускай. Ці ёсць адрозненні ў змесце? У гэтым, а таксама ў дэталях працы шведскага радыё, разбіраліся беларускія студэнты-журналісты, якім пашчасціла патрапіць у Стакгольм.
"Еўрабачанне" — нацыянальны "від спорту"Пытанне "Ці ёсць адрозненні паміж шведскім і беларускім тэлебачаннем?" ставіць, напэўна, няправільна. Паміж любымі сістэмамі, безумоўна, можна знайсці пэўныя адрозненні. Аднак такога ТБ, якое існуе ў Швецыі, няма, здаецца, больш нідзе.
Сацыяльнае тэлебачанне — з'ява, характэрная менавіта для гэтай паўночнай краіны. Сістэма працуе вельмі проста: з кожнага жыхара Швецыі, які мае дома хаця б адзін тэлевізар ці камп'ютар (бо з дапамогай яго таксама можна прымаць тэлесігнал) абавязаны раз на год плаціць падатак. Гэтыя грошы перанакіроўваюцца дзяржавай на развіццё сацыяльнага тэлебачання. Узамен шведы атрымліваюць некалькі каналаў, па якіх транслююцца выключна праграмы на сур'ёзную тэматыку і навіны. Доступ да іх маюць тыя, хто карыстаецца як лічбавай тэхналогіяй перадачы інфармацыі, так і аналагавай. Акрамя гэтага, на сацыяльным тэлебачанні абсалютна няма рэкламы. Глядзець яго ці не — асабістая справа кожнага. Падатак плаціць — гэта абавязкова. Прыкладна так працуе і шведскае сацыяльнае радыё, але пра яго пазней.
SVT месціцца ў знешне старым будынку даволі блізка да цэнтра Стакгольма. Студыі абсталяваны вельмі сучасна. У будынку нас сустракае Берт Сундстрам — былы ўласны карэспандэнт SVT ва Усходняй Еўропе, у тым ліку і ў Беларусі. Беларускай мовы Берт, на жаль, не ведае, але даволі лёгка размаўляе па-руску. Яго працоўны дзень пачынаецца ў адной са студый, дзе ён з калегамі здымае перадачу для... сайта. Яе ніколі не ўбачаць тыя, хто не карыстаецца інтэрнэтам, аднак на SVT стварэнне такой перадачы лічаць мэтазгодным. Хаця, што казаць, калі доступ да сеціва ў Швецыі маюць амаль усе 100% грамадзян.
— У нас усё далёка не ідэальна, — распавядае Берт. — Нельга сказаць, што SVT патанае ў грошах. Хутчэй, наадварот, зараз нам іх моцна не хапае. Перад тым, як здымаць нейкі новы праект, нашы кіраўнікі сядзяць і лічаць, ці хопіць сродкаў на ўсё астатняе. Вось, напрыклад, зараз шведская артыстка перамагла на "Еўрабачанні". Гэта значыць, што наступны конкурс прыйдзецца прымаць нашай краіне. Увогуле, "Еўрабачанне" — гэта шведскі нацыянальны "від спорту". І SVT не можа абысці гэтую тэму. Нам трэба будзе выдаткаваць вялізныя грошы на трансляцыю конкурсу і ўсяго, што з ім звязана. Краіна радуецца, а мы не можам знайсці выйсце. Хутчэй за ўсё, "Еўрабачанне" стане магільшчыкам некаторых праграм. У прыватнасці, тых, якія здаюцца мне больш значнымі для грамадства. Часам здаецца, што зацягваць пояс тужэй ужо няма куды, але мы знаходзім новыя і новыя крыніцы эканоміі.
Сам сабе... тэлеаператарПацвярджэнне словам Берта мы бачым тут жа — у студыі. Адной перадачай займаюцца ўсяго чатыры чалавекі: вядучы, ягоны госць, аператар і мантажор. Ужо праз некалькі гадзін гатовая перадача з'явіцца на сайце SVT. Часам такая эканомія даходзіць да неверагоднага — некаторыя рэгіянальныя кампаніі адмаўляюцца ад паслуг тэлеаператараў. Іх ролю выконвае... вядучы. Напрыклад, падчас выпуску навін у прамым эфіры ён сам можа кіраваць камерай з дапамогай спецыяльнага прыстасавання. Вядучы пад сталом цісне на педаль — камера "наязджае" ці, наадварот, — "ад'язджае". З дапамогай другой педалі можна пераключаць камеры. Даволі смешная з беларускага пункту гледжання, але рэальная сітуацыя. Сапраўдная эканомія і беражлівасць у дзеянні.
Але не адным сацыяльным тэлебачаннем жыве звычайны швед. Існуюць і камерцыйныя тэлекампаніі. Напрыклад, галоўны канкурэнт SVT — TV-3. На гэтым канале гледача заахвоцяць што-небудзь набыць з дапамогай рэкламы і развесяляць гумарыстычнымі перадачамі. Толькі ў плане забаўляльных перадач SVT прайграе сваім канкурэнтам. Аднак гэта не замінае працаваць у межах кампаніі ажно тром тэлеканалам: галоўнаму, SVT-1, культурна-кінематаграфічнаму SVT-2, навінаваму і спартыўнаму SVT-24 і дзіцячаму SVTB.
Карацей кажучы, сістэма працуе даволі ўдала, хоць і не ідэальна — апошнім часам сацыяльнае тэлебачанне пачало саступаць камерцыйнаму. Але вінаваціць у гэтым, мне думаецца, трэба не журналістаў, а грамадства.
"Чатыры слупы" шведскага радыёРэдакцыя шведскага радыё знаходзіцца ў дзесяці кроках ад будынка тэлекампаніі і па сваіх памерах яму не саступае.
Блізкае суседства з тэлевізіёншчыкамі ні ў якім разе не паказвае на тоеснасць умоў, у якіх працуюць журналісты. Хто б што ні казаў, у сацыяльнага радыё ў Швецыі сапраўды няма канкурэнтаў. Яго слухаюць амаль усе.
Гэта чатыры каналы: Р-1 (культура, навука і класічная музыка), Р-2 (сучасная электронная музыка, упор на сюжэты для моладзі), Р-3 (навіны, рэпартажы і папулярная музыка) і Р4 (рэгіянальны канал, кантэнт якога адрозніваецца ў кожным больш-менш буйным горадзе). На гэтых "чатырох слупах" і трымаецца сацыяльнае радыё Швецыі.
Фрэдэрык Вадстрам таксама працаваў уласным карэспандэнтам у Беларусі, Расіі і ва Украіне. Па-руску ён гаворыць свабодна, ведае некалькі слоў па-беларуску. Разам з ім мы знаёмімся з працай рэдакцыі.
Галоўнае, што кідаецца ў вочы — перманентны рамонт у многіх памяшканнях. Фрэдрык тлумачыць гэта тым, што зараз радыё ў чарговы час рэфармуецца. Вельмі шмат працы праводзіцца ўсё ў тым жа інтэрнэце. Колькасць слухачоў у "павуцінні" з кожным днём расце.
Галоўнае адрозненне сацыяльнага радыё ў тым, што найбольшую частку эфіру займае не музыка і забаўляльныя праграмы, а навіны. Прычым шведам падабаецца менавіта слухаць навіны з дапамогай прыёмнікаў і інтэрнэту. Тэорыя аб выключнай ролі забаўляльнага аспекту радыё і яго фонавасці ў Швецыі, напэўна, не працуе. Музыка бярэ на сябе ролю гэткага "рэлаксатара", таго, што дае адпачыць галаве слухача ад інфармацыі, у якую трэба ўслухоўвацца і якую трэба асэнсоўваць.
Рабіць кактэйль з музыкі і важнай інфармацыі ў мясцовых журналістаў атрымліваецца бліскуча. Даказвае гэта і той факт, што камерцыйнае радыё папулярнасцю ў шведаў не карыстаецца.
— Яны нам не канкурэнты, — кажа Фрэдрык, — на адных забаўляльных перадачах далёка не заедзеш. Наша аўдыторыя хоча нечага больш важнага, чым бесперапынная музыка і віншаванні. Хаця зараз з'явіўся новы канал, які прыдумаў сваю канцэпцыю, завязаную на дыялогах з аўдыторыяй. Аднак і ім да нас яшчэ вельмі далёка. Грошай нам хапае. Уласныя карэспандэнты з нашага радыё працуюць па ўсім свеце. Калі я працаваў ва Усходняй Еўропе, даводзілася браць інтэрв'ю ў такіх людзей, як Юлія Цімашэнка. Згадзіцеся, не кожная FM-станцыя займаецца падрыхтоўкай вялікіх сюжэтаў на палітычную тэматыку.
Адрозненні беларускага і шведскага радыё на гэтым, вядома, не сканчаюцца. Чаго вартыя толькі вялізныя ньюс-румы (памяшканні) у будынку рэдакцыі! Пры гэтым, як аказалася, праца з матэрыялам у шведскіх радыйшчыкаў амаль ні ў чым не адрозніваецца ад нашай...
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.Фота аўтара.