У Магілёве прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы
Шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы, правялі ў Магілёве 21 лютага гарадская цэнтральная бібліятэка і "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ), пиша БелаПАН.
Як паведаміла загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі Алена Астапава, ва ўстанове прайшоў фестываль "Кніжны свет, дзе сябруюць усе прыслоўі". "Калі летась мы праводзілі толькі дзень беларускай мовы — размаўлялі цэлы дзень на беларускай мове, то цяпер падумалі, што ў Магілёве не толькі беларусы жывуць, але і іншыя народы, для якіх свая мова з'яўляецца любімай і роднай", — сказала Астапава.
Фестываль адкрыўся беларускай літаратурнай гасцінай "У слова роднага роднае карэнне". "Мы запрасілі школьнікаў, для іх чыталі вершы на беларускай мове і гаварылі пра прыгажосць і гучнасць нашай роднай мовы. Запрасілі магілёўскую паэтэсу Тамару Аўсяннікаву", — адзначыла прадстаўнік бібліятэкі.
Затым эстафету прыняла ўкраінская дыяспара. Была праведзена паэтычная гадзіна "Вас вітае Украіна". Прадстаўнікі аб'яднання "Дніпро" прыйшлі ў нацыянальных касцюмах, спявалі песні, чыталі вершы ўласнага складання на ўкраінскай мове пра Буйніцкае поле.
Пра польскую мову гаварылі з прадстаўнікамі Дома польскага і вучнямі школы № 2, дзе вывучаецца гэтая мова. "Ім было цікава паглядзець фільм пра Польшчу, больш даведацца пра польскую мову. Гэта быў жывы дыялог пад назвай "Краіна прыхільнікаў Бога", — сказала Астапава.
З прадстаўнікамі рускай дыяспары з гарадскога аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Рускае таварыства" ішла гутарка пра тое, што інфармацыйныя тэхналогіі спрыяюць засмечванню рускай мовы часта незразумелымі словамі з замежных моў, найперш англійскай.
На працягу ўсяго дня ў бібліятэцы працавала выстава кніг на беларускай, украінскай, польскай і рускай мовах.
Гарадское аддзяленне ТБМ арганізавала ў СШ № 5 лекцыю па гісторыі Магілёва. Падчас яе былі паказаны фотаздымкі, відэаролікі і мультфільм пра паходжанне гербаў абласных гарадоў Беларусі. Затым у бібліятэчным каледжы прайшла вечарына, прысвечаная жыццю і дзейнасці магілёўскага паэта Івана Аношкіна, які памёр месяц таму.
Сумесна з Домам польскім актывісты ТБМ правялі мерапрыемства, прысвечанае ўраджэнцу Чэрыкаўскага раёна Язэпу Ціхінскаму, які жыў на мяжы XIX—XX стагоддзяў. Яго самым значным унёскам у культуру Беларусі з'яўляецца беларуска-польска-рускі слоўнік, які не быў апублікаваны і застаўся ў рукапісным выглядзе.
Паводле слоў кіраўніка магілёўскага аддзялення ТБМ Алега Дзячкова, найбліжэйшым часам у горадзе пройдзе традыцыйная дыктоўка па беларускай мове.