ЯКОЕ ЗНАЧЭННЕ ДЛЯ ВАС МАЕ МАСТАЦКАЕ АЗДАБЛЕННЕ КНІГІ?

Источник материала:  
Алена ТАЛОЧКА, архітэктар, маці, кіраўнік дзіцячых груп "АртДэпоСтудыі", г. Мінск:

ЯКОЕ ЗНАЧЭННЕ ДЛЯ ВАС МАЕ МАСТАЦКАЕ АЗДАБЛЕННЕ КНІГІ?— Я пачала збіраць дзіцячыя кнігі амаль 10 гадоў таму менавіта з-за іх шыкоўнага мастацкага афармлення. Гэта былі кнігі з ілюстрацыямі вядомага беларускага графіка Паўла Татарнікава. Цяпер я ўжо маці, і акрамя мастацкасці афармлення мяне цікавіць і паліграфічная якасць выдання. Мне хочацца адзначыць, што зараз вельмі шмат цікавых, сучасных па змесце і якасных кніг, але большасць з іх — расійскіх выдавецтваў... Чаму? У Беларусі вельмі шмат выдатных мастакоў-графікаў, якія працуюць з дзіцячай ілюстрацыяй: Тамара Шэлест, Павел Татарнікаў, Ігар Гардзіёнак ды іншыя. Не ведаю, можа, ілюстратар проста не сустрэўся з дызайнерам, дызайнер з маркетолагам, а маркетолаг з чытачом?.. Як бы там ні было, хочацца, каб па-мастацку аздобленых беларускіх кніг стала больш.

Віталь ПЯТРОЎ, спецыяліст па маркетынгу фірмы вымяральнага абсталявання, г. Віцебск:

— Для кніг, уласна, як і для іншых тавараў, вельмі важным параметрам з'яўляецца першае ўспрыманне пакупніка. Таму калі за кнігу на паліцы вока не зачапілася, то малаверагодна, што ёй хто-небудзь зацікавіцца і купіць, а потым яшчэ і прачытае. Заўжды прыемней трымаць у руках кнігу з якаснымі каляровымі ілюстрацыямі і вокладкай. Пакуль мне не падарылі збор твораў Амара Хаяма ў падарачным выданні, мне і чытаць яго асабліва не хацелася. Хоць і меў аналагічную кнігу ў просценькай мяккай вокладцы.

Людміла ІВАНОВА, галоўны дызайнер паліграфічнага прадпрыемства "ПОЛІПРЫНТ", г. Мінск:

— Я як прафесіянал адназначна звяртаю ўвагу на мастацкае афармленне кнігі. Але нават абывацель, які не ведае асаблівасцяў, як кніга робіцца, адназначна зверне ўвагу на прыгажосць кнігі. Таму што мастак, які працуе над ілюстрацыяй, укладвае ўсю сваю душу, эмацыйныя перажыванні. Але важна, каб кніга была і зручная для чытання, каб быў добры шрыфт, добрая папера, каб была зручная навігацыя, каб было зразумела, дзе пачатак, дзе канец кнігі, дзе якія раздзелы. Акрамя таго, мы ўсе цудоўна ведаем, што ёсць кнігі, якія для таго і патрэбны, каб іх на канапе пачытаць. А ёсць тыя, якія маюць відавочную мастацкую каштоўнасць. І калі чалавек яе купляе, ён разумее, што ў метро яе чытаць не будзе. Такую кнігу прыемна паставіць на паліцу, перадаць у спадчыну дзецям, таму што такая кніга — твор мастацтва. Сёння, на жаль, кнігі цэняцца не так, як раней, усё захліснуў інтэрнэт. Але ўсё роўна, усё вернецца да таго, што добра аформленыя кнігі будуць цаніцца, як карціны ў музеі. Тым больш што ў Беларусі ёсць вельмі магутная школа кніжнай графікі, з вялікай гісторыяй, ёсць прафесіяналы.

Падрыхтавала Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

←Картинки жизни деревни Рубель

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика