Яўген Мацуцін выратаваў ад пажару ў Маладзечне двое дзяцей і атрымаў у падарунак планшэт

Источник материала:  

Учора, 28 лютага, узнагародзілі 22-гадовага Яўгена Мацуціна, які 8 студзеня выратаваў двое дзяцей. Падарунак і грамату МНС Беларусі ўручылі падчас падвядзення вынікаў Мінскага абласнога агляду-конкурсу “Выратавальнікі вачамі дзяцей”, што апошнія два дні праходзіў у Маладзечне.

Пажар здарыўся каля гадзіны дня. У “101” пазваніў 12-гадовы хлопчык, які сказаў пра здарэнне і пра тое, што ў доме ёсць яшчэ яго малодшы брат, якому 8 гадоў..

Здарэнне адбылося з-за звычайнай запалкі. Старэйшы хлопчык чысціў на кухні колы тачкі лёгкаўзгаральнай вадкасцю. У гэты час зайшоў меншы і папрасіў заварыць яму гарбату. Старэйшы запаліў канфорку і кінуў запалку на падлогу. Тая патрапіла на анучу, якая была прамочаная лёгкаўзгаральнай вадкасцю, і пачаўся пажар.

Старэйшы хлопчык сам пачаў тушыць яго і атрымаў апёкі левай галёнкі першай ступені.

Малодшы тым часам адкрыў акно і стаў клікаць на дапамогу. Яўген Мацуцін, які жыве побач, пачуў крыкі і кінуўся да дзяцей. Ён зняў малодшага хлопчыка з падаконніка, а сам залез у дом. Старэйшы хлопчык ісці з дому не хацеў, бо пажар яшчэ не быў патушаны. Але 22-гадоваму суседу ўдалося яго пераканаць і нават паспець затушыць пажар.

Яны выходзілі з дому ўжо праз дзверы.

Цяпер, праз два месяцы, Мінскае абласное ўпраўлення МНС узнагародзіла Яўгена граматай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі і ўручыла яму падарунак – планшэт.

Настасся РОЎДА.

Фота facilitatedlearning.com.au

←Торговцы "живым товаром" избегают приезда в Беларусь - МВД

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика