Галоўнае ў рыбалцы — не рыба...

Источник материала:  

Падымацца задоўга да світання, цягнуць грувасткія прылады і цэлы дзень сядзець на марозе — што прымушае аматараў рыбалкі ісці на такія "подзвігі"? Як высветлілася, зусім не рыба.

Ператвараюся ў рыбачку

Я ўстала а палове сёмай раніцы, каб праз гадзіну ўжо ехаць у камфортным "Сітраене" да Мінскага мора. Там мусілі адбыцца спаборніцтвы па зімовай рыбалцы сярод рыбаловаў-аматараў. Са мной былі мой колішні аднакласнік, заўзяты рыбалоў Арцём ды Віктар — мужчына сярэдніх гадоў, таксама аматар рыбалкі і па сумяшчальніцтве кіроўца.

Ехалі цёмнымі яшчэ дарогамі, блукаючы ў прыцемку па лесе. Хлопцы разважалі пра рыбалку. "Я чакаў чаго заўгодна, толькі не Мінскага мора, — скардзіўся Арцём. — Справа ў тым, што месца рыбалкі арганізатары паведамлялі за некалькі дзён да спаборніцтваў — такія правілы. — Там рыба капрызная, яе пашукаць трэба".

Галоўнае ў рыбалцы — не рыба...Я не стала высвятляць, чаму капрызіць рыба на Мінскім моры, бо мы ўжо прыехалі на месца. Навокал з машын выходзілі мужчыны ў поўнай рыбацкай амуніцыі, камбінезонах і куртках, выцягвалі з багажнікаў буры і спецыяльныя скрыні на рамянях. "Зараз я цябе апрану — будзеш сапраўднай рыбачкай!" — заявіў Арцём, дастаючы для мяне мужчынскія гумовыя боты на шнуроўцы, камбінезон і куртку "пад мілітары". "Затое не змерзнеш," — запярэчыў ён у адказ на мой недаверлівы погляд і нясмелае "можа, не трэба?.." Зрэшты, боты сорак другога памеру аказаліся на дзіва лёгкімі і даволі ўтульна (на колькі магчыма так казаць) падышлі на мой трыццаць шосты. Камбінезон я вырашыла ўсё ж не апранаць, прыхапіўшы толькі неабдымную і сапраўды вельмі цёплую куртку.

А рыбак рыбака...

Усе віталіся, размаўлялі — сапраўды, як заўважылі пазней арганізатары, як вялікая рыбацкая сям'я. Рэгістравалі пад нікнэймамі — мянушкамі, якімі рыбакі называюць сябе ў інтэрнэце. Бо і самі спаборніцтвы выйшлі адтуль, з сеціва: удзельнікаў сабраў тут рыбацкі інтэрнэт-форум. Адзін з арганізатараў, Сяргей Шалькевіч, узгадаў, як усё пачыналася: "Чатыры гады таму мы ўтрох — я, Андрэй Звагільскі і Юрый Астроўскі — былі на рыбалцы. І прыйшла ідэя высветліць, хто паміж нас лепей рыбу ловіць. Ёсць жа спаборніцтвы паміж спартсменаў, чаму б не паспрабаваць і нам, аматарам?" Вось так і пайшло: у першы раз сабралася дванаццаць удзельнікаў, потым — усё больш і больш. З гэтай аматарскай суполкі ўжо нават выйшлі прафесійныя спартсмены, якія ўдзельнічаюць у чэмпіянатах краіны і міжнародных спаборніцтвах.

Сёлета да ўдзелу было заяўлена каля пяцідзесяці чалавек. Прыехаў трыццаць адзін. Па словах арганізатараў, для зімы гэта нармальна, а вось улетку рыбаловаў спаборнічае значна больш. А ўвогуле такія спаборніцтвы сярод "не-спартсменаў" праводзяцца чатыры разы на год — у кожную пару. Таму большасць удзельнікаў ужо знаёмыя паміж сабой. Тут збіраюцца людзі рознай адукацыі, прафесій. З часам і геаграфія удзельнікаў пашыраецца: ужо не першы год прыязджаюць рыбаловы з Віцебска. "Людзі імкнуцца сюды не па ўзнагароды, — упэўнены арганізатары. — Некаторыя ведаюць, што не атрымаюць перамогу, але ўсё адно едуць. Рыбалка — гэта хвароба. І стасункі. Бо самае цікавае пачнецца пасля спаборніцтваў: будзем гатаваць юшку, размаўляць".

Лавіся, рыбка!

Арганізатары нагадалі правілы: не перашкаджаць адзін аднаму, не дзяліцца ўловам, не ўжываць алкаголь. Пасля прасігналіў гудок старту... Пайшла і я, і, калі снежны наст праваліўся пада мной і я амаль па калена апынулася ў вадзе, што сабралася падчас нядаўняй адлігі, па-сапраўднаму ацаніла свае непрамакальныя боты.

Як я памылялася, думаючы, што рыбалка — гэта калі шмат гадзін сядзіш на адным месцы, і баішся паварушыцца! Рыбакі забегалі па лёдзе, як спартсмены падчас эстафеты: запрацавалі буры, узрываючы лёд і выштурхоўваючы на паверхню фантаны вады. На свідраванне лунак давалася ўсяго гадзіна, і трэба было паспець зрабіць дастатковую іх колькасць, пазначыўшы кожную аранжавым сцяжком з напісаным на ім нікнэймам удзельніка. Пасля бурэння кожную лунку трэба было "прыкарміць" — закінуць па жменьцы матыля. А потым — хадзіць і правяраць паклёўку, перыядычна падкормліваючы ўяўную пакуль што рыбу. "Усё залежыць ад гульні", — тлумачыў мне Арцём, асцярожна варушачы вудай над лункай.

Галоўнае ў рыбалцы — не рыба......Час ішоў марудна, кожныя дзесяць хвілін здаваліся гадзінай. Арцём распавядаў мне пра "фішкі", на якія ў прамым і пераносным сэнсах бярэ рыба. Час ад часу даносіліся покрыкі рыбакоў: "Што ў цябе?" — "Ды так, пара акунькоў, а ў цябе?" — "І ў мяне з пяток будзе". Суддзі зрэдку прыносілі звесткі: недзе ўжо больш за дзясятак плотак выцягнулі. Але шанцавала не ўсім: нехта не злавіў яшчэ ніводнай рыбкі.

Так мінулі чатыры гадзіны лову, падчас якіх, бегаючы ад лункі да лункі, Арцём вывудзіў каля дзясятка маленькіх акунёў. Нарэшце прагучаў фінішны гудок, і арганізатар Юрый Астроўскі вывез на возера чорныя пластыкавыя сані. "Для майго ўлову і саней не хопіць!" — пажартаваў нехта з рыбакоў. Кожны ўдзельнік падыходзіў з мяшком, у які складваў рыбу, адзначаўся ў спісе і атрымліваў нумар, які таксама клалі ў мяшок. Рушылі на бераг.

Дык вось для чаго сюды ездзяць!

На паляне трэці арганізатар, Андрэй Звагільскі, ужо ва ўсю чараваў над сапраўднай рыбацкай юшкай, што булькатала і пускала густую духмяную пару ў вялікім катле на агні. Людзей на паляне значна паболела: на юшку падцягнуліся цэлыя сем'і рыбакоў з жонкамі і дзецьмі.

Сяргей Шалькевіч дастаў электронные вагі і пачаў узважваць кожны пакуначак. Высветлілася, што пераможца, якім аказаўся Андрэй Герасімчук, налавіў адзін кілаграм сто дзесяць грамаў рыбы, а агульная вага здабычы склала каля пяці кілаграмаў. Пераможца раскрыў мне сакрэт паспяховай рыбалкі: каб злавіць рыбу, трэба як мага больш рухацца, шукаць яе. "Я вельмі рады, што мне ўдалося дасягнуць вяршыні, — падзяліўся ўражаннямі Андрэй. — Але гэта для мяне — хобі. Ва ўсім гэтым знаходжу азарт і яднанне з прыродай".

Пасля ўзважвання — фінальнае пастраенне і ўзнагароджванне — усё, як у вялікім спорце. Пераможцы атрымлівалі ў якасці прызоў рыбацкія прылады, прыкорм для рыбы, медалі. Потым удзельнікі выстраіліся ў чаргу да катла з варывам. Пад размовы, жарты, гучанне спеваў і вершаў пачаставалі сапраўднай юшкай і мяне. І няхай яе зварылі не са свежага ўлову, але яна была такая шыкоўная — наварыстая, духмяная, апетытная, што я зразумела, дзеля чаго варта ездзіць на рыбалку. Пякучая юшка на марозе, вясёлая кампанія аднадумцаў і пачуццё задавальнення. А велічыня ўлову — гэта ўжо другаснае.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Фота аўтара

←«Спецназ» среди лучших

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика