Галоўнае — не хвалявацца
Акцэнты тыдня з Вадзімам Гігіным
У нас. Не так часта беларускае палітычнае жыццё ўзбагачаецца новымі крылатымі словамі, а тым больш такімі, якія сказаны не проста для прыгажосці, а трапна адлюстроўваюць рэчаіснасць. Прэзідэнцкае "Супакойцеся, я ўжо прыехаў у краіну, нічога прадаваць не будзем" адносіцца менавіта да тых фраз, якія надоўга застаюцца ў памяці. А мінулыя два тыдні прайшлі пад знакам узрастаючай актыўнасці кіраўніка дзяржавы пасля кароткатэрміновага адпачынку.
Вострая нарада па пытаннях спорту, кадравыя прызначэнні, сустрэча з вышэйшым генералітэтам — кожная з гэтых падзей цягне на вялікі аналітычны артыкул, бо там былі расстаўлены акцэнты, якія будуць вызначаць развіццё розных галін у бліжэйшы час. Але нервам і пульсам сталі адносіны Прэзідэнта і ўрада.
Аляксандр Лукашэнка даволі рэзка раскрытыкаваў урад за некаторыя эканамічныя ідэі, а яшчэ больш — за тыя размовы, што вядуцца вакол гэтых ідэй.
І тут няма нічога дзіўнага. Зразумела, гаворка не ідзе ні пра нейкую "барацьбу бульдогаў пад дываном", ні тым больш пра міжкланавыя сутыкненні. Гэтага папросту не існуе. Нашаму грамадству, у тым ліку палітолагам і сродкам масавай інфармацыі, трэба прызвычаіцца да таго, што ў кіруючых колах могуць быць розныя меркаванні па актуальных пытаннях. Эпоха, калі ўсе, незалежна ад займаемай пасады, хісталіся разам з генеральнай лініяй партыі, сышла ў нябыт. Зараз на стадыі прыняцця рашэнняў міністры, губернатары, дэпутаты (апошнія, на жаль, у меншай ступені) выказваюць розныя меркаванні, якія даволі часта супярэчаць адно аднаму. Гэта іх абавязак. А Прэзідэнт як арбітр павінен выбраць тую пазіцыю, што будзе прынята ў якасці асноўнай і выконвацца ў далейшым усімі дзяржаўнымі ўстановамі.
Таму не трэба адбудоўваць на гэты конт нейкія штучныя канспіралагічныя тэорыі. Палітыка якраз і прываблівае сваёй унутранай інтрыгай. Але інтрыгу трэба адрозніваць ад інтрыганцтва, а канцэптуальную барацьбу ад мітусні прыдворных вакол трона.
Вакол нас. "Італія здзіўляе свет" — лейтматыў каментарыяў пасля парламенцкіх выбараў, што адбыліся ў гэтай краіне. Вось толькі пытанне: здзіўляе прыемна альбо наадварот?
Напярэдадні выбараў было відавочна, наколькі кіраўніцтва Еўрасаюза, левая інтэлігенцыя і, як ні дзіўна, буйныя капіталістычныя колы не хочуць вяртання ў вялікую палітыку Сільвіа Берлусконі. Яскравыя лідары ім не патрэбны. Попыт на "шэрых мышак", якія паслухмяна выконваюць загады пра ўсеагульнае скарачэнне. Таму стаўка была на Марыа Монці, былога "тэхнічнага прэм'ера". Але ў яго перамогу ніхто не верыў. І фаварытам Бруселя, Парыжа і Берліна стаў левы кандыдат П'ер Луіджы Берсані.
Была разгорнута беспардонная прапагандысцкая кампанія ў падтрымку Берсані і па дыскрэдытацыі Берлусконі. Дайшло нават да таго, што канал ЕurоNеws у суботу перад выбарамі, калі быў абвешчаны "дзень цішыні", бясконца круціў інтэрв'ю з Берсані.
Але італьянцы вырашылі інакш. Навязлівая прапаганда з абодвух бакоў раздражняла выбаршчыкаў, і неверагодны прарыў здзейсніў сатырык Бэпе Грыла і яго "Рух пяці зорак". Новая сіла, якая абвясціла сябе антыпалітычнай, заваявала чвэрць галасоў італьянцаў і 54 месцы ў Сенаце. Грыла, якога яшчэ нядаўна не ўспрымалі ўсур'ёз, становіцца "стваральнікам каралёў", тым чалавекам, які вырашае, быць альбо не дзейснаму ўраду ў Італіі. А гэта праблема, якая турбуе зараз не толькі Еўропу.
Сусветныя біржы амаль у ліхаманцы, курсы валют скачуць. Адна з буйнейшых эканомік Еўразоны, член вялікай васьмёркі, не толькі моцна пацярпела ад наступстваў эканамічнага крызісу, але і рызыкуе застацца без урада ў крытычны момант сваёй гісторыі. Прычым далёка не факт, што новыя выбары выправяць сітуацыю. Ці здолеюць італьянскія палітыкі дзеля выратавання нацыі знайсці паразуменне? Пакуль гэта амаль ніколі ім не ўдавалася. Праўда, ёсць "калектыўны розум ЕС", які на прыкладзе Грэцыі даказаў, што воля народа — гэта адно, а ўрадавая палітыка — нешта зусім іншае.
З гісторыі. 95 гадоў таму ў Мінску адбываліся падзеі, пра якія шмат напісана, аднак іх дакладная храналогія да гэтага часу застаецца высветленай не да канца.
18 лютага пасля правалу мірных перамоў у Брэст-Літоўску германскія войскі перайшлі ў наступленне. Іх прасоўванне наперад амаль не сустракала супраціўлення. Старая расійская армія была разбурана і дэмаралізавана. На Заходнім фронце, што стаяў на Беларусі, з 1,5 млн салдат засталося крыху больш за 150 тысяч. 19 лютага бальшавікі і савецкія ўстановы пакінулі Мінск.
Пэўны час у гістарыяграфіі існавала версія, што адразу пасля адыходу бальшавікоў уладу ў Мінску ўзяў у свае рукі Выканаўчы камітэт Савета Усебеларускага з'езда, які 21 лютага абвясціў Першую Устаўную грамату і стварыў Народны сакратарыят. Нібыта ён кантраляваў горад да 25 лютага. Аднак гэта не зусім так. Архіўныя дакументы дазваляюць дакладна сцвярджаць, што амаль суткі ў Мінску было безуладдзе. Асобныя кварталы горада кантраляваліся рознымі ўзброенымі атрадамі: савецкімі, што прыкрывалі адыход, польскімі і тымі, што арыентаваліся на Цэнтральную Беларускую вайсковую раду. Апошнія былі вельмі слабыя. Немагчыма дакладна вызначыць ні іх колькасць, ні рэальны ўплыў на сітуацыю.
20 лютага ў Мінск увайшлі польскія войскі генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага, што ўзнялі мяцеж супраць Савецкай улады.
На наступны дзень, у 10 гадзін раніцы, да горада падышлі германскія войскі — гэта былі баварскія кавалерысты. На ваколіцах іх вітала дэлегацыя дзеячаў, што не мелі дачынення да Выканкама з'езда, на чале з Раманам Скірмунтам і Паўлам Алексюком.
Немцы дамовіліся з палякамі пра падзел сфер кампетэнцыі. Ніякіх стасункаў з Народным сакратарыятам новыя ўлады не мелі. Здавалася, што яны нават не заўважылі яго існаванне. Нарэшце, 25 лютага немцы навялі "свой парадак": выселілі "бацькоў будучай БНР" з будынка, канфіскавалі касу і нават сарвалі сцяг. Здавалася, на гэтым можна было б паставіць кропку. Але нечакана Выканкаму Усебеларускага з'езда працягнулі руку дапамогі з таго боку, адкуль яны яе і не чакалі.
Рэальная грамадзянская ўлада ў горадзе знаходзілася ў руках Мінскага гарадскога самакіравання і губернскага земства. Ні палякі, ні немцы не збіраліся пакуль змяняць сітуацыю. І вось менавіта гарадская дума і земцы вырашылі, што Усебеларускі з'езд — добрая падстава для аб'яднання ўсяго краю дзеля выратавання ва ўмовах іншаземнай акупацыі, а яго былыя дэлегаты — сапраўдныя саюзнікі. Так пачынаўся гэты цікавы і дзіўны саюз, які ў хуткім часе скончыцца абвяшчэннем "незалежнасці" БНР і рэзкім разрывам.
gіgіn@bеltа.bу
іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу