Пасля жалобы
У нас. Віхор падзей мінулага тыдня, здавалася, павінен неяк адцяніць пасяджэнне Савета Міністраў 1 сакавіка, на якім урад фактычна даваў справаздачу Прэзідэнту. Аднак гэтага не адбылося.
Справа, вядома, не ў тым, што само пасяджэнне цягнулася рэкордныя амаль сем гадзін. І не ў рэзкасці ацэнак, якія даваў кіраўнік дзяржавы. Пасяджэнне стала своеасаблівым індыкатарам тых працэсаў, што адбываюцца ў вышэйшых эшалонах беларускай улады.
Відавочна, што, напрыклад, у самім урадзе, а значыць, і ў Адміністрацыі Прэзідэнта, мясцовых выканаўчых камітэтах існуюць розныя пункты гледжання на тое, якую мадэль эканамічнага развіцця краіны трэба выбраць. І ўсё гэта не проста ідэйныя спрэчкі, а канкрэтныя пытанні, ад вырашэння якіх залежыць дабрабыт кожнага беларуса.
Здабыткам грамадскасці сталі і ўнутраныя супярэчнасці, выкліканыя г.зв. "бюракратычнымі войнамі" — барацьбой асобных чыноўнікаў і ведамстваў за размеркаванне сфер адказнасці і кампетэнцый. Прынамсі, сам Прэзідэнт агучыў, што такія спрэчкі існуюць паміж першым віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам і старшынёй "Белнафтахіма" Ігарам Жыліным. Вастрыню падобных канфліктаў павінна будзе зняць аптымізацыя дзяржаўнага апарату, абвешчаная ў краіне. Зразумела, што яна не ліквідуе поўнасцю як з'яву супрацьстаянне асобных чыноўнікаў, у якіх могуць узнікаць адзін да аднаго як сімпатыі, так і антыпатыі, але значна ўпарадкуе сістэму кіравання і знізіць уздзеянне такіх канфліктаў на справу.
І яшчэ адзін важны вынік пасяджэння. Крытыкі беларускай улады любяць паўтараць, што яна ўступіла ў перыяд застою. Аднак калі кіраўнік дзяржавы здольны так востра ставіць пытанні, як гэта адбылося 1 сакавіка, рабіць гэта публічна, не хаваючы праблемы "пад лаву", то наўрад ці можна гаварыць пра застой. Іншая справа, як даручэнні Аляксандра Лукашэнкі будуць выкананы. Гэта пакажа час. Дарэчы, ад гэтага будзе залежаць і будучыня ўрада. Трэба нагадаць, што 2013-ы — апошні перадвыбарны год. У наступным пройдуць выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў, а там і прэзідэнцкая кампанія не за гарамі.
Вакол нас. Смерць лідара Венесуэлы Уга Чавеса ўскалыхнула свет. Нават яго палітычныя праціўнікі, як унутры краіны, так і за яе межамі, знайшлі сілы выказаць спачуванні ў сувязі са смерцю гэтага выдатнага дзяржаўнага дзеяча. Выключэнне склалі, хіба што, некаторыя палітыкі са Злучаных Штатаў, якія дазволілі сабе, мякка кажучы, не зусім карэктныя выказванні. Гэтым людзям, мабыць, не пісаны ні міжнародныя законы, ні нормы паводзін і маралі.
Пра тое, што Уга Чавес цяжка хворы, ведалі даўно. Але, нягледзячы на інфармацыю пра пагаршэнне яго стану, здавалася, што ўсё абыдзецца. Бо не трэба нікому даказваць, што прэзідэнт Венесуэлы (альбо камандантэ, як яго называюць па-рэвалюцыйнаму) быў баец і выходзіў пераможцам з самых цяжкіх сітуацый.
І Чавес здолеў атрымаць сваю апошнюю перамогу. Для яго, як і для саюзнікаў Венесуэлы, да якіх, дарэчы, адносіцца Беларусь, вельмі важна захаваць пераемнасць таго курсу, што праводзіў камандантэ. Вядома, што лідар апазіцыі Энрыке Капрылес публічна заявіў: у выпадку прыхода да ўлады ён ліквідуе ўсе заваяванні Баліварыянскай рэвалюцыі, у тым ліку і цесныя эканамічныя адносіны з Беларуссю.
Чавес паспеў падрыхтаваць і назваць імя свайго спадкаемцы — гэта віцэ-прэзідэнт Нікалас Мадура. Ён ужо прыступіў да выканання абавязкаў кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнцкія выбары адбудуцца 14 красавіка. Ад іх вынікаў будзе залежаць не толькі лёс венесуэльскага народа, але ўся міжнародная сітуацыя ў Лацінскай Амерыцы і трываласць пазіцый Беларусі на гэтым кантыненце. Таму будзе правільна сказаць, што Нікалас Мадура — гэта прабеларускі кандыдат. Пакуль шанцы на яго перавыбранне вельмі вялікія. Нябожчык камандантэ Чавес зрабіў для гэтага ўсё. Ахопленая жалобай і смуткам Венесуэла поўная рашучасці выканаць апошнюю волю свайго выдатнага сына.
З гісторыі. Штогод на пачатку вясны гісторыкі, публіцысты, журналісты не могуць прайсці спакойна міма адной даты, якая спачатку здаецца не такой і важнай — дзень смерці Сталіна. Сёлета споўнілася роўна 60 гадоў з тых халодных сакавіцкіх дзён, калі паміраў "правадыр і настаўнік", і зноў аднавіліся спрэчкі вакол яго ролі ў гісторыі.
Зразумела, кожны павінен сам вызначацца са стаўленнем да Іосіфа Вісарыёнавіча. Бо проста абысці гэтую фігуру, сказаць, маўляў, "не наша", родам грузін, кіраваў з Масквы, не атрымаецца — настолькі вялікі яго ўплыў на гісторыю: і на агульную, і на ўласна беларускую.
Па вялікім рахунку, адыходзячы ад эмоцый, Сталін для Беларусі зрабіў шмат станоўчага і адмоўнага. Што ў пазітыўным актыве? Трэба шчыра сказаць, што без яго жорсткай палітычнай волі не было б сучаснай беларускай дзяржавы, асабліва ў цяперашніх межах. Можна, безумоўна, будаваць складаныя схемы кшталту "а вось усё роўна б...". Сухія гістарычныя даныя пераканаўча сцвярджаюць: Сталін спрычыніўся і да склікання Усебеларускага з'езда 1917 года, і да стварэння Беларускага нацыянальнага камісарыята. Пад яго ціскам была абвешчана БССР ў студзені 1919 года. Зноў жа Сталін даў дабро на ўзбуйненне Беларусі ў 1924 і 1926 гадах. Нарэшце, дзякуючы яго палітычным намаганням і дыпламатычным хадам у 1939 годзе Заходняя Беларусь уз'ядналася з астатняй краінай.
Безумоўнай заслугай Сталіна, якую найчасцей называюць яго прыхільнікі, стала Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне. Не трэба забываць, што Сталін быў Вярхоўным Галоўнакамандуючым Чырвонай Арміі, што вызваліла Беларусь з нацысцкага рабства.
Але добра вядомыя і заганы сталінскага рэжыму. Першае месца належыць крывавым рэпрэсіям. Праўда, тут часам крытыкі Сталіна ўпадаюць у крайнасць і называюць нейкія неверагодныя лічбы яго ахвяр. Гэтыя лічбы і так досыць страшныя, каб іх яшчэ перабольшваць.
Па-другое, велізарным злачынствам стала калектывізацыя, дакладней, тыя метады, якімі яна праводзілася. Фактычна вынішчаўся цэлы сялянскі клас, што складаў аснову нашага грамадства.
Вельмі неадназначна можна ацаніць і перадачу пасля вайны Беластока з наваколлем Польшчы.
Адным словам, і заслуг, і злачынстваў, і памылак дастаткова. Дык, можа, ужо праз 60 гадоў настала пара спакойна ўзважваць іх на шалях гісторыі? Без залішняй эмацыйнай экспрэсіі, як у адзін бок, так і ў другі?
gіgіn@bеltа.bу
іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу