На смерць героя
Кніга спачуванняў у сувязі са смерцю Прэзідэнта Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Уга Чавеса адкрыта ў венесуэльскім пасольстве ў Мінску. Да будынка пасольства Венесуэлы ўчора ішлі беларусы, многія з кветкамі і свечкамі.
Смерць Прэзідэнта Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Уга Рафаэля Чавеса Фрыаса, безумоўна, узрушыла ўсіх. Два доўгія гады мужнай барацьбы з ракам закончыліся сумным фіналам. Уга Чавес, чалавек з магутнай энергетыкай і харызмай, змог перамагчы ўсіх ворагаў сваёй горача любімай ім краіны, як знешніх, так і ўнутраных, але паў ахвярай страшнай хваробы.
Чым запомняцца венесуэльцам доўгія гады кіравання Чавеса? Безумоўна, тым, што гэта быў самы адкрыты да стасункаў з народам лацінаамерыканскі прэзідэнт. Штотыдзень многія гадзіны ён прысвячаў зносінам з выбаршчыкамі. Пры гэтым заўсёды выказваўся прама і бескампрамісна. Шчырасць і прамата прэзідэнта імпанавалі венесуэльцам — Чавес расказваў у адкрытым эфіры аб тых праблемах, якія турбавалі і простых грамадзян.
Вядома, вялікая ўвага ім надавалася барацьбе з беднасцю. Мільёны бедных у краіне, якая з'яўляецца ўладальніцай велізарных запасаў нафты, з'явіліся наступствам іншай праблемы — засілля алігархаў і прагных замежных карпарацый у эканоміцы. Так было да Чавеса, і ўсе гады ва ўладзе яму прыходзілася ваяваць і з тымі, і з другімі. І калі першыя гады ва ўладзе ён стараўся выкарыстоўваць мяккія метады барацьбы па пераразмеркаванні багаццяў ад алігархаў і замежнікаў да радавых венесуэльцаў, каб не выклікаць дадатковых праблем у эканоміцы, то, калі ён пераканаўся, што гэта расцэньваецца апанентамі як слабасць, метады прыйшлося памяняць.
Асабліва паказальнай стала спроба перавароту ў 2002 годзе, спансіраванага мясцовымі алігархамі і замежнымі спецслужбамі, калі жыццё і свабода Чавеса былі выратаваны мільёнамі простых венесуэльцаў, якія запатрабавалі неадкладна вызваліць схопленага змоўшчыкамі прэзідэнта. Безумоўна, пасля такога правакацыйнага акта ў дачыненнях да суверэннай Венесуэлы Чавесу прыйшлося дзейнічаць з ворагамі сваёй краіны зусім інакш. І чаша вагаў схілілася на яго карысць.
Удалося ў выніку дабіцца неістотных вынікаў і ў барацьбе з беднасцю. Калі грошы ад эксплуатацыі рэсурсаў краіны перасталі выводзіцца на замежныя рахункі абмежаванага кола асоб, а былі накіраваны на патрэбы радавых венесуэльцаў, у выніку чаго беднасць удалося скараціць больш чым у два разы. Пачалі працаваць маштабныя праграмы па рэалізацыі прадуктаў харчавання маламаёмным па цэнах, датаваных дзяржавай. Запушчаны ў рэалізацыю грандыёзныя праграмы па вырашэнні складанасцяў з жыллём, закліканыя паступова вырашыць праблему з засіллем фавел, самастойна пабудаваных беднякамі хацін, раёнаў антысанітарыі і злачыннасці, жахлівай спадчыны ранейшых алігархічных рэжымаў.
Грандыёзны прарыў быў ажыццёўлены ў медыцыне. Дзясяткі тысяч кубінскіх урачоў (а кубінская медыцына па праве лічыцца лепшай у Лацінскай Амерыцы) прыбылі для пастаяннай працы з абяздоленым насельніцтвам Венесуэлы. Рэзка павялічылася колькасць школ, а колькасць студэнтаў ва ўніверсітэтах падвоілася. Адукацыя, як сярэдняя, так і вышэйшая, упершыню аказалася лёгкадаступнай шырокім пластам грамадзян.
Вядома, за ўсё гэта — адабраныя ў алігархаў і замежнікаў грошы на сацыяльныя праграмы для мільёнаў беднякоў, бескампрамісныя выказванні ў адрас моцных свету ўсяго, што вяршылі несправядлівыя справы, — Чавесу прыйшлося расплачвацца сваім здароўем. Пастаянныя абразы ў адрас прэзідэнта сыпаліся як гарох з мяшка як ад мясцовых, так і ад уплывовых замежных "лібералаў". Небяспечныя ідэі клопату аб простых грамадзянах, замест арыентацыі эканомікі на папаўненне банкаўскіх рахункаў нешматлікай эліты і яе замежных сяброў, здаваліся ім крамольнай заразай, з якой неабходна змагацца гарачым жалезам. Ідэі Чавеса сапраўды аказаліся прывабнымі для ўсяго лацінаамерыканскага кантынента. Прыхільнікі і ідэйныя паслядоўнікі Чавеса сталі масава прыходзіць да ўлады ў іншых лацінаамерыканскіх краінах, што выклікала сапраўдную паніку ў ЗША.
Уга Чавес непазбежна стане новым героем Лацінскай Амерыкі, Сімонам Баліварам ХХІ стагоддзя. Сімон Балівар прынёс свабоду ад іспанцаў, Чавес натхніў лацінаамерыканцаў на барацьбу з алігархамі і замежнымі ўрадамі, якія неміласэрна эксплуатуюць багатыя прыродныя рэсурсы краіны кантынента праз сваіх стаўленікаў. Яго будуць ідэалізаваць, ім будуць захапляцца. Яго ідэі будуць натхняць сотні мільёнаў лацінаамерыканцаў і сумленных палітычных лідараў і праз дзесяцігоддзі, і праз стагоддзі. Непазбежна будуць спрэчкі, ці можна было рэалізоўваць больш эфектыўныя сацыяльныя або эканамічныя рэформы ў Венесуэле. Але галоўным застанецца тое, што менавіта ён зрабіў першы, найважнейшы крок — сумленна паказаў венесуэльцам усе наяўныя праблемы, паставіў задачы па іх вырашэнні, якія да яго ніхто не ставіў, і з усёй адвагай і энергіяй змагаўся за іх рэалізацыю, каб інтарэсы радавых венесуэльцаў былі не пустым словам, а асновай асноў венесуэльскай палітыкі і эканомікі.
Венесуэлу, безумоўна, чакаюць няпростыя часы. Краіна стала самым буйным нафтавым цэнтрам у свеце, і амерыканцы, вядома ж, кінуць усе магчымыя сілы для пастаноўкі на чале ўлады праамерыканскага прэзідэнта для кантролю Венесуэлы і эксплуатацыі яе багаццяў. Адзінай сацыялістычнай партыі Венесуэлы неабходна аб'яднацца ў гадзіну цяжкай страты і аказацца годным пераемнікам ідэй Чавеса і яго стылю бескампраміснай барацьбы за ідэалы свайго народа.
Сяргей КІЗІМА,
загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі ўпраўлення пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар палітычных навук.