Ці часта ў жыцці вас выратоўвае пачуццё гумару?

Источник материала:  
Міхась Сліва (Кавалёў) — пісьменнік, рэдактар аддзела рагачоўскай газеты "Свабоднае слова"

Ці часта ў жыцці вас выратоўвае пачуццё гумару?— Часта, кожны дзень. Калі сур'ёзна на ўсё глядзець, дык памерці адразу ж трэба. Прыязджаю на поле да механізатараў. Каб іх разгаварыць, трэба спачатку расказаць нейкі жарт, байку, анекдот — каб людзі расслабіліся. Нядаўна ў свой абедзенны перапынак прыйшоў на пошту, каб атрымаць бандэрольку, па-за чаргой, бо тэрмінова ж трэба. Адна маладая пенсіянерка кажа: "Калі вы яго абслужыце — я напішу скаргу". Я ёй з усмешкай: "Такая маладая прыгожая жанчына — і ніякага спачування мне..." Яна расквітнела адразу. І сама прапанавала: "Давайце прапусцім яго"... Калі хтосьці гаворыць нешта негатыўнае — я імкнуся глядзець на яго весела і бачу ў гэты момант нейкія рысы, якія ў звычайнай сітуацыі не заўважыш. Увогуле ж пачуццё гумару дапамагае і таму, хто ім валодае, і таму, хто з ім сутыкаецца.

  Ігар Марышчанка — кіроўца-аператар тэлерадыёкампаніі "Гомель"

— Штодзень. Калі сур'ёзна ставіцца да таго, што навокал адбываецца, можна звар'яцець — без гумару ніяк не абыдзешся. Атрымліваеш разлікоўку — смяешся, заходзіш з тым, што атрымаў, у краму — смяешся. На запраўцы жонка пабачыць кошт паліва, злуецца, а я жартую. Тут адна знаёмая паскардзілася, што ў яе быццам гаймарыт — я ёй адразу ж прапанаваў свердлам дзірачку ў носе прабіць. Акуратненька так. Яна смяецца — лягчэй стала. Неяк едзем з журналісткай уздоўж новаадбудаваных маёнткаў, яна зайздросціць. "І хто ж тут жыве?" — кажа. А далей адразу ж могілкі пачынаюцца. Я ёй: "Глядзі — тут і ты сабе можаш месца падабраць!" Чорны гумар, вядома, не ўсе любяць, некаторыя, можа, і крыўдзяцца. Аднак мне пра гэта невядома. Тыя, хто мяне ведае, толькі смяюцца. Праўда, дома я імкнуся стрымлівацца і пры сыне не кажу лішняга. Бо дзеці ж разносяць хутка ўсё, што пачулі ад бацькоў. Увогуле ж у сям'і пачуццё гумару згладжвае ўсе вострыя вуглы. Як толькі жарсці распаляюцца, з дапамогай анекдота ці нейкага жарціка разводжу ўсіх па розных кутах, каб супакоіліся. Дапамагае.

  Леанід Клімовіч — гулец тэлевізійнага клуба "Што? Дзе? Калі?"

— Пачуццё гумару дапамагае тады, калі патрэбна пасмяяцца з сябе. Аднойчы я прыйшоў у Траццякоўку без грошай. Можна было б пабіцца галавой аб сценку, але ж я ішоў па Маскве і рагатаў з сябе. Калі ты сам вінаваты ў нейкай сітуацыі, лягчэй за ўсё менавіта так рэагаваць, і тады будзе лягчэй жыць. Былі выпадкі на гульнях, калі прапануеш прыгожую версію, але ж... няправільную. Напрыклад, аднойчы было такое пытанне: "Вярцінскі расказваў, што ў пачатку ХХ стагоддзя ў маскоўскіх рэстаранах з аркестра да публікі выходзіў мужчына, які ў адной руцэ трымаў паднос для грошай, а ў другой — жывую муху. Для чаго?" Правільны адказ: каб ён не мог пакласці грошы сабе ў кішэню — гэта стане адразу зразумела, калі муха паляціць. А Клімовіч адказаў: "Магчыма, тым, хто не клаў на паднос грошы за музыку, грамадзянін кідаў муху ў бакал". Версія дурацкая і смешная, але ж няправільная. Але ўсе смяяліся, і разам з усімі я — з сябе. Выйсці са ступару можна было толькі пасмяяўшыся з сябе.

Ірына АСТАШКЕВІЧ. Фота аўтара.

←Этот день в истории 13 марта

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика