У Вілейцы выявілі лепшых знаўцаў правілаў дарожнага руху
2 лютага на базе сярэдняй школы № 5 прайшоў раённы этап восьмай абласной алімпіяды па правілах дарожнага руху.
У ім прымалі ўдзел каманды школ Вілейскага раёна. У кожнай – па адным вучню пятага, шостага і сёмага класаў. Адразу ўдзельнікі адказвалі на 10 пытанняў у білеце па правілах дарожнага руху. Потым кожная каманда правярала веды ў конкурсе “Дарожная сітуацыя”.
Перамагла ў раённым этапе каманда сярэдняй школы № 5 Вілейкі.
– Разрыў паміж камандамі быў невялікі, – паведаміў старшы дзяржінспектар аддзялення ДАІ Вілейскага РАУС Сяргей Нікалаевіч. – Добрыя веды правілаў дарожнага руху паказалі як вучні гарадскіх устаноў адукацыі, так і вясковых школ.
Сярод пяцікласнікаў лепшыя веды паказала Дар'я Буцер з Вілейскай гімназіі №2, паміж шасцікласнікаў – Аляксей Кляўдо з сярэдняй школы №5 Вiлейкі. З гэтай жа школы пераможца сярод сямікласнікаў – Ілья Брыль.
Лепшыя з юных знаўцаў правілаў дарожнага руху прымуць удзел у абласной алімпіядзе, якая пройдзе ў Валожынскім раёне.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота http://sin-2008.blog.tut.by/