Паштоўкі, якія аб'ядноўваюць
У час правядзення ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу адбылася прэс-прэзентацыя аўтарскага праекта вядомага беларускага філакартыста і краязнаўца Уладзіміра Ліхадзедава
У свой час цыкл публікацый пад такой назвай на старонках газеты "СБ. Беларусь сегодня" быў адзначаны Прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне". Уладзімір Ліхадзедаў за апошнія гады выдаў 13 кніг у межах агульнай серыі "У пошуках страчанага". Аснова ўсіх публікацый — старыя паштоўкі з калекцыі руплівага даследчыка беларускай даўніны.
У час прэзентацыі, якую вёў дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома "Звязда" Алесь Карлюкевіч, сваімі развагамі пра падрыхтоўку, выданне філакартычных альбомаў дзяліўся і дырэктар выдавецтва "Тэхналогія" Вацлаў Багдановіч: "Нам давялося быць выдаўцамі 10 кніг з адмысловай аўтарскай бібліятэкі "У пошуках страчанага". Дзякуючы намаганням Уладзіміра Аляксеевіча, яго шматтысячным філакартычным зборам чытач можа ўявіць сабе Мінск канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, ажыццявіць віртуальнае падарожжа па розных гарадах і мястэчках нашай Айчыны. Апошнія з выданняў звязаны з такімі асобамі, як Тадэвуш Касцюшка, Адам Міцкевіч... І хаця яны нарадзіліся і жылі яшчэ да з'яўлення фатаграфічных паштовак, калекцыянер здолеў стварыць іх вобразы праз выявы помнікаў, гарадоў, вуліц, звязаных з легендарнымі ўраджэнцамі Беларусі... З цікавасцю мы працавалі над кнігамі, прысвечанымі і Айчыннай вайне 1812 года".
Не выклікае ніякіх сумненняў той факт, што цыкл альбомаў "У пошуках страчанага" — выдатная крыніцазнаўчая база для вывучэння гісторыі Айчыны.
Уладзімір Ліхадзедаў выклаў свае меркаванні пра далейшыя шляхі развіцця кнігавыдавецкага праекта, расказаў пра філакартычныя альбомы, якія з'явяцца ў кнігарнях краіны ў самы бліжэйшы час. Дарэчы, два з іх павінны пабачыць свет у Выдавецкім доме "Звязда" ўжо сёлета.
Мікола Берлеж