Абутак з падтэкстам

Источник материала:  

Беларускія дызайнеры стварылі свае пантофлі

Праўда, гэты шыкоўны абутак наўрад ці можна будзе абуваць дома. Хутчэй, больш за 13 пар хатніх пантофлікаў на выставе "Тапаграфіка", што да 23 сакавіка працуе ў сталічнай галерэі "Універсітэт культуры", натхняць вас на развагі пра тое, што па пантофлях можна сёе-тое расказаць пра іх гаспадара. Мяккі ён або чэрствы, стрыманы ці эмацыйны, традыцыяналіст ці авангардыст, фізік або лірык, менеджар сярэдняга звяна або паэт...

12 найвядомейшых беларускіх дызайнераў гіпербалізавалі ўсе пералічаныя і многія іншыя якасці, каб стварыць свае пантофлі. З глыбокім філасофскім падтэкстам.

— Хатнія пантофлі мы абуваем кожны дзень і не на паказ, а для сябе. А значыць — можам быць па-сапраўднаму шчырымі ў выбары. Менавіта таму яны могуць вельмі яскрава раскрыць індывідуальнасць чалавека, — разважае дызайнер і мадэльер Іван АЙПЛАТАЎ. — Дызайнеры ўсяго свету вельмі вялікае значэнне надаюць аксесуарам. А мы вырашылі звярнуць увагу публікі на пантофлі — гэты незаслужана забыты, быццам згублены ў шафе, прадмет гардэробу.

Абутак з падтэкстам

Насамрэч большасць пантофляў, прадстаўленых на выставе з невыпадковай назвай "Тапаграфіка", наўрад ці можна згубіць або забыць. Некаторыя з іх маюць такія памеры, што іх не тое што забыць, а нават абуць будзе складана. Але сутнасць жа не ў гэтым.

Вось, напрыклад, "Хатнія пантофлі" са штучнага футра і пена- пласту аўтарства Андрэя Шчукіна, Дзяніса Нядзельскага і Алены Міт у вышыню — 2,20 метра. Яны як такая глабальная гіпербала хатняму камфорту — мяккія, беленькія, у кветачкі. Як камфорт дзеля камфорту. Як камфорт, які паглынае цябе сваёй бухматасцю і назойлівай утульнасцю. Сцеражыцеся такога камфорту! Ён пазбаўляе вас здольнасці і жадання думаць.

Або вось яшчэ развагі на тэму зняволення камфортам — "Вузы камфорту" Дзмітрыя Сурскага і Дзяніса Трапашкі. Гэта такія сабе грувасткія пантофлі а-ля в'етнамкі, якія яшчэ зусім нядаўна на тэрыторыі былога СССР было прынята называць слізкім словам "сланцы". Толькі в'етнамкі гэтыя не з гумы, а з цэменту. Яны непад'ёмныя і зусім не камфортныя. Гэтыя пантофлі — алегорыя. Маўляў, вось у што можа ператварыцца хатні камфорт, калі вы будзеце надта ім злоўжываць. Таму дапаўняюць кампазіцыю старшыні беларускага саюза дызайнераў Сурскага і, відаць, маладога дызайнера Трапашкі раскідзісты фатэль, пульт дыстанцыйнага кіравання і каталог вопраткі... Можаце надалей сядзець дома ля тэлевізара і нічога не рабіць, абстрагавацца ад таго, што адбываецца на вуліцы. Толькі ваш камфорт хутка стане вашай турмой!..

Тэму "зняволення хатнімі пантофлямі" працягвае вядомы дызайнер Іван Айплатаў, уладальнік Гран-пры конкурсаў моды, стваральнік сцэнічных касцюмаў для вядомых беларускіх гуртоў і беларускіх удзельнікаў конкурсу "Еўрабачанне-2004". Пантофлікі Айплатава называюцца "Прыгожыя". І яны сапраўды прыгожыя, аздобленыя пастэльна-ружовымі жамчужынамі. І не важна, што яны штучныя. Глядзяцца, як натуральныя. Праўда, самі пантофлі, зробленыя з калючага дроту. Гэтыя пантофлікі — сімвал нацыянальнага беларускага мазахізму. Менавіта нашаму менталітэту вельмі ўласціва самакатаванне. Няхай усё будзе вонкава прыгожа, няхай на вуліцах будзе чыста, а ў метро цёпла. Іншае, тое, што глыбей, нас не хвалюе...

У Беларусі нават каўбоі мяккія, добрыя і верацярпімыя. На фота Уладзіміра Цэслера "Мяккі каўбой" мы бачым акурат такога далікатнага змагара з несправядлівасцю. Ён кранальны да слёз. А замест кабуры ў яго — стылёвы пантофлік. У ім прытуліўся безабаронны наган. Але наган усё-ткі ёсць, і калі беларускага каўбоя раззлаваць як след, то і наган прыдасца.

Сярод аўтараў, якія распрацавалі свае пантофлі, ёсць яшчэ вельмі цікавы дызайнер абутку — гэта Марына Шаліма, вядомы майстар у кінематаграфічных колах. Яна шматкроць стварала абутак для розных кінафільмаў. У тым ліку для кароткаметражнага міжнароднага праекта "Туфлікі" пра трагедыю Халакосту, у якім адным з асноўных удзельнікаў была і Беларусь. Для "Тапаграфікі" Марына разам са студыяй Sutоrіа зрабіла пару пантофлікаў у выглядзе гоначных машын — "Парнае катанне". Нягледзячы на знешнюю банальнасць, гэта вельмі актуальная і дасціпная парачка. Таму што сёння машын у свеце ледзь не больш, чым людзей. А можа, ужо і больш. Кожны мае па машыне, а то і па дзве. Вось так і жывуць пары: хлопец з дзяўчынай і іх машыны. Гэтыя пантофлікі — засцеражэнне. Людзі амаль развучыліся хадзіць пешкі, гуляць, атрымліваць задавальненне ад наваколля. Замест дзвюх ног — чатыры колы.

Яшчэ адно актуальнае "пантофлікавае" выказванне належыць вядомаму скульптару Канстанціну Селіханаву. Як і належыць скульптару, Канстанцін падышоў да справы манументальна. Маштаб думкі ўражвае. Карацей, мы бачым фотаздымак бігборда з выявай "Архітапкаў" Канстанціна Селіханава. Гэта такія дзве здаравенныя цагліны з раменьчыкамі. Абувай, каму няма чаго абуць! Але на бігбордзе іншы слоган: "Усё можна знасіць!" Плакат, дарэчы, быццам бы знаходзіцца ў мікрараёне на фоне краявіду з жылых дамоў.

Пару тапкаў-няўгледак прэзентаваў вядомы беларускі канцэптуаліст Руслан Вашкевіч. На падстаўцы, дзе месцяцца нябачныя пантофлі, шыльда, якая тлумачыць, што па тэхнічных прычынах пантофлі Вашкевіча можна ўбачыць у галерэі сучаснага мастацтва "Ў". Насамрэч прычыны не тое, каб надта тэхнічныя. Але спарадзілі ланцужок цікавых арт-развагаў.

Сапраўды, сёння вельмі актуальна ў мастацтве стала разважаць на побытавыя тэмы. Таму што час цяпер такі — меркантыльны, спажывецкі. Ды і на астатнія ўзвышана-высокадухоўныя тэмы ўжо даўным-даўно ўсе ўсё разважылі. Творцы спускаюцца з нябёсаў на зямлю. Прычым у самым простым сэнсе — у ногі.

Дарэчы, спонсарам і ініцыятарам "Тапаграфікі", поруч з Універсітэтам культуры, стаў аўтацэнтр "Атлант-М на Машынабудаўнікоў". Тым самым падтрымаўшы дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў галіне культуры, якое, як відаць, можа даваць вялікі плён.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ

 

←Блины на стол!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика