Дома Сумна. Вандроўка чацвёртая. Дуравічы

Источник материала:  
18.02.2013 14:23 — Новости Общества


Што такое жыццё? Гэта манітор камп'ютара? Гэта праца-канапа-сям'я-хоббі-ноч-праца-дзень-ноч-праца-пятніца-цыцкі-бухло? Ці ёсць жыццё за Мінскай кальцавой? А мы — ёсць? Хто мы, дзе мы, навошта мы? А дзе астатнія? І хто тыя астатнія, тыя дзевяць мільёнаў чатырыста шасцьдзесят пяць тысяч і яшчэ два чалавекі? Дзе яны пахаваліся? Мы ідзём шукаць!

 

Падарожжа першае. Івакі 
Падарожжа другое. Кольна 
Падарожжа трэцяе. Жалезнікі 



У Дуравічы (Буда-Кашалёўскі раён) мы трапілі выпадкова, прынамсі, як і на гэты свет (як пісаў Курт Ванегут, адзіным нашым апраўданнем на Страшным судзе будзе тое, што мы нікога не прасілі нас раджаць. Лірыка).

Дуравічы — не адзіная ў РБ вёска з такой назвай. Некалькі год таму (пяць год таму!) вёска Зялёная Вілейскага раёна была перайменавана ў Дуравічы — вярнулі старую назву. Савецкія ўлады палічылі, што назва — не мілагучная, і назвалі вёску Зялёнай. А цяперашнія жыхары і ўлады — за гістарычную справядлівасць і сучасную мілагучнасць.

А тая вёска, куды мы едзем, здаецца, усю дарогу была Дуравічамі, яшчэ, напэўна, з 1492 году. Менавіта такую дату заснавання-засялення вёскі падае мясцовы выканкам. Сакрэт назвы вёскі мы ў мясцовых не выведалі. Адны казалі, што быў тут пан нейкі, Дураў. Але ў гістарычных крыніцах такога ўладальніка вёскі мы не знайшлі. Можа, і быў. Свет вялікі, час доўгі — усё можа быць.

Дома Сумна. Вандроўка чацвёртая. Дуравічы


Дуравічы складаюцца з двух частак — старой і маладой. Другая частка — гэта пасёлак, пабудаваны для чарнобыльскіх перасяленцаў. Мы пераважна блукалі па старой частцы. Неяк некалькі гадоў таму (чатыры гады таму!) адна кабета, якая жыла ў новай частцы (пасёлку) Дуравічаў запаліла сваю хату і сябе таксама. Але сама потым уратавалася і прачнулася пад суседскай лаўкай. Выратавальнікам жанчына патлумачыла, што ёй было сумна, яна жыла адна, і так ужо ёй апастылела такая самотная жытка, што яна вырашыла пайсці з гэтага свету разам з хатай. Жытло згарэла, прычым калгаснае, жанчына засталася на гэтым свеце, але без хаты. І з узбуджанай крымінальнай справай. А не палі дзяржаўную маёмасць! Не, на пасёлак мы не пайшлі.


Як улады аб'ядналі яблыкі-памідоры-свіней-кароў

Паблукаўшы па бязлюдных вулках старых Дуравічаў, вырашылі шукаць людныя месцы. Звычайна ў вёсках гэта крама, пошта, сельсавет, ферма. А вось і ферма.

Дома Сумна. Вандроўка чацвёртая. Дуравічы


Дома Сумна. Вандроўка чацвёртая. Дуравічы


Рэдактар кажа, што здымкі павінны быць дынамічнымі, а не статычнымі. Значыць, трэба хоць якую даярку перадавую сфатаграфаваць на памяць ля кароў. Але даяркі былі пахмурныя, аніяк не хацелі фатаграфавацца, злаваліся, адпраўлялі нас да брыгадзіра, брыгадзір параіла ісці да дырэктара за дазволам сфатаграфаваць хоць адну карову, без даярак. «Але не, дырэктар будзе супраць, едзьце лепш у Акцябр, там добрая ферма, а ў нас тут няма чаго фатаграфаваць, і я не буду, а то мне дырэктар дасць дык дасць за вашы тыя фота», — патлумачыла брыгадзір.

Наогул, на ферме людзі здзіўляліся нашаму візіту, ніхто асабліва і не верыў, што мы журналісты. «Ды якія вы журналісты? Журналісты — яны б сюды не ехалі! Паехалі б у якую перадавую гаспадарку, дзе камп'ютэрамі кароў дояць, а ў нас нават малакаправод толькі нядаўна правялі! Бруд, гной! Чаго вам тут рабіць, едзьце адсюль», — даводзілі працаўнікі фермы.

Дома Сумна. Вандроўка чацвёртая. Дуравічы


Дома Сумна. Вандроўка чацвёртая. Дуравічы


Адзін чалавек адкідаў гной ад кароў, на прапанову распавесці пра жыццё і заробкі ён раззлаваўся. «Я і так жыву ў аварыйнай хаце! А пачну яшчэ гаўкаць — на вуліцы буду жыць, ці ў турму пасадзяць. Вы пабылі ды паехалі, а мне што з таго? Плацяць тут столькі, што часам яшчэ і вінны застаешся, якія заробкі? Едзьце вунь куды так!», — замахаў рукамі на нас чалавек.

Так-сяк мы даведаліся, што заробкі на ферме каля 2 мільёнаў (па словах брыгадзіра), ці каля 1 мільёну (па словах мясцовых). Выратоўваюць становішча фермеры-прыватнікі. Зараз яны плацяць па 50-70 тысяч у дзень, за розную працу ў цяпліцах. Такіх прыватнікаў у вёсцы — тры чалавекі, якія здольныя даць аднавяскоўцам якую-небудзь працу і грошы.

Дарэчы, пра цяпліцы і гародніну, спецыялізацыю сельскай гаспадаркі нам распавёў вельмі дасведчаны мясцовы жыхар. Раней так было у Дуравічах. Была свая гаспадарка (КСУП), якая спецыялізавалася на вырошчванні гародніны. Побач (у Акцябры) была гаспадарка, якая вырошчвала яблыкі. Па словах чалавека, гаспадаркі не былі стратнымі, трымаліся неяк. Але пасля змены раённага кіраўніцтва «нехта разумны» вырашыў аб'яднаць усё і усіх: свіней-кароў-яблыкі-памідоры-малако-цыбулю-мяса.

Выйшла нешта такое, што мясцовыя пабеглі працаваць да прыватнікаў, бо ў роднай гаспадарцы зарабляць нармальна ўжо не атрымлівалася.

«Вось скажыце — вырошчвалі гародніну, купілі новае абсталяванне — і тут трах-бах, усё, нашу гаспадарку далучылі да «Андрэеўкі» (сельскагаспадарчае прадпрыемства), якое спецыялізавалася па свіннях, у Дуравічах закінулі практычна гародніну і пачалі трымаць кароў. У выніку — ні таго, ні іншага, ні надояў, ні гародніны, і заробкі малыя. Толькі ідзі да прыватніка і працуй там. Вяскоўцы за кошт фермераў толькі і выжываюць. Я так мяркую, нехта вельмі разумны гэта зрабіў — там, у раёне, гэтае аб'яднанне», — ахарактарызаваў эканамічнае становішча вясковец.

Па яго словах, і па нашых вачах, у Дуравічах набудавалі «прэзідэнцкіх» домікаў, а вёску назвалі «аграгарадок». Верагодна, планавалася, што сюды рынуць жыць са ўсіх раёнаў — дзеля дармавых домікаў.

Дома Сумна. Вандроўка чацвёртая. Дуравічы


«А ніхто не едзе. Каму тыя домікі трэба? Працуй у гаспадарцы за капейкі, а кінуў працу — выганяюць з доміка. Кажуць, новыя будуць будаваць. Каму? Навошта? Ужо нават у некаторых тых «прэзідэнцкіх» доміках газ ды святло абрэзалі — людзям ці няма чым плаціць, ці п'юць», — здзіўляецца вясковец.


Сакрэт назвы вёскі застаўся сакрэтам :)

Дома Сумна. Вандроўка чацвёртая. Дуравічы


І ўсё-такі, пра назву. Адна кабета-пенсіянерка сказала нам, што «Дуравічы таму, што тут усе дурныя, я не мясцовая, але як пачала тут жыць, дык і я з імі здурэла!». Кабета казала, што ўмее спяваць, але адмовілася прадэманстраваць сваё вакальнае майстэрства. «Чаго я буду вам пець? Хіба я піла, каб пець?», — здзівілася яна.

Пра тое, што ўсе дурныя — няпраўда, я вам кажу. І кажа бабуля Ніна. Яна запрасіла нас дахаты, пачаставала кавай, распавядала пра жыццё-быццё, і, хоць сама таксама «навалач» і «набрыдзень» (панаехаўшыя), але вельмі хваліла вяскоўцаў. Маўляў, людзі добрыя, сардэчныя, дружныя і вясёлыя.

Але і бабуля Ніна не ведала, чаму вёску назвалі Дуравічы, таму прапанавала нам пайсці да дзеда Анціпа, які, маўляў, мясцовы, усю дарогу тут жыве, і ўсё на свеце ведае. Пайшлі. Дзед гуляў з нейкай бабуляй-суседкай у карты і сустрэў нас не вельмі ветліва. Калі спыталіся пра назву вёскі, ён закрычаў: «Чаго вы да мяне прыйшлі? Ідзіце іншых дурных шукайце!». Мы ўжо б і пайшлі, праўда, але тут у хату ўскочыў нейкі хлапчына, гадоў 20, і таксама закрычаў на нас, прычым неяк дзіўна: «Вооооон! Нааааа! Чаго вы прыйшлі, чаго да дзеда прычапіліся?». І паказаў рэзкім рухам рукі, куды менавіта нам трэба. Прэч.

Мы спалохаліся, але сказалі яму, таму грознаму маладзёну, што, маўляў, мы журналісты, і, як доказ, прад'явілі яму пасведчанне, камеру, дыктафон, нататнікі, мабільныя тэлефоны, візітоўкі, квіткі на цягнік, бутэрброды ў заплечніку, вільготныя сурвэткі, пашпарты, пасведчанні пра флюараграфію— усё, што магло пракаціць як наша алібі. Ён трохі суцішыўся, але ўсё-такі прапанаваў нам шукаць канцы назвы Дуравічы «на іншай вуліцы». «Чаго вы па нашай вуліцы ходзіце? Ідзіце на тую вуліцу, і там хадзіце!» Урэшце, нам было ўсё роўна, дзе хадзіць, таму пайшлі на іншую вуліцу.

Дома Сумна. Вандроўка чацвёртая. Дуравічы


Але ў хаты заходзіць было неяк страшнавата. У вушах яшчэ стаялі адгалоскі таго зычнага «Вооооон! Наааа!».

Фотаапарат, напэўна, мы ўзялі дарэмна. Людзі так баяліся той камеры, як быццам верылі, як тыя афрыканскія плямёны, што пасля фатаграфавання страціш душу, ці цела, ці сэрца. Ці хоць што. Яны тлумачылі свае рэзкія адмовы не забабонамі, а што «адно гора будзе ад таго фота, мяне дырэктар потым разарве!» (казала адна кабета). Другі мужчына сказаў, што «я і так у аварыйным доме жыву, а як праўду скажу, ды сфатаграфуюся, дык пасадзяць к сабакам». Можа, там ёсць нейкае месца, дзе садзяць у такую турму — да сабак? Але і сабакі мясцовыя адбягалі ад нас, як толькі бачылі фотаапарат. Толькі адзін згадзіўся застацца ў гісторыі.

Дома Сумна. Вандроўка чацвёртая. Дуравічы


І яшчэ за час вандроўкі мы даведаліся, дакладней, не даведаліся ніводнага прозвішча вяскоўцаў. Свае прозвішчы, як святыні, мясцовыя, верагодна, мужна абараняюць ад навалачаў, чужынцаў кшталту нас. Праўда, адно прозвішча мы хітрасцю, ды выведалі, у аднаго дзеда. Праўда і тое, што дзед той не з Дуравічаў, а быў там праездам.

Дома Сумна. Вандроўка чацвёртая. Дуравічы


Ён прасіў нас прыслаць яму здымак, а мы папрасілі за гэта сказаць адрас і прозвішча. Неахвотна, але прыйшлося дзеду выдаць свае дадзеныя — узамен на фотакартку.

Лірыка. У садружнасці «Ананімныя алкаголікі» ёсць такі прынцып: «Захоўваць нашу ананімнасць ва ўсіх кантактах з радыё, тэлебачаннем, кіно». Такое адчуванне, што многія жыхары РБ, асабліва вёсак, таемна ўступілі ў тую садружнасць, таму і не гавораць ні імён, ні прозвішчаў, а пра жыццё распавядаюць толькі ананімна.


На пагост сваімі нагамі хадзіць нельга

Ля крамы мы сустрэлі дзеда, які не з Дуравічаў, а з суседняй вёскі Мачулішчы. Ён распавёў нам, што раней тэрміну не памрэш, і няма чаго па могілках хадзіць. Бо ён як пайшоў на Радуніцу, галлё прыбраць на матчынай магіле, пасля моцнага ветру паламанае, дык яму голас быў з неба: «Ідзі, чалавек, дахаты, не трэба сюды хадзіць, прыйдзе час — прывязуць, а сваімі нагамі не хадзі сюды». Сведкам такога здарэння быў сабака Жулік, але ён нам не змог пацвердзіць, бо на момант нашай сустрэчы з дзедам быў дома, а не ля крамы.



Яго сусед, з той жа суседняй вёскі, распавёў, што закапалі калодзежы ў Мачулішчах, і няма яму зараз дзе ваду браць.



У момант, калі той чалавек распавядаў на камеру пра хібы жыцця (калодзежы, сметнікі), на дарозе прыпыніўся нейкі іншы чалавек на ровары, у форменнай вопратцы камунальнай гаспадаркі. Уважліва прыслухоўваючыся да размовы, у якой крытыкавалі яго гаспадарку, ён накінуўся на нашага рэспандэнта ледзь не з кулакамі. Маўляў, як ты мог? Навошта ты нас ганьбіш? Чалавек пачаў апраўдвацца, а той камунальнік спачатку крычаў на яго, а потым пачаў ківаць на нас, маўляў, што гэта за грамацеі, што цябе на камеру запісвалі? Настроены ён быў даволі варожа, відаць было, што зараз усю віну за калодзежы ды сметнікі перакладуць на нас, таму мы ў чарговы раз бокам-бокам, ды і збочылі на «іншую вуліцу».

Пабылі мы ў гасцях і ў адной маладой сям'і. Яны, напэўна, толькі таму не адмовіліся з намі пагутарыць, бо жывуць вельмі-вельмі бедна. Напэўна, таму і не баяцца, што губляць па сутнасці ім няма чаго.



Хата іх — беднасць на мяжы з жабрацтвам, і разам з гэтым — ніякіх асабліва нараканняў, а жыхары хаты — не азлобіліся, не ўпалі ў роспач і адчай, нікога не вінавацяць, нічога не просяць, не скардзяцца.

Дома Сумна. Вандроўка чацвёртая. Дуравічы



Чужынцам абед не прадугледжаны

Між тым, хоць і пачаўся Вялікі Пост, але чалавек — такая хітрая і вёрткая мозгам істота, што знойдзе нейкую дзірку ў законе заўсёды. Так і мы: хоць і пост, але ўзгадалі, што некалі недзе чулі, што тым, хто ў дарозе, есці можна. Якраз сустрэлі у Дуравічах будынак з прываблівым для галодных надпісам «Закусачная». Закусім! Хоць гарбаты пап'ём. Але гандлярка сказала, што гарбаты няма, бо няма пітной вады. «Можа, можна набыць у вас ваду, і вы нам гарбату запарыце?» — «Не, няма ў продажу вады. У суседняй краме ёсць, але яна зачынена», — адказала гандлярка.

Пайшлі чакаць, пакуль адчыняць суседнюю краму. Але калі яе адчынілі, і мы набылі бутэльку пітной вады, і прыбеглі, шчаслівыя, назад у «Закусачную», то на гэты раз яна была зачынена. Надоўга. «Да вечара», — паведамілі нам у краме.

Ну, нічога, паядзім у Буда-Кашалёва. Наіўныя. У райцэнтры, у кафэ «Маладзёжным» смачна елі і пілі, відаць, мясцовыя маладыя людзі. Пах смажанай-тушанай бульбы (з морквай, цыбуляй, мясам!) разносіўся па ўсё залі. І нам такую ж страву, ледзь не закрычалі мы. Але буфетчыца, ці хто яна, гаркнула, што паесці можна толькі пасля шасці. Але ж тыя ядуць? «Тыя — свае, а астатнім пасля шасці». Але пасля шасці мы не маглі чакаць, бо цягнік быў у 17.00. Ну, нічога, перажывём. Перажылі ж лета гарачае.

Паедзем дахаты. На развітанне нам нагадаў пра цягнік на Гомель, і ўсміхнуўся паравоз з вагонамі з нейкіх бочак.

Дома Сумна. Вандроўка чацвёртая. Дуравічы


І мы пакрочылі прэч.

Дома Сумна. Вандроўка чацвёртая. Дуравічы


У Буда-Кашалёва мы даведаліся, што зараз брэнд ці слоган гораду такі: «Гонар. Годнасць. Дабрабыт».

Так, у мясцовых людзей ёсць і гонар, і годнасць. Вось толькі дабрабыт... Але над лозунгам будаўнікі рамантавалі дах Дома культуры. Дабрабыту — быць!

Дома Сумна. Вандроўка чацвёртая. Дуравічы




Алена ГЕРМАНОВІЧ

←Юрий Зиссер может подать в суд на Наталью Радину

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика