Калі дзіця мае інваліднасць, вашай сям’і ёсць каму дапамагчы

Источник материала:  

Дзеці не разумеюць, што такое інваліднасць, яны проста гуляюць разам.

20 лютага на сустрэчы клуба “Мы разам” для бацькоў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда да пяці гадоў, удзельнікі абмяркоўвалі  юрыдычныя пытанні.

Сустрэча адбылася ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Бацькі загадзя склалі спіс пытанняў, на якія адказвалі юрысконсульт цэнтра Таццяна Фалевіч і спецыяліст па сацыяльнай рабоце Людміла Кебіч.

Кіраўнік клуба псіхолаг цэнтра Алена Камісарук пачала са слоў аб тым, што бацькі не павінны ствараць вакуум над дзіцем толькі з-за таго, што ён ці яна мае абмежаваныя магчымасці.

– Калі такое здараецца, то мы спачатку пачынаем шкадаваць сябе, потым дзяцей, думаем, што нам усе ўсё павінны… Адсюль гіперапека: не рабі тое, не гуляй там. Між тым самі дзеці не разумеюць, што такое інваліднасць. Яны проста гуляюць разам – і здаровыя, і з абмежаваннямі. Падтрымлівайце гэта. Вам спатрэбіцца цярпенне. Але заўсёды памятайце, што вашых дзяцей ніхто не будзе так любіць, як вы.

Як пасля падсумавалі ўдзельніцы клуба, ніхто з іх не чакаў тут атрымаць настолькі практычную дапамогу.

Разглядаючы прыватныя сітуацыі ўдзельніц, спецыялісты цэнтра распавялі, на якія льготы, грашовыя дапамогі бацькі маюць права і якім чынам іх можна атрымаць.

– Хочацца, каб да нас прыходзіла больш бацькоў, – заўважыла Алена Камісарук. – Варта звяртацца адразу ж, як даведаліся пра тое, што дзіця мае інваліднасць. Мы заўсёды дзелімся каштоўным досведам, які ўжо атрымалі. Падтрымліваем і дапамагаем змагацца за свае правы. Да таго ж запрошаныя спецыялісты даюць бясплатныя кансультацыі. А ў канцы сустрэчы праводзім псіхалагічны трэнінг, каб можна было трошкі эмацыйна разгрузіцца. Таму тэлефануйце і наведвайце наш клуб, запрашаем!

На наступнай сустрэчы ў сакавіку ўдзельнікі абмяркуюць магчымасці атрымліваць санаторна-курортнае лячэнне і адукацыю ў цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і адукацыі.

 Маладзечанскі цэнтр сацабслугоўвання насельніцтва знаходзіцца па вуліцы Таўлая, 4. Тэлефон псіхолага, з якімі можна пагаварыць наконт клуба “Мы разам”, – 8(0176) 74-66-20.

МЯДЗЕЛ. Бацькі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі могуць звярнуцца па дапамогу ў цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Мядзельскага раёна.

Працуе ад 2000 года, прымае дзяцей ад 3 месяцаў да 18 год. Тут праводзяцца заняткі па сацыялізацыі ў грамадстве, выпраўленні і змяншэнні дэфектаў. Бацькі могуць атрымаць кваліфікаваную дапамогу псіхолага, дэфектолага. Сацыяльны педагог растлумачыць пра сацыяльныя гарантыі, параіць, у якую навучальную установу паступаць выпускніку.

У Мядзеле яшчэ працуе аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва. Размешчанае яно ў паліклініцы. Аддзяленне наведваюць пераважна маладыя людзі ад 18 да 31 года. Але сярод наведнікаў ёсць таксама і двое дзяцей, і людзі, старэйшыя за 31 год.

У аддзяленні наладжаная работа разнастайных гурткоў. Для моладзі і іх бацькоў працуе клуб “Сямейныя традыцыі”. Наведнікі аддзялення разам з бацькамі ездзяць у экскурсійныя паездкі, адзначаюць святы.

ВІЛЕЙКА. Раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ёсць у Вілейцы.

– У першую чаргу, у нас бацькі атрымліваюць адукацыйныя паслугі для дзяцей з цяжкімі парушэннямі развіцця. Гэту групу наведваюць 10 дзяцей, – расказвае дырэктар цэнтра Святлана Клямячыц. – Бацькі аддаюць іх на дзесяць з паловай гадзін. А гэта вялікая палёгка для мам. Яны могуць адпачыць ці выйсці на працу – большасць з іх (сем з дзесяці) працуюць. Арганізаваны падвоз выхаванцаў ранкам і вечарам. Праводзяцца і з бацькамі разнастайныя мерапрыемствы, працуе бацькоўскі клуб “У коле сям’і нараджаецца душа”. Яшчэ ў цэнтры атрымліваюць раннюю комплексную дапамогу дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ўзростам ад 1 да 3 год. А таксама карэкцыйную дапамогу – дзеці дашкольнага і школьнага узросту з разнастайнымі парушэннямі.

Зоя ХРУЦКАЯ, Алесь ВЫСОЦКІ.

Падрабязней пра льготы бацькоў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, чытайце праз тыдзень.

Фота  maminy-sovety.ru.

←Белорускам впадать в послеродовую депрессию некогда?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика