"Самая танная прыстаўка каштуе 270 тысяч рублёў..."

Источник материала:  

Лічбавае тэлебачанне

Аналагавае тэлебачанне ў Беларусі пачнуць адключаць у другім паўгоддзі. Раней за іншых цалкам пяройдуць на "лічбу" Асіповічы (1 жніўня). У 2014 годзе гэта адбудзецца ў пяці абласных цэнтрах, а да 17 ліпеня 2015 года аналагавы ТБ-сігнал адключаць на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Замест яго беларусы ўжо могуць прымаць да васьмі бясплатных тэлепраграм першага лічбавага мультыплекса, да якіх дадасца яшчэ 28 платных каналаў другога і трэцяга. На пытанні, звязаныя з укараненнем лічбавага ТБ, падчас анлайн- канферэнцыі на сайце Беларускага тэлеграфнага агенцтва ўчора адказвалі першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Іван РАК і намеснік міністра інфармацыі Дзмітрый ШЭДКО. "Звязда" друкуе найбольш цікавыя адказы.

Як атрымліваць камерцыйныя мультыплексы?

"Для падключэння да камерцыйнага лічбавага эфірнага тэлевяшчання неабходна будзе заключыць дагавор з РУП "Белтэлекам", — адзначыў Іван Рак. — Арганізацыя будзе прадастаўляць абаненту лічбавую тэлевізійную прыстаўку ў часовае карыстанне без спагнання дадатковай платы за карыстанне абсталяваннем. Кошт абсталявання будзе ўлічаны пры фарміраванні тарыфаў на паслугу. Абанент, падключыўшы да тэлевізійнага прыёмніка абаненцкую лічбавую прыстаўку стандарту DVB-T2 са смарт-карткай сістэмы ўмоўнага доступу, атрымлівае права прагляду тэлеканалаў згодна з тарыфным планам. Тарыфы на гэтую паслугу будуць супастаўныя з тарыфамі на паслугу кабельнага тэлебачання". Чыноўнік звярнуў увагу на тое, што калі ў абанента ўжо ёсць тэлевізар з падтрымкай стандарту DVB-T2, то дадаткова набываць тэлевізійную прыстаўку няма неабходнасці. Дастаткова набыць або атрымаць у "Белтэлекаме" модуль умоўнага доступу (САM-модуль), з дапамогай якога будзе адбывацца дэкадзіраванне тэлевізійнага сігналу.

Што адбудзецца ў Асіповічах, калі адключаць аналагавае вяшчанне?

Дзмітрый Шэдко растлумачыў, што тэлегледачы, у якіх ёсць дагавор з кабельным аператарам, працягнуць глядзець усе тыя праграмы, якія падаваліся да гэтага. Для Асіповіч не будзе нейкай тэлевізійнай катастрофы, таму што значная частка раёна знаходзіцца ў зоне перакрыцця іншых аналагавых перадатчыкаў. "Таму ў раёне яшчэ некаторы час будзе захоўвацца магчымасць глядзець і лічбавае, і аналагавае вяшчанне. Хоць, вядома, рэкамендуем хутчэй пераходзіць на лічбавае, таму што вечна гэта працягвацца не можа. У нейкі момант аналагавы тэлевізар не зможа больш нічога паказваць".

Колькі каштуе самая танная прыстаўка?

Іван Рак зазначыў, што самая танная прыстаўка каштуе каля 270 тысяч рублёў. Набыць можна ў гандлёвай сетцы і ў аддзяленнях сувязі. Аддзяленні сувязі "Белпошта" пастаўляюць прыстаўкі нават у сельскай мясцовасці. Лепш выбіраць прыстаўкі айчынных вытворцаў, таму што там выконваюцца ўсе патрабаванні. Па словах прадстаўніка Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, "Гіпрасувязь" праводзіць тэсціраванне сваіх прыставак, гарантуецца якасць. "Самае галоўнае, што арганізавана сэрвіснае абслугоўванне. У прыватнасці, "Віцязь" выпускае прыстаўкі, мае па ўсёй краіне сэрвісныя цэнтры. Калі праз аддзяленні сувязі рэалізуюцца прыстаўкі іншых вытворцаў, то праз іх жа прыстаўку можна здаць і памяняць".

Чаму так шмат расійскіх тэлеканалаў у Беларусі і мала ўкраінскіх, польскіх, літоўскіх?

Дзмітрый Шэдко адказаў, што праблема ў моўным бар'еры. "У Польшчы людзі глядзяць тэлебачанне на польскай, у Літве — на літоўскай, ва Украіне — на ўкраінскай і рускай. Хто вызначае, якія каналы ў нас глядзяць? Кабельны аператар, які ўвесь час эксперыментуе, уключае адны каналы, выключае іншыя, глядзіць на рэакцыю гледачоў. Так склалася, што з Расіяй у нас сувязі больш шчыльныя".

Што будзе з рэгіянальнымі тэлеканаламі?

Намеснік міністра інфармацыі сказаў, што значная частка тых тэлеканалаў, якія існуюць у рэгіянальным фармаце, вяшчаюць у сетках кабельнага тэлебачання: "Тут іх ніякім чынам лічбавізацыя нашага эфіру не закране". Колькасць эфірных рэгіянальных каналаў істотна меншая. "Мы для іх цяпер сумесна з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі праводзім распрацоўку лакальных частот, прапрацоўваем магчымасць арганізацыі вяшчання пасля адключэння аналагавага тэлебачання. Для іх пунктам адліку будзе 2015 год, малыя перадатчыкі, я так разумею, адключацца не будуць. Думаю, мы ў спакойным рэжыме за гэтыя два гады ўсе тэхнічныя пытанні адпрацуем, з фарматам вызначымся, — растлумачыў Дзмітрый Шэдко і адназначна запэўніў: — З эфіру яны не знікнуць".

Якая антэна будзе патрэбна для прыёму лічбавага ТБ?

"Для прыёму лічбавага тэлевізійнага вяшчання патрабуецца антэна дэцыметровага дыяпазону", — заявіў Іван Рак і дадаў: — Населеныя пункты, дзе аналагавае тэлебачанне прымалася да гэтага з вялікімі цяжкасцямі, цяпер зможа атрымаць якасны лічбавы сігнал пры наяўнасці ў дамах спецыяльнай лічбавай прыстаўкі".

Ці з'явіцца анлайн-вяшчанне для смартфонаў?

Дзмітрый Шэдко лічыць гэта цалкам верагодным: "Нельга сказаць, што гэта з'явіцца заўтра. Але анлайн-асяроддзе тэлеканалы асвойваюць дастаткова актыўна. У нас ужо нармальная практыка, калі ўсе тэлекампаніі частку сваіх матэрыялаў навінавага характару выкладваюць у інтэрнэт. Гаворка цяпер ідзе пра тое, каб арганізаваць пастаяннае патокавае анлайн-вяшчанне асобных спартыўных мерапрыемстваў і, думаю, па меры таго, як будуць распаўсюджвацца ў краіне смартфоны і планшэты — гэтая тэндэнцыя відаць — яе тэлекампаніі таксама падхопяць".

Колькі тэлевізараў можна падключыць да адной прыстаўкі?

"Для эфірнага лічбавага тэлебачання адзін тэлевізар — адна прыстаўка, без варыянтаў", — катэгарычна зазначыў Дзмітрый Шэдко.

Ці будзе прымаць "лічбу" кінескопны тэлевізар, альбо, акрамя прыстаўкі, патрэбен "вадкакрышталічны"?

"Тое, які тэлевізар (ВК або кінескопны), не ўплывае на прыём лічбавага сігналу. Важна ведаць, пра які тэлевізійны прыёмнік ідзе гаворка: аналагавы тэлевізійны ці лічбавы з убудаваным модулем DVB-T або DVB-T2. Калі гаворка пра апошні, то такі прымае ўсё. Калі аналагавы без гэтых модуляў, то трэба мець прыстаўку для прыёму каналаў у лічбе", — адказаў Іван Рак. А Дзмітрый Шэдко параіў лепей набыць "адразу добры тэлевізар і атрымліваць задавальненне ад прагляду".

Падрыхтаваў Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

←«А из окон Ханок синий-синий»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика