«Справаводства па-беларуску!» заклікае беларускія футбольныя клубы часцей карыстацца роднай мовай
Напярэдадні чэмпіянату Беларусі па футболе, які пачнецца 30 сакавіка, грамадзянская ініцыятыва «Справаводства па-беларуску!» звярнулася да футбольных клубаў з прапановай пашыраць выкарыстанне беларускай мовы.
Актывісты прапануюць кіраўніцтву клубаў пісаць па-беларуску прозвішчы гульцоў на спартыўным адзенні, праводзіць на роднай мове гукавое і візуальнае суправаджэнне матчаў, а таксама прэс-канферэнцыі, стварыць версіі сайтаў клубаў на беларускай мове.
Як паведаміў БелаПАН каардынатар ініцыятывы «Справаводства па-беларуску!» Ігар Случак, футбол у Беларусі — гэта спорт, які прыцягвае шмат людзей, уплывае на фарміраванне патрыятычнага складу характару, любові да радзімы, аб'ядноўвае народ — беларусаў, родная мова якіх — беларуская.
«Рэалізацыя нашых прапаноў не пацягне вялікіх матэрыяльных затрат з боку клубаў, але дазволіць павысіць патрыятызм сярод беларусаў, пашырыць выкарыстанне роднай мовы, павялічыць цікавасць да чэмпіянату», — лічыць каардынатар грамадзянскай ініцыятывы.