Зямля святога Валянціна

Источник материала:  

14 лютага — дзень, якога рамантычная моладзь з нецярпеннем чакае ўвесь год. Ружовыя сэрцы, мяккія цацкі і шчырыя прызнанні — здаецца нават, гэта прыгатавана ў закаханых яшчэ загадзя. Аднак далёка не кожны ведае, кім насамрэч быў святы Валянцін і куды можна накіравацца ў нас, каб шчыра прызнацца ў пачуццях адно аднаму. Напярэдадні свята закаханых карэспандэнт "Звязды" наведаў адзіны ў Беларусі прыход святога Валянціна. Якая яна, зямля гэтага святога?

Зямля святога Валянціна

Смалявічы — невялічкі райцэнтр на Міншчыне. Вялікай славы ён не мае, але колькі гадоў таму інтэрнэт літаральна запаланіла інфармацыя, што каля тамтэйшага касцёла ўсталявалі бронзавую фігуру святога Валянціна. Пра гэта пісалі інфармацыйныя рэсурсы і ў Расіі, Украіне, а польская версія вядомай анлайнавай энцыклапедыі "Вікіпедыя" ў нататках пра Смалявічы мела толькі адну спасылку — звестку пра бронзавую выяву ўшанаванага моладдзю святога, якую ўсталявалі на ахвяраванні мясцовых вернікаў. "Я працаваў усё лета, і ў верасні скульптура была гатова, — восенню 2008 года ў тэлефоннай размове са мной прызнаўся Яраслаў Філіповіч, аўтар кампазіцыі, былы студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. — Акцэнты, безумоўна, зрабіў на твар і рукі. Галоўным было стварыць вобраз натхнёны, чысты".

Фігуру святога відаць яшчэ здалёк. Летам на гэтым пагорку над невялічкай рачулкай сапраўды прыгожа. Паабапал растуць кветкі, а недалёка ціха шэпчуць старадаўнія дубы. Зараз літаральна ўсё апранута ў снежныя шаты, але ўсё роўна да фігуры святога, які нахіліўся ў блаславенні, заўважаем пратаптаную сцежку. Кажуць, што дакрануцца да рукі святога — добрая прыкмета, якая прынясе шчасце ды каханне.

Між іншым, адзіная ў нашым краі парафія апекуна закаханых і хворых на эпілепсію з'явілася яшчэ ў 1996 годзе дзякуючы задумцы ксяндза Уладзіслава Завальнюка, пробашча мінскай парафіі святых Сымона і Алены.

— Я быў незадаволены тым, што моладзь падчас вяселля едзе кудысьці на курган ці да нейкага дрэва, — узгадвае айцец Уладзіслаў. — Таму я ўвесь час хадзіў з ідэяй, каб моладзь магла прыехаць у Смалявічы, дзе рэгістравалі парафію, бо гэта недалёка — 30 кіламетраў, абвянчацца ці папрасіць у святога Валянціна Божай ласкі, блаславення на ўсё жыццё.

Зямля святога Валянціна

Спачатку людзі маліліся на кватэрах, пасля — у будаўнічым вагончыку, і толькі потым у смалявіцкіх католікаў з'явілася невялічкая, сціплая ўнутры, але ўтульная святыня. На шэрагах лаў ляжаць малітоўнікі, нехта пакінуў футарал ад акуляраў. Айцец Андрэй Квяцінскі, пробашч парафіі святога Валянціна, кажа, што ў нядзелю на набажэнстве прысутнічаюць каля сотні вернікаў, а летам кампанію мясцовым парафіянам складаюць дачнікі, якія кватаруюць літаральна ва ўсіх ваколіцах райцэнтра.

У маладога прыхода малады святар — Андрэй Квяцінскі, чалавек у карычневай расе са спакойным, але ўпэўненым голасам. Святаром стаў амаль 4 гады таму. Вучыўся ў каледжы на майстра лясной гаспадаркі, але вера ў Бога перамагла — забраў дакументы і пайшоў у ордэн капуцынаў.

— Да святарства я прыйшоў крыху банальным спосабам. Напачатку было захапленне роднай мовай, культурай, — узгадвае айцец Андрэй. — Я захапляўся дзейнасцю ксяндза Уладзіслава Чарняўскага з вёскі Вішнева, які, хоць і працаваў у заходняй частцы Беларусі, дзе большасць каталіцкага духавенства служыла літургію па-польску, але актыўна імкнуўся ўжываць беларускую мову. Ужо потым, калі пайшоў вучыцца, пачаў глыбей пазнаваць хрысціянскую веру, яе сутнасць. Цяпер інакш стаўлюся да свайго паклікання.

Упершыню аб прыходзе святога Валянціна Квяцінскі пачуў на пачатку "нулявых". Узгадвае, што касцёл толькі збіраліся будаваць, а людзей на Каляды ў вагончыку было, як селядцоў у бочцы. Аднак тады ён яшчэ не мог паверыць, што гэтае месца стане яго парафіяй.

— Кажу шчыра, спачатку я спалохаўся, — прызнаецца святар, які ўжо з паўгода працуе пробашчам у Смалявічах. — Новага святара адразу ўспрымалі насцярожана, не давяралі. Цяпер, калі пазнаёміўся з людзьмі, страх знік. Вернікі прымаюць цяплей.

— Цікава, а як да чалавека ў манаскай вопратцы ставяцца на вуліцы?

— Часта становіцца страшна за чалавека, які ідзе па вуліцы і так глядзіць на цябе, што можа ўрэзацца ў слуп, — усміхаецца айцец Андрэй. — Бывае, што і з праваслаўнымі блытаюць, аднак гэта не страшна. Па вялікім рахунку, усе ставяцца добра.

Разам з айцом у невялічкай кватэрцы, што ля мясцовай плошчы з традыцыйным помнікам Леніну, жыве яшчэ адзін брат-законнік — Андрэй Шастакоў. Дзень у іх пачынаецца прыкладна а 6 гадзіне раніцы. Спачатку малітва, хуткі сняданак, пасля — набажэнства ў касцёле, хатняя і парафіяльная праца, сустрэчы з вернікамі, увечары зноў малітва, а калі ёсць магчымасць, браты-капуцыны любяць і ў кіно схадзіць.

— На жаль, да нас прыходзіць не так шмат маладых, вянчаў я ўсяго некалькі пар, — з жалем кажа святар. — Здаецца, што большасць нашых вернікаў — гэта тыя, каму каля 50.

— Але ў парафіі з падобнай назвай павінны быць усе перадумовы для працы з моладдзю.

— Назва моцна абавязвае і мяне, і вернікаў. Думаю, трэба нешта зрабіць для працы з сем'ямі, моладдзю. У сучасным свеце паняцце "каханне" настолькі перакручана ў галовах і сэрцах людзей, што яны называюць ім іншыя рэчы. І больш за тое, каханне, якое мусіць прыносіць шчасце, задавальненне, прыносіць шмат расчаравання. Праўда, калі прыняць каханне, пабудаванае на любові Божай, яно будзе здаровым. А калі прымаць каханне як эгаізм і геданізм, раней ці пазней гэта прывядзе да трагедыі.

— Цікава, а вы падчас набажэнстваў часта гаворыце пра каханне?

— Так, аднак не заўсёды ў кантэксце святога Валянціна. Ён знакавая фігура, якая накіроўвае ў тэму кахання. Але справай любові пранізана ўсё навучанне Хрыста. Гэта тэма непазбежная.

Зямля святога Валянціна

Праз паўзу айцец Андрэй дадае:

— Нас, каталіцкіх святароў, часта папракаюць за тое, што мы гаворым пра каханне, але самі не сустракаемся з жанчынамі. Мы шмат бачым знутры тое, што нішчыць сучасную сям'ю. У моладзі ўтылітарны падыход да кахання. Нібы яно павінна быць месцам, дзе чалавек здзяйсняе сябе і толькі сябе.

Добрай традыцыі прыязджаць 14 лютага ў госці да святога Валянціна ў мінчан пакуль няма. Збольшага прыязджаюць мясцовыя маладыя, фатаграфуюцца, аднак, як кажа Андрэй Квяцінскі, у касцёл не заходзяць.

— Безумоўна, з турыстамі трэба працаваць, але калі яны прыедуць, што я буду з імі рабіць? — пытаецца святар. — Для гэтага яшчэ трэба стварыць базу, каб прымаць гасцей. Прыход святога Валянціна пакуль не такі вядомы.

— Але ўсё роўна моладзь у Смалявічах будзе святкаваць гэты дзень, абменьвацца валянцінкамі. Як гэта рабіць правільна?

— Што тычыцца валянцінак, дзякуючы легендзе вядома, што Валянцін, калі знаходзіўся за кратамі, напісаў ліст да сляпой дачкі стражніка і вылечыў яе. Гэты ліст, які гаворыць пра любоў, сведчыць, што любоў, якую прэзентуе святы Валянцін, зусім не такая, якую прымаюць у сучасным свеце. Бо хто зробіць добрае ворагу? Нонсэнс. Святы сапраўды паказвае сваім учынкам хрысціянскую любоў. Адзін з галоўных пунктаў вучэння Хрыста — любоў да ворага.

А што да святкавання, мне хацелася б нейтралізаваць падыход да святога як да гандлёвага брэнда. Гэтым ён падобны да святога Мікалая, з якога зрабілі Санта-Клауса, дзядулю ў чырвоным камбінезоне. А найперш гэта былі людзі, якія чынілі любоў. Валянцін можа шмат выпрасіць, як заступнік на небе, каб каханне маладых стала трывалым і настолькі моцным, што праз 50 гадоў яны будуць святкаваць залатое вяселле.

З а. Андрэем, шчырым рупліўцам пра чысціню кахання, мы развітваемся каля бронзавай фігуры святога Валянціна. Святар глядзіць на бронзавага святога, які нібы загінуў за тое, што таямніча вянчаў маладых у язычніцкім Рыме, і дзеліцца думкай, што пры жыцці ён быў больш магутным, з барадой. Я разважаю крыху пра іншае. Было б насамрэч добра, калі б моладзь у гэты дзень шчыра прызнавалася ў каханні адно аднаму, прыходзіла б у Смалявічах да фігуры святога, але сапраўды не забывалася пра значнасць пачуццяў. Магчыма, гэты іх першы візіт калісьці стане падмуркам моцнай сям'і. Няхай жа святы блаславіць іх на гэта!

Тарас ШЧЫРЫ. Фота Надзеі Бужан. г. Смалявічы.

←Слова о любви

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика